Виктор Правдин
Нелюбімыя гінуць
Маці Зінаідзе Арсенцьеўне прысвячаю
1
Толькі-толькі бралася на раніцу. Агністы сонечны дыск квола мацаў далягляд, быццам яму нешта перашкаджала вылузнуць з-за яго і ўскараскацца на нябесны блакіт, а мытня ўжо была падобная да мурашніка. Толькі не жвавыя мурашы беглі да аднапавярховых, здавалася, плоскіх будынін, а вужакай сунулася паўкіламетровая чарада рознакаляровых, непаваротлівых, але шумных і смуродных машын. Тыя, хто апынуўся тут трошкі раней, не звярталі ўвагі на зыбліва-барвовы далягляд, на малінава залацістыя промні, якія вяшчалі пра новы дзень, мо таму не спяшалася паказвацца і сонца. Яно ўздымалася паволі, з годнасцю, ад яго, як і ад гэтых людзей, сённяшнім травеньскім ранкам таксама веяла раўнадушным, калючым холадам.
Некаторыя чарадоўцы падсілкоўваліся, расклаўшы прыпасы тут жа, на машынах: хто на капоце, хто на заднім веку багажніка. Яны выглядалі ўважліва-засяроджанымі, напружанымі, гатовымі ў любы момант імгненна завяршыць трапезу і ўціснуцца ў цесныя салоны аўтамашын, прапахлыя чалавечым целам, парфумай і тытунём, каб праз хвіліну-другую, зрушыўшы з месца і праехаўшы ўсяго некалькі метраў, зноў заглушыць рухавікі, перад тым мацюкнуўшы, абняславіўшы ўлады за вядомыя на ўсю Еўропу чэргі.
Ніхто не звярнуў увагу на прапылены «рафік», які пад’ехаў апошнім: змрочныя позіркі скіраваны толькі ўперад, туды, дзе ёсць нейкі рух, адкуль даносяцца галасы, чуецца пералівісты званочак – міліцэйскі свісток. Напэўна, мытня – адзінае месца, дзе гэты свіст слухаюць з задавальненнем, яго тут чакаюць, да яго прыслухоўваюцца, бо ведаюць, што наперадзе, раўняючы чаргу і накіроўваючы машыны да памежнікаў, шчыруе мітуслівы даішнік.
Рухавага міліцыянера ніхто не баіцца, але большасць вадзіцеляў, хутчэй па звычцы, пазірае на яго лісліва, іншыя хітруюць і вітаюцца, быццам з даўнім знаёмым, хоць і бачаць сяржанта ўпершыню. І ўсё ж боязь ёсць: раптам міліцыянер надумае праверыць дакументы і выпхне з чаргі? А гэта, лічы, цэлая гадзіна, а то і больш дарма патрачанага часу.
Дзесьці апоўдні павітаўся з даішнікам і вадзіцель «рафіка». Міліцыянер у адказ імпэтна закруціў паласатым жэзлам і незадаволена крыкнуў: «Праязджай, не затрымлівай».
Памежнік, невысокі хударлявы прапаршчык, з вузкім хваравітым тварам, прастуджана шморгаючы кручкаватым носам, доўга вывучаў дакументы: спярша вадзіцеля, а потым семярых пасажыраў. У «рафіку» ехала шасцёра дзяўчат, прыблізна аднаго ўзросту, ад дваццаці да дваццаці трох гадоў, і трошкі старэйшы, апрануты ў скураны пінжак, джынсы, на нагах белыя красоўкі, чарнявы цыганаваты хлопец, якому з-за ранняй сівізны можна было даць і ўсе трыццаць.
Калі блізка пасаджаныя шэрыя вочкі памежніка натыкаліся на фотаздымак, ён неяк нервова ўскідваў галаву і ўпіваўся імі ў пасажыра, быццам не толькі параўноўваў гаспадара пашпарта з фотаздымкам, але і сіліўся прачытаць ягоныя думкі.
Нарэшце чарга дайшла і да Любы Анікейчык. Паслініўшы палец, прапаршчык важна перагарнуў храбусткія старонкі дакумента, гэтак жа па-начальніцку строга агледзеў Любу і нарэшце з непрыхаваным сарказмам выдыхнуў:
– Усё лепшае вывозім…
– Я еду працаваць па дамове, – сумелася, незадаволена перасмыкнула плячамі Люба, – буду пакаёўкай.
