Виктор Правдин
Танцавальны марафон
Бацьку Аляксандру Рыгоравiчу Праўдзіну прысвячаю
1
Завiруха цэлы тыдзень трымае перадсвяточны Мiнск у сваiх пякуча-халодных абдымках. Як састарэлая нявеста моцна трымае ў руках маладога жанiха, так i яна, завiруха, з нейкiм шалёным свавольствам учапiлася ў гарадскiя вулiцы i плошчы. Гурбы снегу паўсюль. Пранiзлiвы вецер адчувае сваю сiлу i,быццам гуляючы, перасоўвае гурбы з аднаго месца на iншае, засыпае вокны i дзверы ў дамах, правяраючы iх на трываласць. А ў падваротнях вецер спявае аднаму яму вядомую нудлiвую, журботную песню.
На Саборным пляцы iдзе падрыхтоўка да Новага года. Мiнскi губернатар, князь Вiктар Арыстархавiч Друцкi-Сакалiнскi, ладзiць баль.
Дзесяць барадатых дворнiкаў з рання да вечара ссоўваюць з пляца абрыдлы снег i, пазiраючы на хмарнае неба, лаюць непагадзь. Лаюць без злосцi, бо, як нi кiнь, а работа для iх звычайная i прыбытковая. Па-першае, князь абяцаў добра заплацiць, а па-другое, што не менш важна, штогадзіну хтосьцi з княжаскай чэлядзi выносiць кожнаму па добрай чарцы гарэлкi i няхiтрую закуску: сала з хлебам i салёным гурком.
У дзесяць гадзiн вечара пачалi з’язджацца госцi. Неяк разам з галоўных вулiц i шматлiкiх завулкаў пацягнулiся да губернатарскага дома санныя карэты, пратарахцела, пужаючы коней, машына, што невядома адкуль з’явiлася.
Генерал-губернатар, маладжавы i рухавы, апрануты ў новы мундзiр, на якiм блiшчэлi розных памераў ордэны i крыжы, асабiста сустракаў гасцей. Але вось зайгралi музыкi-аркестранты, i ён цырымонна запрасiў на танец чарнявую прыгажуню ў белай сукенцы, выйшаў на сярэдзiну вялiкай залы. Баль пачаўся. Цяпер сустракаў гасцей высачэзны, двухмятровы, напышлiвы дварэцкi. Ён усё радзей i радзей грукаў па падлозе вялiкiм палiраваным кiем з блiскучым набалдашнiкам i абвяшчаў тых, хто спазнiўся. Без чвэрцi дванаццаць вяшчальнiк грукнуў апошнi раз i грамавым басам абвясцiў:
– Граф i графiня Аляксандравы з сынам i дачкой.
Да пачатку новага 1910 года заставалася некалькi хвiлiн. У зале панавала цiшыня, толькi дзе-нiдзе дзынькала шкло. Усхваляваныя госцi, урачыста трымаючы ў руках бакалы, чакалi. I вось забiлi званы: раз, другi… пяты… дванаццаты. Грымнулi стрэлы, i адразу неба засвяцiлася пурпурна-лiловым, белым, зялёным колерам. Зазвiнелi бакалы, зайграла музыка, баль працягваўся.
Граф Аляксандраў-малодшы не стрымаўся, паглядзеў на гадзiннiк: да прызначанай сустрэчы заставалася сорак хвiлiн. Ён скоса зiрнуў на бацьку, мацi, выпiў шампанскае i, не ведаючы, куды дзець бакал, пасунуўся да выхада. Малады граф трымаўся так, каб не прыцягваць увагу бацькоў, зрэшты, гэта было не так ужо i цяжка, а вось увагi маладых паненак ён, трыццацiгадовы прыгажун, пазбегнуць не змог.
– Граф, выпiце са мной… – дарогу ўцекачу заступiла бялявая, пышнагрудая графiня Балотнiкава, сяброўка сястры, i, убачыўшы пусты бакал, крыкнула: – Эй, чалавек, шампанскага!..
Да iх хуценька падышоў апрануты ў фрак афiцыянт у белых пальчатках i напоўнiў бакал.
– За што вып’ем, Сяргей Уладзiмiравiч? – выдыхнула Балотнiкава i, хiтнуўшыся, зрабiла крок, падышла да непрыстойнасцi блiзка.
