Книга Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - читать онлайн бесплатно, автор Лявон Эдвардавіч Карповіч. Cтраница 2
bannerbanner
Вы не авторизовались
Войти
Зарегистрироваться
Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі
Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі
Добавить В библиотекуАвторизуйтесь, чтобы добавить
Оценить:

Рейтинг: 0

Добавить отзывДобавить цитату

Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі


Бог зьвяртаецца да Марыі, каб празь Яе рэалізаваць свой адвечны плян. Чакае Яе даверу. Дыялёг, які вырашыў лёсы сьвету, стаў адной з найпапулярнейшых тэмаў у хрысьціянскім мастацтве ўсіх часоў.

Таямніца Увасабленьня, пачаткам якога ёсьць Дабравесьце, зьмяшчаецца ў сэрцы хрысьціянства. Адвечнае Слова, Сын Божы, сапраўдны Бог прыймае чалавечую прыроду, каб чалавек меў удзел у прыродзе Бога. Адбываецца гэта праз пасрэдніцтва Жанчыны, адаранай чалавечай свабодай.


«Дабравесьце» на паштовай марцы Польшчы, надрукаванай у 1960 годзе. Дэталь гатыцкага алтара працы Віта Ствоша ў Марыяцкім касьцёле ў Кракаве.


Барталаме Эстэбана Мурыльё, «Дабравесьце» на марцы пошты Выспы Кука 1975 года. Музэй Прада, Мадрыд, Гішпанія


«Дабравесьце» на марках краін Анцігуа і Барбуда (1991 г.), (Фра Анджэліка) і Парагваю (1975 г.), (Андрэа дэла Робі)


На карціне Эль Грэка, напісанай у 1614 годзе, адсутнічаюць элемэнты архітэктуры, якія ёсьць на іншых карцінах. Тут усю карціну займаюць нябесныя постаці. Дабравесьце паказваецца як зьява панадчасовая. Нават постаці Марыі і Анёла выцягнутыя, здаецца, што яны ўзносяцца ў паветра. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае надпрыродную прычыну зачацьця.


Рэпрадукцыя карціны Эль Грэка «Дабравесьце» на марцы пошты Гвінэі Экватарыяльнай, выдадзенай у 1972 г.


Фігура Духа Сьвятога, зыходзячага на Марыю ў выглядзе галубіцы, становіцца цэнтральнай. Аточаны Ён бляскам, напамінаючым ясны агонь. На Ім канцэнтруецца ўвага, бо Ён вінавайца адбываючагася цуду.


Эль Грэка, «Дабравесьце» на блёку Мазамбіку, выдадзеным у 2001 годзе


Эль Грэка, мастак родам з Крыту, зьяўляецца аўтарам не менш дзесяці карцін пад назвай «Дабравесьце». Працаваў над сваімі карцінамі ў Вэнэцыі, Рыме і Гішпаніі. Яго карціны нельга зблытаць з працамі іншых мастакоў нават недасьведчанаму чалавекку.

Праўда ёсьць такая, што пораўні людзкі як і боскі памер таямніцы Дабравесьця ўвесь час зьдзіўляе, прамаўляе да сэрца і зьмяняе тых, каторыя ведаюць пра гэту таямніцу, над гэтай таямніцай задумваюцца, хочуць і гатовыя зьмяняцца.

Але, ці хочам гэтага мы? Ці знаходзім мы для гэтага час?

Сустрэча Марыі і Елісаветы

«І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада» (Паводле Лукаша 1:39—45).


Сустрэча Марыі і Елісаветы. Тынтарэтта, 1588 г. Марка Грэнады 1996 г.


Сьвяты Ян Хрысьціцель, які пазьней прадказваў прыход Збаўцы, зрабіў гэта першы раз у лоне сваёй маці. Яго ўзварухненьне паслужыла прычынаю, што Елісавета з дапамогай Духа Сьвятога распазнала ў Дзіцятку Збаўцу і укленчыла з пакораю перад Марыяй.

Такім чынам Елісавета стала першым чалавекам, якая абвясьціла Божай Маці яе будучыню.


Сустрэча Марыі і Елісаветы на марцы Парагваю (1971 г.). Рэпрадукцыя карціны Барталамэўса Цайтблома (Bartholomaeus Zeitblom). І на марцы Нігера (1984 г.).рэпрадукцыя карціны Даменіка Гірландайё


Cловы прывітаньня Елісаветы ўвайшлі ў склад вядомай хрысьціянскай малітвы, званай Песьня Найсьвяцейшай Багародзіцы. У адказ Дзева Марыя прамовіла велічны падзячны гімн, які пачынаецца са слоў: «…праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім» (Паводле Лукаша 1:46—48).