– Падлогу, значыцца, мыць. А мне здалося, што ты артыстка і едзеш у Галівуд, – засмяяўся прапаршчык і, казырнуўшы, паспешліва выйшаў з машыны.
Пасля памежнікаў «рафік» сустрэлі ганарліва-прыдзірлівыя мытнікі, але пасажыры ніякага тавару акрамя асабістых рэчаў не везлі, таму мытнікі цікавасці да іх не праявілі. Нават вялікая чорная аўчарка некалькі разоў лянотна пазяхнула, калі яе праводзіў адзін з сяржантаў па вузкім праходзе паміж крэсламі.
– Праязджай, – паблажліва сказаў старэйшы і, махнуўшы рукой, каб паднялі шлагбаум, скоса зірнуў на шафёра. – Табе сёння пашэнціла.
– Мне заўсёды шэнціць, – весела засмяяўся бялёсы трыццацігадовы Дзмітрый. – Бізнес мой легальны: адвёз, прывёз – і ніякіх праблем. Галоўнае – не заснуць у дарозе.
Польскія памежнікі падаліся Любе маўклівымі і занадта засяроджанымі: ніводнага лішняга слова і руху. Самым гучным у іхняй мітусні быў стук штэмпеля, які абвясціў уезд у межы Польшчы, пасля чаго іх, як надакучлівых і нікому тут не патрэбных людзей, як мага хутчэй справадзілі з мытнай зоны.
І толькі праз паўгадзіны, калі «рафік» ад’ехаў ад мяжы з добрую дваццатку кіламетраў, і Люба, і ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай. Пачуліся жарты, зашамацелі цэлафанавыя пакеты, пасярод салона на адным з пухлых чамаданаў, які чарнявы хлопец (а ён быў у іх кампаніі за галоўнага) кульнуў набок, зазіхацела пляшка гарэлкі. Каля яе імгненна ўзнік паўлітровы слоік з марынаванымі грыбочкамі, з’явіліся каўбаска, вэнджаніна, марынаваныя гурочкі. Шафёр у люстэрка пажадліва пазіраў на чамадан з пачосткай, цікаваў за манеўрамі маўклівага, падобнага да цыгана хлопца і, сустрэўшыся позіркам з кімсьці з пасажырак, шматзначна, з хцівым агеньчыкам у вачах падміргваў: маўляў, усё ідзе як трэба, можаце не хвалявацца.
– Мо лепш прыпыніцца на перакус? – прапанавала вастраносая дзяўчына, што сядзела на апошнім справа сядзенні, і, прыпаліўшы цыгарэту, з цяжкасцю прачыняючы акенца, ад напругі ажно пачырванеў твар, незадаволена дадала: – Амаль суткі ў дарозе, можна і адпачыць.
– Не насядзелася на мытні? – імгненна абурыўся шафёр, нават твар пачырванеў. – Можаш спаць, жраць, піць, але прама тут, у машыне. Ніхто не перашкодзіць. А ў мяне графік! Я сёння павінен перасекчы нямецкую мяжу.
– Дзмітрый кажа праўду, – глухім, прастуджаным голасам падтрымаў шафёра цыганаваты. – Вось яна, – чарнявы паклаў руку Любе на плячо, – згодна з дамовай абавязана ўжо сёння быць на месцы. Немцы, як вядома, народ пунктуальны: спознішся – могуць і не прыняць. Назад, у Мінск, мы і яе, і кожную з вас, канечне, завязём, але ж за асобную плату, якая, зразумела, будзе ўдвая большая. З Нямеччыны вяртаюцца ўжо багаценькімі…
– Дзяўчаткі, пра які уікэнд вы гаворыце? – пырснула, зайшлася ад смеху дзяўчына, што сядзела за Любінай спінай і да гэтага часу амаль усю дарогу спала. У Мінску яе праводзіла вясёлая, на добрым падпітку кампанія, і суседку з песняй пра «дальнюю дорогу» некалькі чалавек амаль занеслі ў машыну. Не зусім працверазелая, яна з цяжкасцю трымалася на мытні, але цяпер, калі мяжа была пройдзена, усялякая боязь знікла. – Я не першы раз еду і ведаю, што да чаго…
Убачыўшы чамадан з бутэлькай гарэлкі і раскладзенымі на ім закускамі, дзяўчына імгненна змяніла тэму гаворкі.
