– Дзіўна, што за гэтыя дні я так нікога не сустрэла… Хоць я абышла ўвесь горад. Дарэчы, я ж і тут была, каля твайго новага дома. Я хадзіла тут у першы тыдзень пасля таго, што здарылася, мабыць, таму мы з табой размінуліся. Ты быў яшчэ там, на іншым канцы горада… А ты ж не пра жывёл казаў, калі згадваў істот?! Той страшэнны крык, гэта былі яны, пра іх ты кажаш?
– Так, пра іх. Дзіўна, што ты не сустракала істот. Я б сказаў, што табе пашанцавала. Не, ну калі б я сустрэў цябе хоць бы на другі тыдзень, то мне б пашанцавала… А вось істота, гэта жудасць. Непрадказальная, моцная, бясстрашная. Яна ростам, як я ці ты, але выглядае непрыемна. Я спрабаваў прыдумаць ёй імя, а потым, як бы прывык называць па-простаму – істота. Я не сустракаў іх занадта шмат, бачыў і біўся з імі не толькі ў першы тыдзень. Яны, то па адным, то па двое хадзілі ў маім мікрараёне. Потым натоўпамі, акупавалі раён, і я перабраўся сюды. Уладкаваўся, змірыўся з адзінотай і выжываннем. Тут ніколі не было істот, у гэтай частцы горада. Але, я сустракаў іх, хіба толькі адышоўшы далей ад свайго прытулку, калі шукаў прадукты. Крамы з прадуктамі станавіліся ўсё далей і далей. Сёння, ты знайшла мяне, а істота ўжо побач. Магчыма, яна сачыла за табой…
– Мне падалося, што ты абвінавачваеш мяне, у тым, што я прывяла да цябе…істоту, якую я і ў вочы не бачыла?!
– Ды мне пляваць на істот. Я цябе ні ў чым не абвінавачваю, проста кажу аб тым, што яны цяпер захопліваюць увесь горад.
– Я амаль месяц блукала па горадзе, але толькі сёння ўпершыню пачула крыкі і даведалася пра істот. Дзіўна гэта ўсё… У цябе тут так светла. А адкуль электрычнасць? За першы ж тыдзень усе адключылася.
– Тут, каля чыгуначнага вакзала, яшчэ ёсць электрычнасць. Праўда збаіць ўжо, які дзень. Нават радыё працуе, шыпіць часам, але бывае, што грае музыка, паўтараецца толькі адна песня. Вось літаральна ўчора, яно зашумела, затрашчала, а затым зноў змоўкла. А пасля маўчання, скрозь перашкоды, загаварыў малады мужчынскі голас. Я бліжэй падышоў да хрыпаты. Хтосьці казаў. Казаў, быццам на іншай мове. Але я прыслухаўся і разабраўся, пачуў зварот, які гучаў неяк так: «Увага! Усе хто чуе гэта! Усе хто выжыў! Чакаем вас у Бабруйску. Увага! У Бабруйску! Бабруйск – горад для тых, хто выжыў!» Учора бліжэй да ночы яшчэ паўтаралася гэтае паведамленне. І сённяшнім ранкам. Зараз, уключу табе, сама паслухаеш.
Мікалай дастаў з-пад падушкі маленькае чырвонае радыё. Падключыў яго да разеткі і тут жа затрашчаў круглы чорны дынамік. Затым хлопец выцягнуў доўгую антэну і паставіў прадмет на паліцу, як мага вышэй. Зайграла песня:
«…І не звяртаючы ўвагі грому,
Хачу я бачыць твае прамяні!
Каб апынуцца каля дому
І цалавацца ля ракі…»
Мікалай усміхнуўся і паглядзеў на дзяўчыну радаснымі вачыма. Паліна павольна ўстала з-за стала, калі пачула першыя радкі.
– Я ніколі раней не чула гэтую песню, – сказала яна і падышла бліжэй да хлопца.
Яе вусны ўздрыгнулі. Музыка расслабіла душу, былое напружанне знікла на некалькі хвілін. Яна не думала больш пра недавер да Мікалая, не думала пра істот. Паліна вызваліла шкодныя думкі з пасткі памяці, прыслухоўвалася да выканаўца. Унутры з'яўлялася цеплыня.