Граф нiяк не адрагаваў. Ён узяў бакал i стрымана прамовiў:
– Вып’ем, Клаўдзiя Пятроўна, за тое, што i ўсе, – за Новы год, – ён выпiў, паставiў бакал на разнос, якi трымаў манументальны афiцыянт, i, па-бацькоўску пацалаваўшы маладую графiню ў лоб, хвiлiну падумаў i цiха на вуха прашаптаў: – Вам усяго толькi шаснаццаць…
Сяброўкi Балотнiкавай, якiя назiралi за гэтай сцэнай, пырснулi ад смеху, сама ж дзяўчына iмгненна зачырванелася. Але гэтага Аляксандраў ужо не бачыў, час прыспешваў, i ён, афiцэр ваенна-марскога флоту, статны i рашучы, не тоячыся, прытрымлiваючы рукой корцiк, крочыў да выхада. У вестыбюлi, пакуль апранаўся, чуў, як вастраносы чалавек у драпавым палiто, пiратэхнiк, па ўсiм, iншаземец, скардзiўся дварэцкаму на салдат:
– Эти вшивы зольдат напились и всё перепутал… Говорю, стреляй зеленый – они стреляют белый… Что теперь скажет Виктор Аристархович?
На вулiцы ўжо чакаў дзяншчык. Граф кiнуўся да вазнiцы, ускочыў у санi.
– Ганi, Сiдар! – крыкнуў ён. – Гэта мая ноч!..
Малады, чорны як смоль жарэбчык з белай плямай на лбе нецярплiва гарцаваў, перабiраючы тонкiмi нагамi, даўно чакаў, калi вазнiца паслабiць лейчыны. Ён з месца рвануў шырокай рыссю, i праз хвiлiну-другую святочна асветлены Саборны пляц растаў, растварыўся ў снежнай начной цеменi.
– Не ззявай! – штохвiлiнна папераджальна крычаў вазнiца, хоць патрэбы ў гэтым i не было.
Вулiцы ў першыя хвiлiны новага года быццам вымерлi, гараджане толькi ўселiся за святочныя сталы. Гэта праз гадзiну-другую яны ў пошуках забаў павыкульваюцца на вулiцу, у гурбы снегу, вось тады i сапраўды «Не зявай!».
На ўскрайку горада iх чакалi. Як толькi санi зраўнялiся, граф скочыў у снег, кiнуўся да вазка, у якiм уздымалася яму насустрач невялiкая постаць, захутаная ў кажух.
– Лiзанька!.. – выдыхнуў граф, падхапiў на рукi каханую i моцна прыцiснуў да грудзей.
Яна падалася насустрач, абвiла шыю рукамi, аддана зашаптала:
– Цяпер я без астатку твая… Рабi што хочаш… Звароту назад няма.
– Мы вернемся, яшчэ як вернемся! – запярэчыў граф i моцна пацалаваў каханую.
Яшчэ да першых пеўняў граф Сяргей Уладзiмiравiч Аляксандраў вярнуўся на баль да генерал-губернатара. Гульба была ў самым разгары, i граф папрасiў дварэцкага перапынiць на хвiлiну музыку i аб’явiць пра ягоны прыход. Расчырванелы двухметровы дзяцюк, пачуўшы просьбу, ажно перажагнаўся, замахаў рукамi:
– Што Вы, граф! Мяне за гэта з працы звольняць. Па загадзе генерал-губернатара я да канца баля павiнен быць цвярозым. Я не вораг сабе, каб лезцi на людзi з такой мордай…
– Там усе такiя, – кiўнуў Аляксандраў на ўваходныя дзверы. – А каб цябе, быка гэткага, звалiць, начовак гарэлкi мала.
Але не словы графа пераканалi дварэцкага, а некалькi храбусткiх паперак, якiя ён атрымаў ад Аляксандрава. Пасля гэтага дварэцкi падабраўся, прычасаў грэбенем i без таго прылiзаныя валасы i, узяўшы кiй, адчынiў дзверы ў гасцёўню, падаў знак аркестрантам. Музыка сцiхла, а разам з ёй гамана i танцы. Усе прысутныя, хто здзiўлена, хто са злосцю, павярнулi галовы да балкона, дзе месцiлiся музыкi. Дварэцкi стукнуў кiем i гучна, надрыўна крыкнуў:
– Граф Сяргей Уладзiмiравiч i графiня Лiзавета Iванаўна Аляксандравы!..