– Ого, – ускрыкнула яна, – ужо і стол накрыты і, зразумела, за кошт фірмы?.. Ашот, Дзмітрый, а дзе шампанскае? Няўжо зажылілі?
– Наколькі я памятаю, у цябе, Ірына, ад шампанскага жывот пушыць, – выцягваючы з чорнай дарожнай сумкі пластмасавыя кілішкі, спакойна сказаў Ашот.
– Дзяўчаткі, нас рабуюць, за ўсё заплачана, – раз’ятрана, п’яна затупала нагамі Ірына. – А пра пуза не хвалюйся, няхай яно хоць трэсне, але маё – аддай. Я за справядлівасць… Немец і той, перш чым зацягнуць у ложак, шнапсам ці хоць бы півам, але пачастуе…
– Ірка, не баламуць і не пужай дзяўчат немчурой, – падаў голас шафёр. – Ты адна ў нас вандроўніца, астатнія едуць капейчыну зарабляць.
– Ха, вандроўніца? – істэрычна засмяялася дзяўчына. – Скажы лепш – валацужніца… І невядома, хто з нас больш «бабак» заробіць… Я не толькі іх маю на ўвазе, – дзяўчына падхапілася на ногі і, тэатральна раскінуўшы рукі, крыкнула: – Я больш зараблю і за цябе, і за Ашота… Ды што казаць, я больш зараблю за ўсіх вас разам узятых. Паўгода – і трохпакаёвая кватэра ў кішэні… І не загаворвай мне зубы – гані шампуньку.
Гэтая размова, і асабліва шматзначны, бессаромна-істэрычны Ірынін смех, непрыемным халадком закралася ў Любіну душу. Адразу ўзгадалася рослая, як не пад два метры, касцістая, мужчынападобная начальніца аддзела кадраў трамвайнага дэпо, якая, аддаючы працоўную кніжку, брыдка скрывілася і скрозь зубы працадзіла: «Усім вядома, чаго нашы дзяўчаты туды едуць, але ніколі не думала, што і ты – блудніца».
Люба скоса зірнула на суседку, якая ноччу, калі ад’язджалі з Мінска, назвалася Кацярынай, і, сустрэўшыся з ёй позіркам, паспрабавала ўсміхнуцца. Гэткая ж вымучаная, палахлівая ўсмешка кранула і Кацярыніны вусны.
– Мне прапанавалі месца рэпетытаркі музыкі для васьмігадовага хлопчыка, – нясмелым стомленым голасам сказала дзяўчына, – з веданнем рускай мовы.
– А ў мяне кантракт пакаёўкі ў доме, дзе жыве калека… Ён паралізаваны, ногі не ходзяць.
– Хоць бы гэтая «Чарадзейка» не падвяла, – цяжка ўздыхнула Кацярына.
– Фірма надзейная, – упэўнена сказала Люба. – Муж маёй лепшай сяброўкі там за галоўнага.
– Запрашаю ўсіх да нашага стала-чамадана, а ў каго рукі караткаватыя, лічыце мяне афіцыянтам: усё, што пажадаеце, паднясу, – уладна абвясціў Ашот. – Як кажуць, служба службай, а абед па распарадку.
– Баюся я гэтага Ашота, ці не бандыт? – паспешліва прашаптала Кацярына. – Падазрона маўчыць, імя не нашае, хоць і прамаўляе без акцэнту.
– Ён – армянін і ніякі не бандыт, – прыхільна ўсміхнулася Люба, – сяброўка пра яго добра казала, і ў «Чарадзейцы»
Ашот – не апошні чалавек.
– Афіцыянт, – зноў падхапілася на ногі Ірына, – апахмялі даму шампанскім… І бутэрброд хачу з чым-небудзь салёненькім.
Ашот як і не чуў, але шампанскае з сумкі выцягнуў.