Радыё перапыніла цішынёй мужчынскі голас выканаўца, змоўклі музычныя інструменты. Ні слоў, ні гукаў. Дзяўчына паглядзела на Мікалая, у яе карых вачах адбівалася цёмная думка. Паліна замерла ў чаканні пачуць нейкія словы ад хлопца. Пачуць ад яго, што зараз прагучыць зварот. Але Мікалай адразу паказаў незадаволены твар, адвярнуўся і з прыкрасцю вымавіў:
– Ну, вось. Цяпер зусім сціхла…
Хлопец пакруціў антэнай. Зноў зашыпела радыё, як гук залевы. Пачуўшы толькі шум і трэск перашкод, Паліна стала яшчэ больш прыслухоўвацца, чакала той самай аб'явы, пра якую так шчыра і жыва казаў Мікалай. Толькі шыпячы фон, нібы рой пчол, нічога больш не выдаваў. Дзяўчына адышла ад радыё, вярнулася да стала з засяроджаным позіркам. Яна ўспомніла пра дачку, вельмі моцна паверыла ў надзею яе адшукаць.
– Гэта дакладна! Мы не апошнія людзі. Мы ж знайшлі адзін аднаго, значыць і іншыя аб'ядналіся. Нам трэба ў Бабруйск! А што калі яна там?! Не, яна дакладна там! Мая дачка Марыя. Мы павінны, як мага хутчэй, накіравацца да яе, у Бабруйск! Мне трэба туды, – задуменна, з вялікім імкненнем казала Паліна, папраўляючы свае мокрыя валасы.
Мікалай прыглушыў радыё, затым выключыў яго. Ён бачыў, як ззяла дзяўчына ад таго, што з'явілася надзея. Прачытаў па яе выразе твару, што яна поўная рашучасці пакінуць Гомель, нават больш, чым ён сам. Хлопец прамаўчаў, прапусціў усе пытанні Паліны і прысеў на ложак, пагладзіў сабаку. Затым, ён зноў паглядзеў у ажыўленыя вочы дзяўчыны і сам заразіўся яе ўпэўненасцю. «Вось яна, магчымасць вярнуцца да людзей!» – падумаў ён і вымавіў услых іншыя словы:
– Нам трэба прыдумаць, як дабрацца да Бабруйска. Патрэбен план. Я не раз падумваў пра тое, што наш горад можа зусім знікнуць…і што я буду рабіць потым?! Мне ў галаву прыходзілі думкі перабрацца куды-небудзь, паглядзець, што робіцца за межамі Гомеля. Але я ўсё адкладаў, спадзяваўся, што ўсё гэтае невытлумачальнае трызненне спыніцца. Але неяк сур'ёзна я не разглядаў свой сыход, баяўся, што за горадам будзе яшчэ горш, чым тут, баяўся загінуць хутчэй, чым дабяруся куды-небудзь. Але калі я пачуў па радыё зварот, гэта стала для мяне, як першы крок да выратавання. Я вырашыў усё добра прадумаць, час у мяне быў. Запасы і дах пакуль таксама ёсць. Гэта ж трэба будзе пераадолець дзесьці палову краіны. А гэта не малая адлегласць, ад Гомеля да Бабруйска…
– Так, ты маеш рацыю. Трэба ўсё добра абдумаць, а галоўнае, хутчэй. Бо калі мы будзем марнаваць час, то паветра можа стаць яшчэ бруднейшым. А ежа, яшчэ хутчэй стане знікаць з паліц, будзе псавацца… Вунь, шматпавярховыя дамы, таксама бурацца. За гэтую ноч адразу некалькі паверхаў знікла, прама нада мной. І, як ты казаў, істот тут становіцца больш. Можа вось ён, наш шанец пакінуць горад?! У цябе ёсць карта? Пашукаем у ёй самы кароткі шлях.
– Няма. Няма папяровай. Была электронная, але сама разумееш, батарэйкі ў першыя ж дні хутка страцілі свой зарад, ператварыліся ў парашок. Я абышоў усе крамы электронікі, што былі паблізу, хацеў нешта змайстраваць, але няма такой батарэі, што трымала б зарад. Сёння я планаваў прайсціся па аўтамабілях, знайсці нешта вартае, а затым наведаць чыгуначны вакзал… Дарэчы, там дакладна павінны быць карты з паперы. Зараз я туды схаджу, пакуль не сцямнела. Я ўжо бываў там, таму, я хутка, – захапіўся планам Мікалай.