Цяпер прысутныя запытальна глядзелi на маладых, некаторыя нават знялi маскi. Усе чакалi, што гэта нейкi загадзя падрыхтаваны сюрпрыз, i зараз Вiктар Арыстархавiч Друцкi-Сакалiнскi нешта скажа. Губернатар толькi пацiснуў плячыма, перавёў позiрк на аркестрантаў, i дырыжор адразу ўзмахнуў рукамi. Але перш чым зайграла музыка, натужлiвы, хрыпаты бас, якi належаў старому графу Аляксандраву, праракатаў:
– Пазбаўляю спадчыны…
Грымнуў вальс «На сопках Манчжурыi». Малады граф Аляксандраў шчаслiва ўсмiхнуўся, пацалаваў руку сваёй абраннiцы, запрасiў танчыць. Вочы маладых палахалi радасцю i шчасцем. Яны наперад ведалi, якое рашэнне прыме стары граф, i ўсё ж зрабiлi свой выбар.
2
Начальнiку Докшыцкага РАУС
Вiцебскай вобласцi
маёру мiлiцыi Кiсценю Б. А.
РАПАРТ
Паведамляю, што шостага чэрвеня 199… года да мяне звярнуўся з вуснай заявай жыхар мястэчка Бягомль Сiўцоў Казiмiр Пятровiч. Ён паведамiў, што на дзевяноста восьмым кiламетры шашы Мiнск – Вiцебск у лесе, прыблiзна ў ста метрах ад дарогi, стаiць машына МАЗ з прычэпам «фура». У грамадзянiна Сiўцова склалася ўражанне, што гэтая машына кiнутая, але ў кузаве хтосьцi ёсць, бо чуецца нейкае драпанне i стогны.
У той жа дзень я сумесна з заяўнiкам выбыў на дзевяноста восьмы кiламетр вышэй пазначанай шашы для высвятлення абставiн на месцы. У лясным масiве i сапраўды стаяў МАЗ, дзяржаўны нумар 11–09 МП, машына-фура з металiчным кузавам. Словы Сiўцова пацвердзiлiся: у зачыненым кузаве быў чалавек, як потым высветлiлася, Шапавалаў Iван Мiкалаевiч – шафёр гэтай машыны. Ён патлумачыў, што вяртаецца з рэйсу i двое сутак таму спынiўся на начоўку. У кабiне было горача, i Шапавалаў вырашыў заначаваць у кузаве. Замкi на фуры зачынялiся i адчынялiся толькi з аднаго боку – з вулiцы, i выпадкова зашчоўкнулiся. Шафёр стаў змушаным палонным сваёй машыны. Гэтае затачэнне, са слоў Шапавалава, доўжылася двое сутак. Расказ Шапавалава выклiкае сумненнi – у праўдзiвасць цяжка паверыць. Па-першае, таму што шафёр быў абсалютна голы, нават без сподняга, па-другое, пусты прычэп аказаўся непадрыхтаваным да начоўкi. Асабiстыя рэчы Шапавалава, роўна як i нацельная бязiзна, матрац, дзве прасцiны, па-душка, коўдра, ляжалi ў кабiне. Дакументы, грошы былi на месцы, таму версiя магчымага крадзяжу цi рабавання адхiлена i не разглядалася. Фiзiчных пашкоджанняў на целе вадзiцеля не выяўлена. Ад Шапавалава паступiла заява, у якой ён просiць нiякага разбiрацельства не праводзiць, бо вiнаватым у недарэчным здарэннi лiчыць сябе.
Улiчваючы вышэй пазначанае, лiчу неабходным:
1. Разбiрацельства па факце заяў Сiўцова i Шапавалава спынiць.
2. У мэтах недапушчэння ў далейшым падобных выпадкаў паведамiць кiраўнiцтву аўтакалоны нумар пяць горада Мiнска аб здарэннi i папярэдзiць, што далёкiя рэйсы павiнны забяспечвацца двума вадзiцелямi.
Старэйшы ўчастковы iнспектар
Докшыцкага РАУС
маёр мiлiцыi Папруга Г. Б.