– Дай ты ёй бутэльку, няхай нап’ецца ды спіць, – не ўстрымаўся, не паварочваючы галавы, крыкнуў шафёр.
– Правільна, Дзімачка, няхай маё аддасць – і я буду спаць ажно да Берліна.
Атрымаўшы бутэльку, Ірына тут жа яе схавала ў цэлафанавы пакет, але, убачыўшы, што Ашот дастаў яшчэ адну, шампанскае выцягнула і пісклявым голасам пачала кленчыць:
– Ашоцік, міленькі, адкаркуй. У мяне не атрымаецца, стрэліць, і ўсё выльецца, – убачыўшы, што хлопец яе ігнаруе, Ірына рашуча сарвала з бутэлькі бліскучую залацістую фольгу і, хітра пазіраючы на Ашота, прагаварыла: – Шампанскае напаўсухое, ляжала ў цяпле ды яшчэ цэлыя суткі трэслася ў сумцы… Стрэліць, як піць даць стрэліць і ўвесь салон заліе. А на салодкае мух наляціць, вялізных, гнойных, але галоўнае тое, што кожны паліцэйскі будзе чапляцца і прынюхвацца да Дзімкі, на ап’яненне правяраць. Мыць трэба будзе машыну, а на гэта гадзіны дзве часу пойдзе, не менш…
Ашот моўчкі выхапіў з Ірыніных рук бутэльку і, хутка адкруціўшы драцяны хамуток, на нейкі час заціснуў белы корак у далоні. Калі ж прыняў руку, цяпер ужо разам з коркам, над тоўстым рыльцам, невялікім грыбным капялюшыкам, запенілася шампанскае, але ніводнай кроплі долу не адарвалася. Хлопец накінуў на рыльца пластмасавы кілішак, працягнуў бутэльку Ірыне.
– Ірка, табе галаву трэба лячыць, – сказаў ён і зноў вярнуўся да чамадана з закускамі.
Люба палуднавала без усялякага апетыту. Нават некалькі невялікіх глыткоў шампанскага не змаглі не тое што развеяць, нават прыцішыць хваляванне і трывогу, якімі напоўнілася душа яшчэ ў Мінску, калі з ад’язджаючага «рафіка» ў натоўпе на прыпынку ўгледзела цётку Клаву, стрыечную сястру маці. Цётка, калі даведалася, што Люба падпісала кантракт і збіраецца ў Нямеччыну, спярша абрадавалася, але на другі дзень знайшла Любу на працы і пачала ўпрошваць не ехаць. Яна страшыла пляменніцу выпадкамі бясследнага знікнення тых, каго вывозілі, усхвалявана шаптала, што маладых дзяўчат гвалцяць і прадаюць у рабства, а калі расказвала пра тое, што паліцыя часцяком знаходзіць знявечаныя трупы, у якіх адсутнічаюць пэўныя ўнутраныя органы, нават заплакала. Толькі не цётчыны страшылкі парушылі раўнавагу і душэўны спакой, трывожна было ад няведання, што чакае яе ў будучым.
Нечакана машына рэзка ўзяла ўправа, завіскаталі тармазы, некалькі сумак, складзеных у канцы салона адна на адну, ад рэзкага тармажэння зваліліся на падлогу.
За Любінай спінай дзынкнула шкло, і адразу істэрычна залямантавала Ірына:
– Асцярожна, не дровы вязеш… Ледзь бутэльку не разбіла.
– Прыехалі, дзяўчаткі, – заклапочана зірнуўшы ў акно, сказаў Ашот і, кіруючы да выхаду, загадаў: – Сядзіце ціха, як мышы пад венікам, я паспрабую дагаварыцца.
Калі Ашот падышоў да Дзмітрыя, вадзіцель прытрымаў яго за крысо скуранкі і ціха сказаў:
– Не спяшайся, няхай самі падыдуць.
З чорнага трохсотага «Мерседэса», які перагарадзіў ім дарогу і прымусіў з’ехаць на ўзбочыну, выйшлі коратка падстрыжаныя, спартыўнага складу трое хлопцаў і, засунуўшы рукі ў кішэні, няспешна рушылі да «рафіка». Іх адзервянела-зацятыя твары са сківіцамі, якія рытмічна соўгаліся, напэўна, жавалі жвачку, не прадвяшчалі нічога добрага.