– А як жа твой квадракоптар? Я бачыла, як ты яго запускаў сёння раніцай. Як ён мог працаваць? – пыталася Паліна.
– Гэта быў груган, кружыў над мной. Прыстаў. Куды я, туды і ён. Але потым адстаў ад мяне, калі я схаваўся ад яго ў будынку. Атрымліваецца, ты мяне знайшла дзякуючы птушцы?!
– Не зусім. Я і твой сілуэт бачыла, – казала яна, – Я хачу з табой пайсці, па карту!
Хлопец ужо стаяў ля выхаду. Ён збіраўся і рэфлекторна, злёгку ўсміхаючыся, глядзеў на Паліну.
– Не! Не варта, – казаў ён, спяшаючыся да вакзала. – Заставайся тут. Адпачні. Я не ведаю, дзе і як ты правяла мінулыя дні, але табе варта застацца тут. Паклапаціся пра Яшу ці хутчэй, ён пра цябе паклапаціцца. Пазнаёміцеся бліжэй. Бяры тут што хочаш, еш, што хочаш. Усё роўна нам сыходзіць. Так што, збірай сумкі, шукай усё неабходнае. Я ўпэўнены, ты не з тых, хто будзе рабаваць мяне, не з тых, хто задумаў дрэннае. Заставайцеся тут. Так будзе бяспечней для цябе.
Мікалаю хацелася спадабацца дзяўчыне, таму ён гатовы быў дзяліцца з ёй усім і ісці на рызыкоўныя подзвігі.
Паліна трывожна паглядзела на сабаку, затым падняла вочы на хлопца і сказала:
– Асцярожна…
Мікалай быў ужо ў чорнай вопратцы. Ён схаваў сваю лёгкую ўсмешку пад маскай, абараніў вочы будаўнічымі шырокімі акулярамі. Хлопец кіўнуў і хутка выйшаў з памяшкання.
Яша ў той жа момант ускочыў, падбег да дзвярэй, сеў насупраць іх і стаў чакаць гаспадара.
– Спадзяюся, ён вернецца. Тут жа недалёка… – спакойна сказала Паліна гледзячы на адданага сабаку, нібы казала гэта яму.
Яша сядзеў смірна, ён не паварочваўся на звонкі голас, толькі злёгку паварушыў левым чорным вухам.
IV
У гэтую гадзіну сонца толькі злёгку кранала сваімі прамымі прамянямі галаву Мікалая, усё больш цёплае святло растваралася ў цяжкім паветры, у прахалодным парыве шкоднага ветру, які быў змрочным і непрадказальным. Да сярэдзіны дня летні цёплы вецер яшчэ больш узмацніўся. Ён раззлавана гнаў шэры пыл ва ўсе бакі, шумеў і гарэзаваў на кожным вуглу, хаваў усю дробязь, што ўпала да самай зямлі. Грозны вецер лётаў, нібы страціў увесь свой спакой і злаваўся толькі на аднаго Мікалая. Ён дражніў хлопца моцнымі парывамі, калі той толькі з'явіўся на вуліцы. Шчодра абсыпаў яго цела дробнымі пясчынкамі.