Выява карціны Рафаэля «Сустрэча Марыі і Елісаветы» на блёку краіны Сэнт-Вінцэнт і Грэнадзіны (2012 г.)


Дом Елісаветы і яе мужа Захарыі знаходзіўся ў Аін-Карыне (Вясна ў вінаградніку), маляўнічым прыгарадзе на захадзе Ерусаліма. Ён быў вядомы ў бізантыйскі пэрыяд, як горад Юдэі, які згадваецца ў Новым Запавеце (Лукаша 1:39). Гэта была радзіма Яна Хрысьціцеля, які абвясьціў аб прыходзе Ісуса Хрыста і хрысьціў яго ў рацэ Ярдан.


Сустрэча Марыі і Елісаветы на марцы пошты Астравы Кука (1976 год) і на марцы пошты Емэну (1969 г.).


«Сустрэча Марыі і Елісаветы» – мастак Vleughels Nicolas – марка Сьерра Леонэ (1994 г.). З маркі Ліхтэнштэйна (2010 г.) з капліцы Марыя-Хілф невядомага аўтара даведваемся, што на сустрэчу Марыю прывёз Язэп. На марцы пошты Кіпру (1985 г.) рэпрадукцыя карціны мастака Ларэнца Лота (Lorenzo Lotto)


На горным схіле знаходзіцца царква Адведзінаў, якая належыць да ордэна францішканаў. Яна была пабудаваная на месцы, дзе знаходзіўся дом Елісаветы, маці Яна, які наведала Марыя.


У 2000 годзе пошта Ізраіля выпусьціла марку, на якой разьмешчаны відарыс царквы Адведзінаў у Аін-Карыне


Існуючая царква была пабудаваная ў 1955 годзе пасьля археалягічных раскопак на месцы папярэдняй царквы па праекце, распрацаваным вядомым італьянскім архітэктарам Антоніо Барлузі (Barluzzi), па-майстэрску ўпрыгожаная і ўтрымоўвае рэшткі старажытных пабудоў. Фасад Царквы ўпрыгожаны мазаікай, на якой адлюстраваны візыт Марыі, а сьцены дворыка ўпрыгожаны фарфоравымі таблічкамі з словамі Малітвы Марыі праслаўленьне Бога – Magnificant – «Праслаўляе душа мая Госпада…» на розных мовах.


У Аін-Карыне знаходзіцца Горненскі манастыр, дзе ўшаноўваецца Ікона «Цалаваньне Божай Маці і Елісаветы». Пошта Расіі на марцы 2004 года адлюстравала гэты манастыр і Ікону


«Даведаўшыся, што Марыя чакае дзіця, Язэп хацеў пакінуць Яе патаемна. Як чалавек вельмі добры, ён не хацеў аддаць Яе на зьнявагу і пакараньне згодна з суровым Законам. «Калі ж надумаў ён гэта, – вось, анёл Гасподні сьне явіўся ў яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Сьвятога; і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе Сваіх людзей ад грахоў іхніх» (Мацьвея 19—21).

Што зрабіў Язэп, пачуўшы гэта?

«Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю і ня знаў Яе, нарадзіла Свайго першароднага Сына пакуль, і Ён даў Яму імя: Ісус» (Мацьвея 1:24,25).

Нараджэньне Сьвятога Яна Хрысьціцеля

З глыбінь мінулага, з мрокаў ананімнасьці Бог здабывае чалавека і ўключае яго ў рэалізацыю сваіх незвычайных плянаў. Так было зь Янам Хрысьціцелем і яго сям’ёй. Бог паклікаў яго, каб ён абвясьціў прыход Збаўцы і падрыхтаваў яўрэяў да Яго прыходу. Сам Ісус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысьціцеля». Менавіта, дзякуючы гэтым словам Хрыста, вакол Яна Хрысьціцеля, якога называюць таксама Папярэднікам, разьвіўся моцна ажыўлены культ.

Нарадзіўся Ян Хрысьціцель у Аін-Карыне (Юдэя) за паўгоду да нараджэньня Хрыста. Яго бацькамі былі юдэйскі сьвятар Захарыя і Елісавета. Нараджэньне Яна Хрысьціцеля прадказаў Арханёл Габрыэль, які аб’явіўся Захарыі, калі той складваў ахвяру ў сьвятыні. Паколькі стары Захарыя не паверыў, што стане бацькам у такім узросьце, Арханёл учыніў так, што Захарыя анямеў ажно да нараджэньня дзіцяці.