3
Горад Мiнск, парк Чалюскiнцаў, танцавальная зала, клуб «Каму за трыццаць»… Музыка тут паўсюль, яна жыве ў гэтым прыземiстым будынку, у вершалiнах стромкiх сосен, бяроз i лапушыстых каштанаў, у чортавым коле i атракцыёне «Халi-галі». Дыхае «Лавандай» танцавальная зала, танчыць паветра, набрынялае пахам чалавечых целаў i серабрыстым пылам. Скрылёк белай тынкоўкi адарваўся ад столi i няспешна плануе, кружыцца ў нейкiм сваiм адмысловым танцы. Лёгкая лесвiца на другi паверх выструнiлася насустрач, расставiла рукi-поручнi: вось-вось яны падхопяць кагосьцi з прысутных i закарагодзяць у iмклiвым вальсе. Танцуюць усе i ўсё. Нават вартавыя, чорныя маўклiвыя краты, якiя ахоўваюць гардэроб, прыцэньваючыся, пазiраюць наўкол, у iх уласная песня, свой «метал»…
Не стамiла прысутных двухгадзiнная дыскатэка, чаканнем свецяцца вочы мужчын i прыгажунь-жанчын, пазiрае на гадзiннiк рухавая вядучая… Да канца вечарыны застаецца пятнаццаць хвiлiн, i нарэшце гучыць узнёслае, доўгачаканае: «А цяпер – танцавальны ма-ра-фон…» Пад гучны выбух «Ура!» гасне святло, i праз хвiлiну-другую рознакаля-ровыя пражэктары, iмклiвымi промнямi рассякаючы паветра, свярдзёлкамi ўпiваюцца ў вялiкi шар пад столлю залы, i ён няўлоўна пачынае круцiцца, набiраць хуткасць. Сотнi, тысячы рознакаляровых адбiткаў ад маленькiх квадрацiкаў-люстэркаў, якiмi аблеплены шар, iмгненна замiтусiлiся ўсiмi колерамi вясёлкi, пабеглi па сценах, столi, людзях… І зала змянiлася, быццам пабольшала, сцены i столь не могуць стрымаць узнёслых пачуццяў, прагi кахання. Лунае танга, «Лаванда», вальс, полька i нарэшце – нясцерпная, пякучая «Цыганачка»… Па-сапраўднаму ажывае стары парк. Дрэвы, будынiны, птушкi, людзi – усё быццам злiваецца ў адно, i цяпер толькi музыка валадарыць iмi.
I раптам гэты танцавальны экстаз расколвае iстэрычны жаночы крык… Пасярэдзiне залы замiтусiлiся людзi, там ужо не танцуюць, хтосьцi штурхае натоўп – стварае большы круг. Хвiлiна-другая, i вопытная вядучая, прадчуваючы нядобрае, выключае музыку, спыняе марафон.
Пасярэдзiне танцавальнай пляцоўкi на падлозе, раскiнуўшы рукi, ляжыць чалавек. Цыбатыя ногi ў блiскучых лакiраваных чаравiках з вострымi насамi сагнутыя ў каленях, i здаецца, мужчына выбраўся ў круг, каб пайсцi ўпрысядку, ды так i застыў. Вочы ўжо нежывыя, на вуснах – сумнавата-горкая ўсмешка. Мабыць, апошняе, што чалавек бачыў, – гэта люстэркавы шар пад столлю, якi працягвае шалёна круцiцца. Люстэркавыя зайчыкi скачуць у вачах нябожчыка, мiтусяцца на твары, мiльгаюць у яшчэ не астылых кроплях поту.
4
Падпалкоўнiк мiлiцыi Мiкулiч з падкрэсленай цiкавасцю слухаў лейтэнанта Хмару, наваспечанага следчага, якi, хвалюючыся, але даволi ўпэўнена, сам сябе прадстаўляў будучаму начальству. Мiкулiч, уважлiва прачытаўшы прадпiсанне, у якiм значылася, што Хмара скончыў Акадэмiю мiлiцыi i для далейшага праходжання службы накiроўваецца ў следчы камiтэт Першамайскага РАУС горада Мiнска, прыдзiрлiва агледзеў лейтэнанта. Доўгi, цыбаты, трошкi сутулы, Хмара выглядаў разгубленым: што нi кажы, а ён трапiў да самога Мiкулiча, пра якога ў акадэмii ходзяць легенды, як пра лепшага i незвычайнага следчага рэспублiкi.