Шэры сухі пясок, мяккі, як бавоўна, хутка абхапіў і схаваў у сабе чаравікі Мікалая. Выйшаўшы з хованкі, хлопец усім сваім целам прыняў на сябе бушуючую гарадскую буру. Адчуў, як адзенне ўшчыльную прыціснулася да цела. Моцная дробязь, нібы ўраган пустэльні, атакавала яго. «Хутка ж памянялася надвор'е», – нядобра падумаў Мікола і паглядзеў налева. У ахоўныя празрыстыя акуляры жвава паляцеў ледзь прыкметны пыл. Рот і нос пры гэтым быў прыкрыты чорнай тканінай, якая чысціла, не прапускала змешаны кісларод, давала беспраблемна дыхаць хлопцу. Пры такім надвор'і, трэба было значна часцей замяняць тканіну на новую, чым раніцай ці ж у вечар. Усе астатнія часткі цела, ад плячэй і да пятак, адчувалі больш густое зборышча шэрага парашка, які быццам штурхаў хлопца на першы крок. Мікалай спачатку пільна разгледзеў вуліцу, а затым пайшоў у бок вакзала. Ён дастаў пісталет і ўпэўнена ішоў наперад. Справа не заканчваліся легкавыя аўтамабілі, якія мільгалі, хаваліся ў лятучых пясках. Спачатку, злева, моцна дзьмуў вецер, ён імчаўся з боку пустой прасторы і перашкаджаў Мікалаю. Але як толькі хлопец дайшоў да першага пяціпавярховага будынка, які страціў толькі шэры дах і частку сцен верхняга паверха – стала спакайней, але ненадоўга. Хлопец спяшаўся, хуткімі крокамі кароціў цяжкі шлях. Абышоўшы паркоўку, дзе спалі аблезлыя жоўта-белыя кузава маршрутных таксі, ён павярнуў да палаца культуры і тут жа, праз дарогу, замільгаў чыгуначны вакзал.
Мікалай падняўся на ганак палаца. Прыціснуўся да белай сцяны, каля ўваходных зачыненых цёмных дзвярэй. Стаяў пад белым маленькім балконам і нервова глядзеў, ці няма за светлымі, высокімі, архітэктурнымі калонамі бадзяжных жывёл. Прыслухоўваўся да шуму ветру, выяўляў староннія гукі. Але крыкі і выццё не рэзалі голас пясчанай завеі, хлопец выдыхнуў. Сэрца стала стукаць ледзь цішэй і павольней. Акрамя шэрай гуляючай буры няма нічога і нікога. Мікалай думаў пра тое, як за адну раніцу змянілася яго жыццё пасля сустрэчы з Палінай. Яшчэ ўчора ён баяўся адзіноты, песімістычна думаў пра паход у далёкі горад, думаў, што ў горадзе больш не засталося нармальных людзей. А ўжо сёння, у яго ёсць Паліна, а з ёй: з'явілася матывацыя, адвага, няма чалавечай адзіноты, няма ляноты і апатыі. Яму хацелася хутчэй адправіцца ў падарожжа, пакінуць гэты апакаліптычны горад і пакінуць усе перажыванні. Ён спадзяваўся, што на фінішы іх чакае лепшае жыццё. Ну а пакуль, гэта не зусім засланяла яго хвалюючы стан душы. Бо зараз яго больш турбавала дрэнная бачнасць. Ён не быў упэўнены ў бяспецы. Не хацелася сустрэць наперадзе свайго шляху або на зваротнай дарозе нядобрую істоту, а потым змагацца з ёй у пясчанай ценявой буры. Хлопец працёр акуляры, збіраўся ўжо сыходзіць з-пад балкона, падумваў зрабіць некалькі павольных крокаў, як затрашчала высокая цыліндрычная калона перад ім – Мікалай зараз жа выбег на ходнік, як баязлівы кот. Яго цяжкія чаравікі прыціскалі, рассыпалі і ўздымалі яшчэ больш сыпкага пяску. Вецер заўзята падхопліваў шэрасць і выносіў яе далей. Архітэктурная калона прыхілілася, легла на сцяну палаца, нібы з-за знямогі вырашыла задрамаць.