– Старыя знаёмыя, – грэбліва ўсміхнуўся Ашот.
– Сёння не праскочылі, – расчаравана ўздыхнуў Дзмітрый.
– Нічога не зробіш, – прачыняючы дзверцы, напружана, з хваляваннем у голасе адказаў Ашот і, саскочыўшы на пыльную ўзбочыну, дадаў: – Раз на раз не прыходзіцца.
– Дзяўчаткі, гэта па нашыя душы, – заявіла Ірына і гучна ікнула. – Толькі яны не душапрыказчыкі, а звычайныя рэкеціры. Рыхтуйце зялёненькія, лепш дробнымі, бо здачы не дачакаецеся. Канечне, Ашот дамовіцца, не ўпершыню, грошыкі ж выграбуць з нашых кішэняў. Ці праўду кажу, Дзмітрый?
– Твой доўгі язык аблегчыць нашыя кішэні не на дзесяць долараў, ён можа пазбавіць нас усяго.
– Не плявузгай, вас не зачэпяць, – Ірына зноў гучна ікнула і, дапіўшы рэшту шампанскага, зласліва зазначыла: – Трэці раз рабуюць у адным і тым месцы, не паверу, што гэта выпадкова. А мінулы раз, дарэчы, не па дзесятцы, а па трыццаць баксаў з носа спагналі. Сёння ж могуць выпатрашыць і ўсе пяцьдзесят.
– Не каркай, Ашота яны паважаюць.
– Грошы яны паважаюць, – прабурчэла Ірына, і ў машыне надоўга ўсталявалася прыгнечаная, напружаная цішыня.
Праз лабавое шкло Люба бачыла, як напачатку спакойна размаўляў Ашот са стрыжанымі хлопцамі. Яны здаліся ёй неймаверна падобнымі, і не таму, што былі апрануты аднолькава, у джынсавыя касцюмы, а больш праз міміку і рухі. Стрыжаныя, панурыўшы галовы і манатонна соўгаючы сківіцамі, нейкі час слухалі Ашота, потым адзін з іх паклаў армяніну руку на плячо і нешта сказаў. Ашот зрабіў крок назад, замахаў рукамі і, раз-пораз азіраючыся на «рафік», пачаў нешта даказваць. Рэкеціры адмоўна захіталі галовамі і, як па загадзе, выцягнуўшы з кішэняў рукі, пагрозліва, сцяной пасунуліся на Ашота. З «Мерседэса» з манціроўкай у руцэ выкуліўся невялікага росту, шчуплы, з доўгімі патлатымі валасамі шафёр. Ён падбег да «рафіка», тузануў дзверцы ад вадзіцеля, і не паспеў Дзмітрый нават уцяміць, што да чаго, як крывая манціроўка ўпілася яму ў шыю пад самай сківіцай.
– Т-ты што, здурнеў? – прахрыпеў Дзмітрый і паспрабаваў ухапіцца за жалязяку. Але патлаты быў напагатове. Манціроўка імгненна падкінула галаву вадзіцеля «рафіка» ўгору, ды так, што вочы ў бедака закаціліся, як у мерцвяка, а рукі канвульсіўна затузаліся.
– Не чапай яго, – закрычала Люба, – мы заплацім, колькі скажаце…
– Мужыкі, мамзелі згодны плаціць, – выскаліў два рады залатых зубоў патлаты і трошкі апусціў руку, даў Дзмітрыю хватануць паветра.
Стрыжаныя, як па загадзе, спыніліся, засунулі рукі ў кішэні і зноў абыякава засоўгалі сківіцамі.
Ашот, ідучы да машыны, нешта імпэтна крычаў, некалькі разоў плюнуў пад ногі, але, залезшы ў салон, сказаў адно:
– Пяцьдзясят баксаў з чалавека…
І Люба, і ўсе астатнія адразу зашамацелі даўно падрыхтаванымі паперкамі, толькі Ірына злосна мацюкнулася:
– Скулу ім, а не пяцьдзясят…
Ашот сабраў грошы, хутка пералічыў, выцягнуў з кішэні сотню за сябе і Дзмітрыя. Потым падышоў да Ірыны і сцішана сказаў:
– Не хапае пяцьдзясят.