Нечакана позiрк падпалкоўнiка зачапiўся за белыя шкарпэткi, якiя настырна лезлi ў вочы з-пад караткаватых лейтэнантавых штаноў.
«Калi на прадстаўленне прыйшоў апрануты не па форме – будзе парушаць дысцыплiну!» – з сумам падумаў Мiкулiч i хуценька сеў за стол, схаваў свае ногi, каб лейтэнант не ўбачыў, што i ў яго шкарпэткi далёка не статутнага колеру.
– Бачу, што страявiк з Вас, Iгнат Уладзiмiравiч, неважнецкi, – не стрымаўся, зрабiў заўвагу Мiкулiч i шматзначна кiўнуў на чаравiкi, – форму адзення парушаеце.
Лейтэнантаў твар пыхнуў чырванню, ён выструнiўся i ў чаканнi iншых прыдзiрак апусцiў вочы.
– Але наша з Вамi задача – злачынствы разблытваць ды бандытаў у турму саджаць, – нечакана змянiў гнеў на мiласць Мiкулiч, – а таму дазвольце пацiкавiцца адзнакамi па асноўных дысцыплiнах.
– Я скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам, – падкрэслена дзёрзка адказаў Хмара i з выклiкам паглядзеў на падпалкоўнiка. – Па страявой падрыхтоўцы таксама «выдатна»…
Мiкулiч задаволена крактануў. Ён не любiў тых, хто моўчкi праглынаў начальнiцкiя кпiны i беспадстаўныя заўвагi. Мiкулiч i сам па слова ў чужую кiшэню не лез i менавiта праз свой доўгi язык больш за ўсё i цярпеў. У асабiстай справе падпалкоўнiка было аднолькава запiсаў i аб пакараннях, i аб узнагародах. Узнагароджвалi пераважна за раскрыццё цяжкiх злачынстваў, а пакараннi iшлi з адной фармулiроўкай: «За парушэнне субардынацыi i дысцыплiны». Мiкулiч да апантанасцi любiў справу, якой займаўся, iншага жыцця для сябе i не ўяўляў. Высокi прафесiяналiзм неаднойчы ратаваў ад гневу рознага кшталту начальнiкаў, не было яшчэ выпадку, каб падпалкоўнiк здаў у архiў нераскрытае злачынства.
Мiкулiч выглядаў маладзей за свае сорак пяць гадоў. Невысокi, таўставаты i неверагодна рухавы, з хiтрынкай у вачах, ён быў падобны да нейкага шчырага дабрачка-жартаўнiка. Толькi за гэтай вонкавай прастатой, якая часцяком уводзiла ў зман i закаранелых злачынцаў, хавалiся магутны дапытлiвы розум i неверагодная працаздольнасць. Кiруючы следчым камiтэтам, Мiкулiч асабiста мог i не займацца следчай практыкай, i ўсё ж самыя цяжкiя i заблытаныя справы падпалкоўнiк узвальваў на свае плечы.
– Па страявой, значыцца, выдатна… А па агнявой? – заiскрылiся вочы падпалкоўнiка.
– Выбiваю дваццаць сем з трыццацi, – адрапартаваў Хмара i здзiўлена паглядзеў на невядома чаго павесялелага Мiкулiча.
– Маладзец, – пахвалiў падпалкоўнiк, – а я – толькi пятнаццаць, на дохлы траяк…
Мiкулiч нечакана ўзгадаў апошнюю здачу залiкаў, страявы агляд i чарговую вымову… Ён скептычна ставiўся да тых, хто не быў прафесiяналам, асаблiва да вайсковых палкоўнiкаў ды генералаў, якiя апошнiм часам прызначалiся кiраваць мiлiцыяй. Для iх чалавек ў пагонах – спярша страявiк, а потым ўжо – i сышчык, i следчы, i ўчастковы… Адзiн з такiх высокiх, нават вельмi высокiх начальнiкаў-генералаў на поўным сур’ёзе цэлую гадзiну даводзiў, што раскрыццё злачынстваў на дзевяноста працэнтаў залежыць ад страявой падрыхтоўкi. У нейкi момант Мiкулiч нават ушчыкнуў сябе за руку: цi не снiцца яму гэта? Не, не снiлася. Больш таго, гэты генерал-чырвонапагоннiк быў перакананы ў асабiстай праваце. Праставаты выгляд Мiкулiча зрабiў яму дрэнную паслугу, бо ў нейкi момант генералу здалося, што падпалкоўнiк пасмiхаецца. Генерал, як уджалены, падскочыў да Мiкулiча.