У 1979 годзе пошта Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна прысьвяціла сэрыю марак з выявамі панэляў, якімі дэкаравана купель Яна Хрысьціцеля у Баптыстэрыі ў Сіене. Адна зь іх прысьвечана падзеі, якая адбылася з Захарыям ў Сьвятыні.


На марцы (1979г.) бронзавая панэль Якопа дела Квэрча (Jacopo della Quercia (1428—29)) «Аб’яўленьне Захарыі»


Калі хлопчык нарадзіўся, родныя хацелі назваць яго так, як бацьку, Захарыем, але Елісавета настойвала на тым, што сына трэба назваць Янам. Гэта пацьвердзіў і Захарыя, напісаўшы імя «Ян» на паперы, і ў гэтую хвіліну да яго вярнуўся дар мовы.


Яшчэ адна марка Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, выдадзеная ў 1979 г., адлюстроўвае барэльеф «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» на бронзавай панэлі Якопа дела Квэрча


Ян – ад габрэйскага біблейскага імя Johanan («Бог ёсьць міласэрны»). Гэтае імя – самае папулярнае сярод благаславёных і сьвятых, агульная лічба якіх перавышае дзьве сотні.


У 2004 годзе пошта заходнеафрыканскай краіны Сьера Леонэ выпусьціла паштовы ліст, прысьвечаны 300-годзьдзю Санкт-Пецярбургу «Мастацкія скарбы Эрмітажа». На адной з марак дэталь карціны Тынтарэта «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» (1554 г.)


Тынтарэта вельмі дакладна паказаў сцэну, якая ўзьнікае ў доме з зьяўленьнем на сьвет маленькага чалавека.

У вялікім пакоі, дзе ў глыбіні пад полагам стаіць ложак парадзіхі, клапоцяцца жанчыны. Далёкім ад агульнага хваляваньня застаецца толькі бацька Яна, Захарыя, які абліччам нагадвае сівавалосых і натхнёных прарокаў. Ні на каго ня гледзячы, ён стаіць у баку, прыклаўшы рукі да грудзей і падняўшы погляд да нябёсаў; яго аблічча ўвасабляе пакорлівасьць волі Бога.


Рэпрадукцыя карціны. Захоўваецца ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу.


Увага жанчын паглынутая нованароджаным, якога ўзяла на рукі Марыя. Яе адрозьніваюць ад іншых ледзь прыкметнае зьзяньне вакол галавы і традыцыйны колер адзеньня – чырвоная сукенка і сіні плашч. Да дзіцяці схіляецца карміцелька, а служанкі занятыя сушкай і падрыхтоўкай пялёнак. На падлозе таз з вадой, жароўня з вуглямі, рыжы кот падпільноўвае бесклапотна разгульваючую курыцу.


«Немаўля Хрыстос і Ян Хрысьціцель з ракавінай». Барталомэ Эстэбана Мурыльё (1675—80. Музэй Прада, Мадрыд). Блёк пошты Антыгуа і Барбуды (1995 г.)


Яшчэ ва ўлоньні маці Хрысьціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасьць Мэсіі. Гэтая сустрэча нясе глыбокі сэнс. Ян Хрысьціцель як бы прадбачыў небясьпекі і жудасную несправядлівасьць якія выпадуць на долю Хрыста і будуць прасьледваць чалавецтва.


Фернанда Яньес (Fernando Yáñez, 1489—1536), «Багародзіца са Сьвятой Ганнай і Cьвятой Елісаветай». Блёк Грэнады (2000 г.)


У Бібліі няма згадкі пра тое, што ў дзяцінстве Хрыстос і Ян сустракаліся. раўда, пры яго зьяўленьні на сьвет прысутнічала Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Але ў творчасьці вельмі многіх мастакоў, як бачым, ёсьць карціны, дзе Хрыстос і Ян разам.

Па паданьні слых пра нараджэньне Яна Папярэдніка дайшоў да цара Ірада і, калі прыйшлі ў Іерусалім вешчуны з пытаньнем пра тое, дзе знаходзіцца Цар Юдэйскі, які нарадзіўся, Ірад успомніў пра сына Захарыі, выдаўшы загад на забіцьцё немаўлятак, паслаў забойцаў і ў Іутту. Захарыя ў той час зьдзяйсьняў служэньне ў храме, а Елісавета схавалася з сынам у пустэльні. Забойцы запыталі ў Захарыі, дзе схаваў ён сына. Захарыя адказаў, што зараз ён служыць Богу і ня ведае, дзе яго сын. Яго забілі, пра што ўспамінае Бог у Сваім звароце да фарысэяў: «Каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авэля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам» (Паводле Мацьвея 23:35).