Рудавалосы хлопец хутка пакінуў звязанае з рызыкай месца. Ён прайшоў праз дарогу, паміж пакінутымі аўтамабілямі, і падышоў да вакзала. Хлопец з трывогай зайшоў унутр будынка. Тонкі пласт сухога парашка з бетону і цэглы, быў паўсюль. На падлозе хаатычна ляжалі сумкі і чамаданы рознай велічыні. Разбітая люстра ляжала там жа, толькі ў цэнтры. Паміж першым і другім паверхам, на лесвічнай пляцоўцы, бязрукая скульптура Леніна, чыя правая рука вялікімі кавалкамі разляцелася па прыступках. Усе кіёскі, крамкі, заставаліся такімі, як да знікнення жыхароў. Вецер разносіў пыл ад незашклёнага акна з боку чыгункі да выхаду ў горад і па іншых памяшканнях. Мікалай паглядзеў уверх. Дах будынка быў у маленькіх дзірках, над галавой праглядалася чыстае блакітнае неба. Хлопец дакладна ведаў, дзе яго чакае папяровая карта з найбліжэйшымі вялікімі гарадамі, з мяжуючымі суседнімі краінамі. Ён хутка накіраваўся туды. У кіёску, сярод газет і часопісаў, акуратна ляжала рознакаляровая дарожная карта яго роднага горада і карта ўсёй краіны. Як толькі хлопец узяў у рукі невялікі вертыкальна складзены кавалак тоўстай паперы, ён зноў падумаў пра Паліну. Прадставіў яе мілы твар, прыгожую ўсмешку, як пры яго вяртанні, яна будзе рада яго адважнаму подзвігу. Затым, прыемныя думкі адпудзіў звонкі стук. Нібы хтосьці выпусціў тонкую жалезную пасудзіну на мармуровую падлогу. Сэрца зноў забілася хутчэй. Хлопец насцярожыўся, прыжмурыўся, агледзеўся. Побач нікога. Мікалай схаваў карту пад адзеннем у вобласці грудзей, пасля памяняў тканкавую маску на твары і павольным крокам стаў рухацца да цэнтральных дзвярэй вакзала. Як раптам, у лёгкім скуголенні ветру прагучаў цвёрды скрыгат. За спіной пачуўся дрыготкі гук. Мікалай развярнуўся і накіраваў пісталет на чалавечую скульптуру, на галаве якой, сядзела маленькае, крылатае, чырвонае стварэнне. Незразумелая, бязперая жывёла моцна ўчапілася зубамі ў помнік і гучна згрызала цвёрды матэрыял. Хлопец уважліва разглядаў раней нябачаную жыўнасць, якая больш нагадвала яму кажан, чым нешта іншае. Яркая афарбоўка быццам паказвала на небяспеку. У гэты ж момант ля параднага ўваходу гучна закрычала іншая істота, ды так, што хлопец на пару секунд аглух. Ціха загуло ў вушах. Мікалай ад нечаканасці стрэліў у скульптуру. Чырвоная пляма ўзляцела і рэзка схавалася ў бушуючай буры. Тады ж, хлопец павярнуўся на звонкі крык і ўбачыў недалёка ад сябе бледны высокі сілуэт, які хаваўся ў бескантрольным дробным пяску. Па невыразнай цені сілуэту можна было падумаць, што Мікалай сустрэў чалавека, гарадскога жыхара. Але з-за моцнага знаёмага крыку, які прыносіў жах, Мікалай не сумняваўся, што перад ім быў вораг. Для яго гэта была чарговая сустрэча з істотай. Пасля двух начэй, калі рэзка памянялася жыццё горада, хлопец пачаў сустракаць іх. Зараз жа істота не падыходзіла да Мікалая, а сам хлопец нерухома стаяў з выцягнутымі рукамі, якія трымалі баявую зброю. Ён не змог дакладна разгледзець мігатлівы цень у пясчанай буры, але ўяўляў ужо знаёмае непрыемнае аблічча істоты. Дзе на гладкай блакітнай скуры былі белыя ўзоры, як тонкія крывыя лініі, якія перапляталіся ў знакі. Пры ціхім надвор'і твар істоты быў чыстым і ледзь вільготным. На круглявай галаве не было валасоў, а на белым фоне вочнага яблыка толькі маленькі сіні круг. Цёмна-шэрыя вусны. Злёгку згладжаныя абрысы носа і вушэй. Істота насіла вільготнае патрапанае чалавечае адзенне.