– Якiя Вы, таварыш падпалкоўнiк, ведаеце вiды строю? – пырскаючы слiнай, крыкнуў генерал.
– Iх шмат, – выструнiўся Мiкулiч.
– Дакладней, – прадчуваючы, што заганяе падпалкоўнiка ў кут, наступаў узрушаны генерал.
– А дакладна: першабытнаабшчынны, рабаўладальнiцкi, феадальны, капiталiстычны i рыначнага сацыялiзму…
Гэты выбрык ледзь не каштаваў Мiкулiчу пасады, але ў якi раз выратавала праца. Якраз напярэдаднi падпалкоўнiк разблытаў цяжкае злачынства, i начальства замест узнагароды абмежавалася вымовай.
Знаёмства Мiкулiча i Хмары зацягвалася. Лейтэнанту давялося расказаць не толькi пра гады вучобы ў Акадэмii мiлiцыi, успомнiць выкладчыкаў, якiя калiсьцi вучылi i падпалкоўнiка, але i ўзгадаць бацькоў i нават брата. Настырная дапытлiвасць Мiкулiча была зразумелай: што нi кажы, а менавiта ён меўся стаць настаўнiкам маладога следчага. Хмару ж празмерная цiкаўнасць раздражняла: «Ну што табе да маiх бацькоў, да брата? – думаў лейтэнант. – У аддзеле кадраў маюцца звесткi пра iх, там i шукай адказы…»
I ўсё ж, напрыканцы размовы Мiкулiч змог упэўнiць Хмару, што ён шчыры ў памкненнi стаць маладому следчаму не проста настаўнiкам, а памочнiкам, сябрам. Пераканалi лейтэнанта не словы, а тое, што падпалкоўнiк на ўсе тэлефонныя званкi адказваў падкрэслена афiцыйна i рэзкавата: «Званiце пазней, у мяне важнае пасяджэнне».
А потым Мiкулiч павёў лейтэнанта па кабiнетах i афiцыйна прадстаўляў кожнаму следчаму i сышчыку. Пры гэтым падпалкоўнiк, быццам мiж iншым, нахвальваў Хмару: «Нам абы каго не прышлюць… Iгнат Уладзiмiравiч скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам…»
Ключы ад асабiстага кабiнета Хмара атрымаў разам з шэрай папкай, на якой чарнелi тлуста выведзеныя лiчбы «385».
– Справа амаль скончаная, – хiтравата зiрнуў на лейтэнанта Мiкулiч i шматзначна дадаў: – Трэба ж з нечага пачынаць…
5
Прапахлы тытунём кабiнет быў невялiкi, халодны i змрочны. Мэбля для такiх устаноў звычайная: двухтумбавы стол, шафа для адзення, сейф, тры крэслы з чырвонымi спiнкамi. На шырокiм падваконнi сiратлiва тулiўся пашарпаны гаршчок, напалову запоўнены зямлёй, з якой тырчала бляклая раслiна. Што расло, Хмара, як нi сiлiўся, зразумець не змог, але першае, што зрабiў, – гэта добратакi палiў сухую зямлю. Старыя, без усялякага малюнка, зеленаватыя шпалеры, пабачыўшыя на сваiм вяку не адну сотню закаранелых злачынцаў, рабiлi сцены кабiнета гнятлiвымi, нейкiмi замкнёнымi ў прасторы, а абрамленае кратамi, патрэсканае шкло ў адзiным акне, здавалася, мутным халодным вокам зазiрнула новаму гаспадару ў самыя патаемныя куточкi душы. Хмара адчуваў сябе няўтульна, але ведаў, што гэта часова. Ён хутка прывыкне i да пашарпаных сцен, i да кратаў на акне, i толькi патрэсканае шкло ён заўтра памяняе.
Другою палову свайго першага працоўнага дня Хмара вывучаў справу за нумарам 385. Перачытаўшы яе ад вокладкi да вокладкi некалькi разоў, ён у роспачы задумаўся: навошта Мiкулiч усучыў яму гэтую заведама зразумелую i амаль скончаную справу? Зноў душу раздзiралi сумненнi i незразумелая злосць: «Што гэта – жарт, насмешка з маладога супрацоўнiка?» – у думках распаляўся Хмара. Ён сумленна вышукваў у рыпучых, яшчэ не зляжалых паперках хоць якую-небудзь дробязь, намёк, хоць бы слова на злачынны намер у адносiнах да пацярпелага i не знаходзiў.