– Аддай грошы патлатаму, і няхай Дзімку адпусціць… Ды скажы, што пра недастачу я сама буду гаварыць.
– Рабі як хочаш, толькі ведай, з агнём гуляеш.
– Я ведаю, як за сябе пастаяць, – скідваючы з плячэй плашчоўку, адмахнулася Ірына.
Яна дастала з сумачкі люстэрка, памаду і рашуча падмалявала вусны. Потым выцягнула з валасоў заколку, матлянула галавой, і адразу цёмна-каштанавыя валасы густа рассыпаліся па плячах. За адну хвіліну на вачах агаломшаных пасажыраў Ірына ператваралася з заспанай, не па гадах істэрычнай кабеты ў спакуслівую, кідкую прыгажуню. У наступнае імгненне на падлогу паляцелі мяккія белыя красоўкі, на спінцы крэсла павіслі замытыя да белага джынсавыя штаны, а замест іх Ірына з цяжкасцю нацягнула кароткую чорную спаднічку і бліскучыя, на высокіх абцасах чаравічкі. У яе агромністых аксамітных вачах цяпер палыхалі дзікавата-шальмоўскія ўпартыя агеньчыкі.
– Ну, дзяўчаткі, пажадайце мне ні пуха ні пер’я, – цокаючы абцасамі на выхад, сказала Ірына.
– Ні пуха… – разам выдыхнулі прысутныя, а Дзмітрый, усё яшчэ трымаючыся за сківіцу, прагундосіў:
– Ірка, не ведаю, што ты задумала, але глядзі, не ўлезь к чорту ў балота.
– Ты нас ужо абараніў, цяпер дазволь мне за сябе і цябе, немаўлятку, заступіцца, – праходзячы міма, раскудлаціла вадзіцелю чупрыну дзяўчына і весела, па-блазенску рассмяялася.
Як толькі стрыжаныя ўбачылі дзяўчыну, адразу змяніліся: вонкавай абыякавасці і пагрозлівай засяроджанасці як і не было, на тварах імгненна з’явіліся гуллівыя, з’едліва-пошлыя ўсмешкі, да гэтага абыякавыя, немігатлівыя вочы ажылі, заіскрыліся прагавітым, бессаромным жаданнем.
Ашот, як і стрыжаныя, зразумеў, на што наважылася Ірына, і рашуча пераступіў ёй дарогу:
– Не рабі глупства, я за цябе заплачу…
– Адыдзі, ты мне не муж і не бацька, – як ад надакучлівай мухі, адмахнулася дзяўчына і гучна крыкнула: – Хлопчыкі, ёсць размова, толькі скажыце гэтаму лоху, каб сеў у машыну і не высоўваўся…
Тое, што потым адбылося на вачах дзяўчат, пасажырак «рафіка», не проста іх збянтэжыла, убачанае выбіла з каляіны і неймаверна ўзмацніла страхі, якімі і без таго поўніліся душы. Некаторых паводзіны Ірыны і рэкеціраў прывялі да нервовага зрыву.
Бачачы, як Ірына слізганула ў прачыненую дзверцу «Мерседэса» і як паважна ўслед за ёй залез адзін са стрыжаных, а астатнія, назіраючым за тым, што робіцца ў сярэдзіне, весела, па-блазенску скаліліся і пагойдвалі машыну, першай не вытрымала Кацярына. У яе руцэ няведама адкуль з’явілася небяспечная брытва, пагрозліва бліснула лязо.
– Я ім не дамся, няхай толькі сунуцца…
– Ты што, здурнела?!
Каля Кацярыны імгненна з’явіўся Ашот і, пераціснуўшы дзяўчыне запясце, адабраў брытву.
– Хіба не бачыш, што гэтая гадаўка сама пайшла? – Ашот абвёў пасажырак злым позіркам, секануў паветра рукой. – Ніхто, чуеце, ніхто вас не зачэпіць, калі, канечне, самі таго не пажадаеце!