Мікалай успомніў усе непрыемныя сустрэчы з істотай. Ад адной, ад самай трагічнай, з'явіліся халодныя дрыжыкі, якія прабегліся па ўсім яго дужым целе. Вочы хлопца злёгку напоўніліся вадой і смуткам. Цэліўшы ў галаву, ён адразу ж стрэліў. Затым зрабіў яшчэ два стрэлы ў бок істоты. Мікалай выпусціў усе тры кулі ў худое цела цёмнага сілуэту. І калі ля ўваходу заставаўся стаяць толькі ён, тады хлопец паспяшаўся пазбавіцца ад глыбокіх усхваляваных пачуццяў. Ён зняў чорную пальчатку і выцер вочы, затым роўна задыхаў. Шаптаў: «Гэта была істота, не чалавек…істота…я ўсё правільна зрабіў і ў гэты раз… Цяпер трэба данесці карту!» Хлопец хутка выйшаў з вакзала. На хаду, ён правёў сур'ёзным позіркам тое месца, дзе стаяў сілуэт. Ля ўваходу нікога не было. Цяпер для хлопца галоўным было хутчэй вярнуцца ў свой прытулак. Абабягшы палац культуры, Мікалай чуў далёкія крыкі істот, якія даносіліся з боку вакзала. Ён не рабіў ніякіх прыпынкаў, бег, спяшаўся, моцна сціскаў пісталет. Бура супраціўлялася, ішла ў супрацьход, нібы змагалася з ім, забірала сілы. Калі Мікалай падышоў да дзвярэй, за якой яго чакалі Паліна і Яша, ён не спяшаўся націскаць на кнопку. Хлопец прыжмурыўся счырванелымі вачыма, скрозь мокрыя рудыя вейкі ён выглядваў істоту. Ён не жадаў, каб у яго новы дом уварваліся чужыя. Дрэнная бачнасць не сказала яму ні слова, ён націснуў на кнопку каля дзвярэй і цвёрдым голасам вымавіў:
– Адчыняй!
Дзверы адчыніліся. Напалоханы Мікалай ускочыў у памяшканне, трасучы пыльнай вопраткай, сарваў маску з твару.
– Як ты? У цябе атрымалася? – паспяшалася з пытаннямі Паліна.
Хлопец моўчкі выцягнуў правую руку, не падпускаў да сябе дзяўчыну. Ён хацеў аддыхацца, перш чым нешта сказаць. Спачатку Мікалай паглядзеў на Яшу, які рады быў яго вяртанню. Потым зірнуў на Паліну, на яе прыгажосць. Убачыў: як доўгія чорныя кучаравыя валасы прыгожа ляглі на плечы, як яны атачалі сабой яе мілы белы тварык; як хвалююча бегалі цёмныя вочы; як пяшчотна варушыліся яе пухленькія ружовыя вусны.
– Ты ў парадку? – спытала дзяўчына.
– Так. Добра… Я знайшоў карту. Зараз… – сказаў Мікалай і зняў з сябе брудную вопратку, працягнуў дзяўчыне карту. – Вось. Вось што нам трэба.
– Выдатна! Прабач, але я ў цябе тут знайшла шмат чыстага адзення і вырашыла пераапрануцца ў зручнае. Ці не занадта вяліка на мне сядзіць. Яшу падабаецца. Ты ж не будзеш пярэчыць? Дарэчы, адкуль у цябе столькі ваеннага адзення?
– Табе пасуе, – з усмешкай адказаў ён, – Тут, непадалёк была крама з вайсковым адзеннем. Вось я вырашыў на ўсялякі выпадак узяць з запасам. Я зараз прыбяру пыльныя рэчы, а ты пакуль разгарні карту.
Паліна з азартам раскінула паперу на стале. Вадзіла тонкімі пальцамі па жоўтых лініях дарог, шукала вачамі патрэбны маршрут.
Святло замігацела, задрыжала вельмі хутка, біла па вачах. А праз хвіліну згасла, затым праз секунду зноў уключылася, але ўжо без асаблівых адрозненняў. Гэта крыху напружыла і прымусіла задумацца, асабліва Мікалая, які стаў уяўляць свой план не гледзячы ў карту. Ён у задуменнасці падышоў да дзяўчыны, зладжваў у галаве няпросты паход. Паліна зірнула на яго занадта сур'ёзны твар і спытала:
– Мікалай, як усё прайшло, як ты схадзіў? Ты, дарэчы, хутка вярнуўся…
– Хутка, але не спакойна. Будынкі руйнуюцца на вачах. Пачвары нейкія лётаюць, якіх я яшчэ не бачыў. Потым, наткнуўся на істоту і атакаваў яе першым. Але мне было нескладана дастаць карту. Я і больш складаныя вырашаў праблемы.
– Істота?! – ціха, з нейкай горыччу сказала Паліна.