Занатаваныя ў справе падзеi адбылiся некалькi дзён таму ў парку Чалюскiнцаў у клубе «Каму за трыццаць» i тычыліся некага Шапавалава Iвана Мiкалаевiча, якi там нечакана памёр. Нi агрэсiўнасцi, нi злога намеру ў адносiнах да нябожчыка нiхто з прысутных не праяўляў, ён танцаваў, быў як усе i раптам памёр, iмгненна i цiха. У справе мелася i медыцынскае заключэнне, у якiм гаварылася, што Шапавалава напярэдаднi выпiсалi з бальнiцы i ён амбулаторна далечваў двухбаковае запаленне лёгкiх. Пералiчвалiся медыкаменты, якiя пацярпелы прымаў у бальнiцы i якiя прапiсаны для далечвання. У выснове гаварылася, што смерць Шапавалава справакаваная некалькiмi прычынамi, i галоўнае – пацярпелы разам з моцнымi антыбiётыкамi ўжыў шмат гарэлкi i шыпучага вiна, хутчэй за ўсё шампанскага, што выклiкала алергiчную рэакцыю. Алергiя iмгненна спаралiзавала лёгкiя, выклiкала шок, хуткацечную кому i смерць. Фiзiчныя нагрузкi, у дадзеным выпадку – танцы, Шапавалаву былi супрацьпаказаныя, яны паскорылi i ўзмацнiлi алергiчную рэакцыю на лёгкiя. У дадатак пацярпелы два гады таму перанёс прыступ параксiзмальнай тахiкардыi, i гэта таксама значылася адной з прычын лятальнага вынiку.
Канечне, пэўная работа аператыўна-следчай групай была праведзена i ў асноўным тычылася збору звестак пра Шапавалава i падзеi, якiя папярэднiчалi няшчаснаму выпадку. Фармальнасць гэтай работы была вiдавочнай, дый па-iншаму i быць не магло, бо нiякага крымiналу ў здарэннi нават не праглядвалася.
«Тады навошта, дзеля чаго Мiкулiч падсунуў мне гэтую справу? – разважаў Хмара. – І што азначаюць падпалкоўнiкавы словы „Трэба ж з нечага пачынаць“?»
Ранiца наступнага дня выдалася надзiва сонечнай i цёплай. Лужыны на гарадскiх вулiцах блiшчэлi серабром, але дажджу не было, гэта палiвачныя машыны пастаралiся стварыць святочную чысцiню i жаданую прахалоду. Хмара трошкi прайшоўся па тратуары, збочыў у Севастопальскi сквер i наўпрасткi па добра-такi ўтаптанай сцяжынцы пашыбаваў да тралейбуснага прыпынка. Хтосьцi нябачны за густым кустоўем свiснуў, мабыць, падклiкаючы сабаку.
Настрой у Хмары быў выдатны, ад учарашняй прыгнечанасцi не засталося i следу. Лейтэнант быў перакананы, што справу Шапавалава ён атрымаў як вучэбны дапаможнiк, i гэтае Мiкулiчава празмернае апекаванне сёння падалося смешным.
Пасля пяцiхвiлiнкi Мiкулiч папрасiў Хмару застацца i, медыцынскiм скальпелем вострачы аловак, нецярплiва спытаў:
– Прачыталi справу?
– Так, – кiўнуў лейтэнант.
– Ну, i што можаце сказаць?
– Я цалкам згодны з версiяй, што Шапавалаў памёр не гвалтоўна. Судова-медыцынская экспертыза пацвярджае факт…
– Я ведаю, што сказалi эксперты, – Мiкулiч рэзкавата перапынiў Хмару i насупiўся; ён кiнуў на стол аловак, схаваў у шуфляду скальпель. – А вось у мяне ёсць пытаннi, i галоўнае: чаму хворы чалавек пацягнуўся на танцулькi? Няўжо пяцiдзесяцiгадовага мужыка не стрымала запаленне лёгкiх?
– Шапавалаў быў п’яны, – зазначыў Хмара.
– Не п’яны, а выпiўшы, – з’едлiва ўдакладнiў Мiкулiч.