«Нараджэньне Яна было падрабязна апісана. У апісаньні ёсць адна дэталь, якая ў Эвангельлі будзе часта паўтарацца. Анёл сказаў напалоханаму Захарыю: «Ня бойся!» Гэтае самае падбадзёрваньне не раз пачуюць Апосталы. І сёньня Касьцёл чуе яго і з надзеяй паўтарае ўсім людзям.

Ніводзін з нас не зьяўляецца ў сьвеце безыменнай шасцярэнькай. Бог ведае кожнага з нас па імені і ўсё пра нас. Кожнага з нас праз хрост Ён далучае да свайго існаваньня – адорвае надзеяй вечнасьці. Давайце ж не будзем баяцца!» – кажа, зьвяртаючыся да нас, ксёндз Яраслаў Грынашкевіч.

Сёньня, калі жыцьцё ва ўсіх сваіх праявах надзвычайна ўскладнілася, словы «Ня бойся!» актуальныя для нас, як ніколі.

Нарадзіўся вам сёньня Збаўца

Слова сталася целам і пасялілася між намі.

Паводле Яна 1:14

Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем.


У 1981 годзе пошта Вялікабрытаніі выпусьціла сэрыю марак «Каляды вачыма дзяцей». На адной зь іх Язэп і Марыя набліжаюцца да Віфлеему


Ад Назарэту да Віфлеему было болей двухсот кілямэтраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую цяжкую для падарожжа, нават здаровым і сільным, Самарыю. Якая адважная была Марыя!


На марцы Новай Зэляндыі, надрукаванай у 2000 годзе, цяжарная Марыя на осьліку ў суправаджэньні Язэпа вандруюць па Самарыі да Віфлеему. Галаву Марыі ахінае німб, Язэп пяшчотна глядзіць на жонку


Мастак Пітэр Брэйгель (Нідэрлянды, Фляндрыя) у 1566 г. намаляваў карціну «Перапіс у Віфлееме» (Брусэль. Каралеўскі музэй вытанчаных мастацтваў). Пошта Бэльгіі ў 1969 г. выпусьціла марку, на якой вылучыла з карціны дэталь – Язэп з Марыяй, якіх цяжка знайсьці на карціне недасьведчанаму гледачу


Маленькі пахілены чалавечак вядзе за сабой осьліка, на якім сядзіць кабета ў зялёнай накідцы. Ніхто на іх не зьвяртае ніякай увагі. Ніхто не здагадваецца, што тут народзіцца Сын Божы.

І, пакуль сям'я змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.


Пошта Панамы на марцы (1997 г.) адлюстравала, як Марыя і Язэп шукаюць жыльлё ў Віфлееме


Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Так Бог умілаваў сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бессьмяроцьця: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).


У 1986 годзе пошта Германіі выпусьціла марку і картмаксімум з відарысам Ортэнбергерскага Алтара (Ortenberger) з 1430 г.


Цудоўны вобраз укленчанай Марыі ў ціхім ушанаваньні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаваньне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай Глорыяй, згодна са словамі Сьвятога Пісьма: «Якога парадзіла і ўшанавала…». Дзіцятка, лежачы ў ясьлях з правай рукой у жэсьце бласлаўленьня, сымбалізуе Боскасьць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэньня. Паказаная далей стайнячка, вельмі ўбогая, сымбалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе «зацьверджана навекі», Які збудуе «новы дом».


Люстраное адбіцьцё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчыю. Грудзяцкі Алтар (каля 1390 г.), Нарадовы Музэй ў Варшаве


Дзень Божага нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім. Сама падзея нараджэньня Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Эвангельлях Мацьвея (1:18—25) і Лукаша (2:1—7). Людзкая набожнасьць патрабавала больш шырокага апісаньня Божага Нараджэньня. Гэта прывяло да шматлікіх проб адлюстраваньня гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да паштовых марак, якія выпускаюцца ва ўсіх краінах сьвету. На марках зьяўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Бэрніні і Пусэна, Рэмбрандта і Караваджа, Бацічэлі і Брэгеля, Іванова і Шагала…

Першая марка, прысьвечаная Божаму Нараджэньню, зьявілася 7 сьнежня 1898 года і дала пачатак новай тэме ў філятэліі. З таго часу колькасьць марак, прысьвечаных Божаму Нараджэньню, вырасла да тысяч і выдаецца поштамі усіх краін сьвету.