Праз гадзіну напружанага чакання пасажыры «рафіка» убачылі, як Ірына вылезла з «Мерседэса» і, хістаючыся, няўпэўнена, па-матроску шырока ставячы ногі, пасунулася да «рафіка». Рэкеціры нешта крычалі ёй услед, але дзяўчына нават не азірнулася, толькі падняла рукі над галавой і развітальна памахала. Раптам яна спынілася, быццам наткнулася на нейкую нябачную перашкоду, скінула чаравікі, замітусілася, крутнулася ўправа-ўлева, як пераламалася напалам, і, прыкрыўшы далонню рот, подбегам кінулася да ўзбочыны. Стрыжаныя, убачыўшы, як дзяўчына, стоячы на ўзвале на каленях, ванітуе, зарагаталі, ды так, што здрыганулася шкло ў «рафіку».
У Любы саленаваты камяк перахапіў горла. І адразу, як калісьці ў дзяцінстве, яе імгненна агарнула даўно забытае, запаланіла міжвольнае і амаль непераадольнае жаданне ўцячы адсюль, схавацца, каб нікога не бачыць і нічога не чуць. Яна падхапілася і кінулася да дзвярэй, але ніяк не магла зразумець, чаму ногі не бягуць, а рукі не слухаюцца, не магла зразумець, чаму цяжка дыхаць, а ў вачах ружовы туман.
Калі Люба расплюшчыла вейкі, зыркае сонца балюча сцебанула па вачах. Яна адвярнулася і ўбачыла перапалоханага Ашота, які трымаў каля яе носа ватку. Пахла нашатырным спіртам.
– Ну, дзякуй Богу, – узрадавана ўздыхнуў хлопец і пацёр ваткай Любіны скроні і шыю.
– Дасца ў знакі нам гэтая паездка, – незласліва прабурчэў Дзмітрый. – Адна трахаецца, можна сказаць, прынародна, другая з брытвай кідаецца на людзей, а трэцяя – зусім чокнутая, паміраць уздумала…
– Не балбачы, – рэзкавата сказаў Ашот, – лепш занясі Ірыне вады, няхай прывядзе сябе ў парадак… Ехаць трэба.
Праз некалькі хвілін у машыну цяжка паднялася Ірына. Валасы ўскудлачаныя, на вільготнай кофце расшпіленыя ўсе гузікі, станіка зусім не было, чырвоныя саскі высокіх грудзей задзірліва, быццам наўмысна, былі скіраваныя на Ашота і Дзмітрыя. Хлопцы, як па загадзе, адвялі позіркі, і гэта не засталося незаўважаным Ірынай. Яе перапэцканы памадай твар пераможна засвяціўся.
– Усім фізкульт-прывет, – зычна абвясціла яна, але голас прагучаў фальшыва і здзекліва. – А што гэта нашы дзяўчаткі галовы павесілі, а хлопчыкі вочкі пахавалі? Няўжо паснулі? А мо мяне ганіце? Дык я з таго, чым еду зарабляць грошыкі, таямніцы не рабіла і нікога, зрэшты, не абрабавала. А мо зайздросціце? Усё ж за гадзіну дзвесце баксаў зарабіла, вось гэтых, – Ірына патрэсла над галавой зеленаватымі паперкамі. – Напэўна ж, і вы не цэлкі, маглі б таксама паўдзельнічаць… Толькі я першай паспела…
– І хто цябе толькі нарадзіў? – непрыязна буркнуў Дзмітрый і завёў рухавік.
Ірына быццам толькі гэтага і чакала. Яна зусім скінула кофту, знізу далоньмі яшчэ больш высока прыўзняла грудзі і, усутыч наблізіўшыся да вадзіцеля, прашаптала:
– А ты, Дзімачка, зірні, памацай маё цела, няўжо адмовішся? Толькі не пужайся, дам за так, не за грошы… За іх ты засілішся… А мне жонку і дзетак тваіх шкада… Пагаджайся, пакуль не перадумала, а то аддамся Ашоту, а ён іншы, ён заплоціць, толькі не ў дарозе, усё ж адказвае за маю дастаўку, і не ў Берліне, дзе каштарыс высокі. Ён дачакаецца мяне ў Мінску і завалачэ ў які-небудзь ванючы гатэль з прусакамі…
– Датрахалася, зусім з глузду з’ехала. Гэта ў цябе ў галаве прусакі замест мазгоў, – прабурчэў Дзмітрый і, скрывіўшыся, як ад кіслага, пачаў вырульваць на шашу.