Унутры дзяўчыны ўзнік неспакой і страх, яна баялася сустрэць нябачаную істоту. Яна не магла ўявіць сабе яе сапраўдны вобраз, затое з лёгкасцю ўяўляла і прыдумляла сабе ўсякае.
– Глядзі! – паказаў на карту Мікалай. – Мы не пойдзем па гэтай дарозе, занадта адкрытая мясцовасць… Гэта ж колькі яшчэ па горадзе крочыць. Не, гэта для нас небяспечна. Мы не зможам выйсці за межы Гомеля. Я прапаную, скарыстацца момантам, пакуль ёсць электрычнасць, і выехаць з горада на электрычцы. Я шмат разоў быў на вакзале, але не адважваўся паспрабаваць завесці электрычку, праверыць яе. Але яна там сапраўды ёсць! – сказаў ён і стаў вадзіць пальцам. – Вось адсюль мы выедзем, як мага далей, прадоўжым шлях па гэтым кірунку. Але ёсць адно «аднак»…стрэлкі на чыгунцы могуць згуляць не на нашу карысць.
– Так мы можам спыніць састаў у любы момант і пайсці пешшу… – дадала Паліна.
– Так. Усё так… Добра. Возьмем за аснову план з электрычкай.
– Дык, а калі будзем выходзіць?
– Ты хочаш зараз выйсці? Не спяшайся. Трэба сабраць рэчы і старанна ўсё абдумаць. Нават калі мы з горада выберамся, нас чакае доўгі, і не думаю, што бяспечны шлях.
Яны яшчэ доўга размаўлялі аб сумесным падарожжы. Пасля доўгіх роздумаў і выстройвання лепшага маршруту – адразу быў пабудаваны план. Які-ніякі, але ўсё ж план, якому яны павінны будуць строга прытрымлівацца, каб не губляць час і не натрапіць на складанасці.
На карце чырвоным маркерам былі пастаўленыя тоўстыя кропкі папаўнення запасаў ежы і піцця, а таксама абведзеныя месцы адпачынку, начлегу. Адна няроўная чорная лінія малявала самы кароткі і лепшы шлях да Бабруйска. Другая лінія, была даўжэйшай, была на выпадак правальнай ідэі рухацца па чыгунцы – служыла планам «Б». Кожны з будучых падарожнікаў, падчас абмеркавання, уносіў свае пажаданні. Пажаданні Мікалая не былі дрэннымі для абодвух, менавіта ён вырашаў, як будзе праходзіць маршрут. А вось пажаданні Паліны патрабавалі зменаў, больш часу ў дарозе. Дзяўчына вельмі хацела ўнесці больш кропак для прывалаў, больш адпачынку, разбіць на адрэзкі вельмі доўгія дарогі. Гэта б дазволіла ёй не прыгнятаць свой арганізм, а ўпэўнена ісці наперад. Яна хацела ацалець, быць заўсёды моцнай, на той выпадак, калі прыйдзецца біцца з істотай. Гэтае пытанне, аб унясенні яе змяненняў, патрабавалі большага пераканання. Мікалаю не хацелася марнаваць час, ён уяўляў дадатковую складанасць, небяспеку не толькі для сябе, але для ўсіх. Лішні прыпынак мог б прывабіць непатрэбных гасцей, небяспечных ворагаў. Але гледзячы ў выдатныя вочы Паліны, якія замілавальна прасілі паслухаць яе, Мікалай нібы растаў і ўсё ж даў слабіну. Цяпер яны павінны будуць зрабіць больш прыпынкаў да Бабруйска, чым планаваў Мікалай.
Раней, калі на Паліну навалілася вялікае гора, калі надышоў дзень застацца адной у шэрым халодным горадзе, калі яе сэрца балела аб знікненні родных, калі прыйшла думка пэўнасці таго, што яна адзіны чалавек – яе матывацыя згасала з кожным трагічным днём. Надзея пра жывых сваякоў тлела і ўсё больш упэўнена аддалялася ад яе. Цёмныя думкі неўзабаве ахінулі яе галаву, парушалі розум. Першыя дні яе адзіноты былі цяжкімі, яна не прымала рэчаіснасць, яна замкнулася ў сабе. Яна не пераставала думаць пра дачку. Не адпускала думка пра яе жывым існаванні. Неўзабаве, прыняўшы трагедыю, з'явілася жаданне зазірнуць за межы горада, каб даведацца ці ёсць яшчэ людзі. Але страх хутка спыніў і адкінуў гэтую ідэю. Паліна блукала з смуткам, з стратай і са сваім згасаючым выжываннем адшукаць дачку. Усё было так, пакуль яна не сустрэла Мікалая, сапраўднага чалавека. Тады зноў ажыла яе надзея на сустрэчу з роднымі, што яны жывыя.