«Ён што, здзекуецца?» – раздражнёна падумаў Хмара. Добры настрой знiк, у душу закралася пачуццё прыгнечанасцi, быццам штосьцi яму не дадзена зразумець у гэтай справе.
– Шапавалаў прыйшоў у клуб «Каму за трыццаць» з жанчынай, – не звяртаючы ўвагi на iмгненна знiякавелага лейтэнанта, вёў сваё Мiкулiч. – Як яе?..
– Александровiч Галiна Вiктараўна, – адказаў Хмара i нечакана зразумеў, што падпалкоўнiк наўмысна цягне яго ў спрэчку.
– А чаму сяброўка Шапавалава не ўзгадала хваробу каханка? Не ведала? Малаверагодна… Яны больш за год ў даволi блiзкiх адносiнах…
– Што зменiцца, калi мы ўстановiм, што Александровiч ведала пра хваробу Шапавалава i змаўчала на допыце?
– Юрыдычна нiчога, – ажно засвяцiўся Мiкулiч. – А цяпер трошкi пафантазiруем, паспрабуем лагiчна абгрунтаваць з’яўленне пацярпелага ў клубе «Каму за трыццаць». Думаю, што без танцаў Шапавалаў мог абысцiся, а вось без палюбоўнiцы, можа, i не. Толькi навошта сустракацца ў клубе, калi ў Александровiч, як вядома, мелiся асабiстыя ключы ад халасцяцкай кватэры каханка?
– Мы не даведаемся, што iм кiравала, – раздражнёна прагаварыў Хмара; слухаючы i назiраючы за Мiкулiчам, лейтэнант нечакана засумняваўся ў легендах, якiя чуў пра гэтага чалавека. – Шапавалаў мог прыйсцi ў клуб i каб напiцца, i каб патанцаваць, i каб сустрэцца з палюбоўнiцай.
– Толькi не памерцi! – задаволена ўскрыкнуў праставаты Мiкулiч. – Таму я i хачу, каб Вы знайшлi сапраўдную прычыну i дакладна высветлiлi: чаму хворы Шапавалаў аб’явiўся ў клубе?
– І гэта ўсё? – шчыра здзiвiўся Хмара.
– Не так i мала, – усмiхнуўся Мiкулiч i лагодна прабурчэў: – Я згодны з афiцыйнай версiяй, толькi Шапавалаў не быў разухабiстым мужыком, цанiў сваё здароўе i асаблiва – заробленую капейку… Тая ж Александровiч, калi заўважылi, назвала палюбоўнiка «прыжымiстым мужыком».
6
Пошукi Александровiч пачалiся з нейкай незразумелай таямнiчасцi. Хмара спярша пазванiў дадому, але тэлефон упарта маўчаў, а на працы мiлагучны жаночы голас млява паведамiў, што ў фiрме «Венера» Галiна Вiктараўна Александровiч не працуе i нiколi не працавала.
«Але ж у пратаколе допыту значыцца зусiм iншае… Што падштурхнула каханку Шапавалава да хлуснi? – разважаў Хмара. – Чаму яна ўзгадала фiрму “Венера”? Наўмысна замоўчвае месца сапраўднай працы? Магчыма, але навошта такая дакладнасць, ды яшчэ пасаду пазначыла – кансультант?» Хмара яшчэ раз патэлефанаваў у «Венеру» i паспрабаваў высветлiць, чым займаецца фiрма. У адказ усё той жа мiлагучны голас завучана i з непрыхаваным юрлiвым пачуццём працытаваў:
Калi ў вас праблемы з сексамI каханне толькi ў сне,Вы прыходзьце у «Венеру»,Знiмем мы праблемы ўсе…Гэтае вершаванае тлумачэнне падзейнiчала лепш, чым Мiкулiчавы хiтраватыя намёкi на паглыбленую праверку смерцi Шапавалава. Праз гадзiну Хмара быў на вулiцы Танкавай i хутка знайшоў дом і пад’езд, дзе жыла Александровiч. На ўваходзе Хмара звярнуў увагу на перапоўненую газетамi паштовую скрынку. Было вiдавочна, што Александровiч даўнавата не наведвалася па гэтым адрасе. Здагадка пацвердзiлася, i лейтэнанту нiчога не заставалася, як гаварыць з суседзямi.