Люба яшчэ не зусім ачомалася ад нечакана нахлынуўшай млоснасці і цяпер, трошкі прыплюснуўшы вейкі, паволі, але без усялякага жадання вярталася ў рэальнасць. Нейкім нязведаным дагэтуль падсвядомым пачуццём яна ўбачыла вакол сябе празрыстую заслону, падобную на вадаспад, якая, здавалася, бараніла ад усяго нядобрага і злога. Люба чула, пра што гаворыць Ірына, бачыла яе голую і ніяк не магла дапяць, чаго дзяўчына торкае свае цыцкі вадзіцелю ледзь не ў самы твар. Яна бачыла, як Ашот укрыў Ірыну плашчоўкай і, прытуліўшы да сябе, правёў міма, чула, як, усаджваючы суседку ў крэсла, ён ціха спытаўся:
– Ты зноў наглыталася калёс?
– І запіла віном, – раўнадушна адказала Ірына і нечакана ўсхліпнула: – Я больш гэтага не вытрымаю…
– Хутка ўсё скончыцца, – пяшчотна сказаў Ашот. – Ты лепш засні.
Гэтае «засні» імгненным неймаверным цяжарам навалілася на Любіны вейкі. Яна міжвольна заплюшчыла вочы і цяпер не толькі ўбачыла вакол сябе серабрыстыя вадзяныя пырскі, але і пачула грукатлівы шум вадаспада, такі жывы і лагодна-пявучы. На душы стала лёгка і спакойна.
Апошняе, што пачула Люба перад тым, як заснуць, былі словы, сказаныя кімсьці з дзяўчат: «Як бы там ні было, а Ірына на нашых вачах за гадзіну зарабіла аж дзвесце долараў!»
За паўгадзіны да нямецкай мяжы Любу раскатурхаў Ашот і забраў пашпарт, які адразу ж аддаў Дзмітрыю.
– Апошняя праверка, – падаў голас вадзіцель і, пералічыўшы пашпарты, павучальна прамовіў: – На мяжы не мітусіцеся, сядзіце спакойна, у немцаў памежнікі і мытнікі працуюць на пару. Машыны шманаюць рэдка, а на людзей і зусім увагі не звяртаюць. Колькі езджу, у салон ні разу не зазірнулі, нават крыўдна…
Пра тое, што адбылося па дарозе на Варшаву, ні Люба, ні хто іншы не ўзгадвалі. Дый навошта? Праз некалькі гадзін іх шляхі разыдуцца, а там у кожнага свой клопат, як кажуць, свая кашуля бліжэй да цела.
Немцы і сапраўды вельмі хутка і без усялякай цікаўнасці да пасажыраў прагледзелі іх пашпарты, тут жа грукнулі штампам, але больш уважліва перабралі дакументы вадзіцеля, нават прымусілі завесці машыну і праверылі на «СО», яшчэ больш уважліва вывучалі страхоўку і зялёную карту. Зрэшты, калі ўсе пытанні былі знятыя, Дзмітрыю вярнулі дакументы, акрамя аднаго – пашпарта.
Малады, зусім юны, прышчаваты памежнік у велікаватай фуражцы, над губамі тоненькая палоска чорных вусікаў, зазіраючы ў салон машыны, на ламанай рускай мове крыкнуў:
– Фройлен Люба Аникейчик, ком цу мир, аусвайс фальшивка…
У Любы быццам нешта абарвалася ўсярэдзіне. Яна падхапілася на ногі, дрыготкімі рукамі пачала збіраць рэчы. На падлогу звалілася сумачка, з якой высыпаліся біжутэрыя, грошы, люстэрка закацілася некуды далёка пад крэсла, на вачах імгненна навярнуліся слёзы, а вусны шапталі адно:
– Як жа ж так, усё было нармальна…
– Ну, ні халера сабе!.. – вырвалася міжвольна ў Дзмітрыя. – Нашу і дзве польскія мяжы праехалі…
– Что ест хольера? – імгненна зрэагаваў памежнік і, зрабіўшы крок да машыны, паклаў руку на руль. – Это ест русский нецензурный брань в меня? Тогда ты в тюрьма!