Мікалай астыў ад думкі, што яго сваякі і сябры яшчэ жывыя, у яго была на тое прычына так думаць. Перад Палінай ён яшчэ не адважваўся раскрыць гэты сакрэт. Ён адчуваў яе напорыстасць у голасе, бачыў, як гарэлі яе вочы ад маленькай надзеі, што адрадзілася. Таму, ён проста пагадзіўся з Палінай, не жадаючы мяняць яе настрой.
Цяпер трэба было збіраць рэчы і маральна рыхтаваць сябе да сур'ёзных выпрабаванняў. Рыхтаваць сабаку да паходу.
Усім было страшна і няўтульна ад думкі, што наперадзе можа здарыцца ўсё што заўгодна. Але ў адрозненне ад Паліны, Мікалай ужо наглядзеўся на розныя новыя істоты змяняючага свету. Ён быў гатовы бегчы як мага далей ад іх у бяспечнае месца і думаў пра тое, што будзе гатовы да ўсяго, што сустрэнецца на шляху, будзе гатовы даць адпор любой перашкодзе.
Выходзіць вырашылі заўтра, раніцай. Трэба было добра выспацца, але як можна добра спаць, калі заўтра цябе чакае няпростая дарога? Думкі аб ёй мімаволі лезлі ў галаву. Хваляванне, перажыванне і ўяўленне гоняць сон. Нават сабака не змыкаў сваіх рудых вачэй, адчуваў неспакой людзей.
Ноч была маўклівай, доўгай. Толькі ў яе сярэдзіне двое змаглі заплюшчыць вочы.
Раніцай, завадны гадзінны механізм звонка затрашчаў, закрычаў, як шалёны, аб тым, што пара падымацца. Гэта казала, што малазнаёмыя людзі і адзін сабака, адправяцца ў новыя прыгоды. Мікалай хутка заглушыў раздражняльны гук, двое ляніва ўставалі на ногі. Праз гадзіну, добра прачнуўшыся, ужо ўсе былі сабраныя. Паліна накінула на сябе свой невялікі шэры заплечнік набіты рэчамі і падышла да радыё. Уключыла яго ў апошні раз. Прыемны мужчынскі голас разборліва спяваў пра пачуццё суму, лірычная музыка ахінала словы спевака, станавілася сумна на душы. Песня нібы клікала да сябе. Здавалася, што яе жыўцом спяваюць у Бабруйску і адтуль транслююць на ўвесь свет. Цёпла і меладычна было ў памяшканні некалькі хвілін, пакуль радыё імгненна не змоўкла. У тую ж гадзіну, і святло згасла. Быццам хтосьці апусціў рычаг рубільніка і электрычнасць знікла. Дзяўчына ўбачыла лёгкае святло, якое прабівалася скрозь закрытыя вокны, і, з неспакойным пачуццём, адышла ў бок, бліжэй да дзвярэй. Мікалай у гэты час дастаў светлавую палачку з хімічным святлом, сагнуў яе і кінуў у цэнтр памяшкання. Светла-зялёнае святло дапамагло ім бачыць адзін аднаго. Хлопец пасадзіў Яшу ў спецыяльную сумку-пераноску, а затым спіной павярнуўся і накінуў яе на сябе. Чорны заплечнік, у які змясціліся толькі самыя патрэбныя рэчы, хлопец павесіў спераду. Рыжую валасатую галаву ён схаваў чорным шырокім капюшонам ад талстоўкі, якую ён надзеў на голае падкачанае цела. Ніжэй, на доўгіх нагах, нагавіцы цёмны хакі з тонкай шчыльнай тканіны і светлыя, цялеснага адцення, чаравікі.