Божае Нараджэньне на марцы пошты Парагваю з 1971 г. з выявай карціны Конрада фон Суста (1404 -?) (Konrad von Soest)


У першай палове XV стагодзьдзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэньня Хрыста, якая атрымала назву «Ушанаваньне Дзіцяткі». Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсьця Ісуса на сьвет.


Карціна, намалёваная мастаком Антоніа Карэджа (1489—1534) адлюстравана на адным з самых вялікіх блёкаў (173х235 мм), які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе


«Каляды – дзіўныя дні, незвычайныя. Быццам адкрываецца ў гэты час неба, адмыкаецца зямля, а ўсё тое іншае, нябачнае выпускае на сьвет белы сваіх насельнікаў». Тацяна Валодзіна.


Першая беларуская марка, прысьвечаная нараджэньню Ісуса Хрыста, надрукавана 23 сьнежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядаваньня на Сьвята Божага Нараджэньня, калі каляднікі ў калядных строях з Віфлеемскай зоркай абходзяць дамы з Каляднымі песьнямі


Сьвяты час Божага Нараджэньня злучае нашы думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю міласьці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасьцю, якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласьць да людзей, каторую абьявіў у сваім Сыне. Адбываецца гэта пры адной умове: мы павінны гэтага моцна хацець.

«Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.

Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багацьцем.

Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асьвячаць кожнае месца.

Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.

Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсумніўся ў Маёй любові.

Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асьвяціць усялякую рэчаіснасьць, ахутаную цемрай.

Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.

Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.

Нарадзіўся, церпячы перасьлед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасьці.

Нарадзіўся ў беднасьці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.

Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцьці, гаворыць Бог, каб усіх людзей прывесьці да дома Айца».

Пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса

Вакол Бэтлеема раскінуліся прасторныя пашы, дзе ў час нараджэньня Ісуса пастухі ноччу вартавалі свае статкі, каб які зьвер каб які зьвер не ўбіўся ў статак і не нарабіў шкоды. «Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях» (Лукаша 2:8—11).


Так гэта падзея адлюстраваная марцы Грэнады, выдадзенай у 1977 годзе і на марцы Гішпаніі, выдадзенай у 1972 г.


Так пастухі сталі першымі.

«І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога ізаклікаючы: слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля» (Лукаша 2:12,13).


«Войска нябеснае» на марцы Сэнт Вінсэнта (1997 г.) і Грэцыі (2000 г.)


Людзі па прадказаньню прарокаў з нецярпеннем чакалі прыходу Мэсіі. Таму не дзіўна, што пастухі, пачуўшы такую навіну, пакінуўшы статак, пабеглі ў Бэтлеем.

«Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях» (Лукаша 2:14,15).


«Сьвятая сямья». Карціна Тыцыяна на марцы Новай Зэляндыі (1963 г.)


Сцэны зьяўленьня анёла і нябеснага воінства пастухам і наведваньня пастухамі Дзіцяткі адлюстравана многімі мастакамі ў сваіх творах, што, у сваю чаргу, надрукавана на паштовых марках розных краін.

У глыбіні карціны, калі прыгледзецца, убачым анёла, які абвяшчае добрую навіну пастухам, а на пярэднім пляне адзін з пастушкоў ужо падзіўляе Дзіцятка.


Пошта Аўстраліі на прыгожым блёку ў 2013 годзе адлюстравала карціну мастака Пола Ньютана, на якой пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса падзіўляюць Дзіцятка


А калі ўбачылі, то расказалі ўсім, адкуль яны даведаліся, што нарадзіўся Хлопчык. Усе, пачуўшы гэта, былі вельмі зьдзіўленыя тым, што пастухі расказалі ім. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім. Вярнуліся пастухі да свайго статку, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны чулі і бачылі, у адпаведнасьці з тым, што ім было сказана.


Пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса на марках Мадагаскара (1984 г.) і Ауцітакі (1988г.)


Сцэну наведваньня пастухамі Дзіцяткі намаляваў у сваёй працятай трапятаньнем карціне Карэджа (1489—1534) італьянскі жывапісец Высокага Адраджэньня. Немаўля Хрыстос азорвае карціну чароўным сьвятлом, сьвятлом гэтак яркім, што жанчына ля яго прымушана засланяць вочы ад гэтага асьляпляльнага зьзяньня. Кій пастуха вядзе погляд гледача ў глыб кампазыцыі, накіроўваючы яго ўгару да анёлаў, якія ў сваю чаргу, паказваюць уніз на Немаўля.


У 1967 годзе пошта Англіі таксама выдала марку з яскравым малюнкам, прысьвечаным наведваньню пастухоў