Вольны птах
Раман
Мікола Адам
© Мікола Адам, 2024
ISBN 978-5-0062-7694-9
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
МІКОЛА АДАМ
ВОЛЬНЫ ПТАХ
(раман)
І зноў рукі – крылы.
На мяжы быцця і небыцця
Світае трывога святая. Болей
Не будзе абрыдлага болю.
Я – Вольны Птах.
А ўнізе – зямля белая
Ляжыць. Аблокі сплываюць за
Прастор пад зорамі. Бліскавіцы
Мігцяць і падаюць ніцма.
Вочы загінуць там,
Дзе не будзе мяне заўтра.
Крылы згараць там,
Дзе не будзе мяне заўтра.
Я застануся там,
Дзе не будзе мяне заўтра.
Я – Вольны Птах.
(Янка Лайкоў)
10 кастрычніка 1997 года я памёр. Сэрца спынілася на 58 секунд падчас таго, як доктар 9-й клінічнай бальніцы горада Мінска Шкодзік выкалупліваў з маёй прабітай галавы аскепкі цемянной косткі справа. Відаць, нешта зачапіў у мозгу, бо кавыраўся менавіта ў ім, чысціў яго, як марожанае ў вафельнай аздобе, куды трапіла шкло ад магчымай разбітай вітрыны ў магчымай кавярні.
Я тады працаваў спецкарэспандэнтам газеты «Культура». Гучная пасада на самай справе не мела анічога гучнага ў рэчаіснасці. І хоць я меў суадноснае пасведчанне, мае абавязкі пачыналіся і заканчваліся «падай-прынясі». Галоўным чынам я адвозіў у Дом друку звярстаную і спампаваную на дыскету газету, каб яна паспела выйсці ў загадзя абгавораны тэрмін. Выйсці, звычайна, выданне паспявала, аднак з тэрмінамі здачы ў друк амаль увесь час спазнялася. Гэта было маё першае афіцыйнае месца працы. Менавіта ў «Культуры» я зарабіў працоўную кніжку і распачаў працоўны стаж.
У той дзень ці, хутчэй, вечар, бо звычайна ў Дом друку я накіроўваўся менавіта ўвечар і амаль да ночы чакаў там сваёй чаргі (Дом друку адзін, а выданняў, чыё выданне ён забяспечваў, – безліч), нешта ў лесе здохла: газету зрабілі раней вызначанага тэрміну. Вядома, мне перадалі яе на дыскеце, але я не мусіў бегчы ў Дом друку на злом галавы, а заўтра зранку мог не спяшаючыся і разняволена здзівіць працаўнікоў друку, якія ўжо звыклі да нязменнага спазнення і звярталіся да мяне ці да сябе, калі я з’яўляўся на гарызонце іх жыцця, не інакш як «о, культура прыджгала, не прайшло і году». Я наўпрост бачыў іх подзіў на тварах заўтрашняга дня і ўсміхаўся ўсю дарогу да дому (трохпавярховай старой забудовы на Катоўскага з прахадным дваром і гаражамі ды вялізазнай разгалістай алычой пасярод двара), у якім здымаў аднапакаёвую кватэру. Пад алычой на лаўцы я прысеў пакурыць, уяўляючы, з якім задавальненнем неўзабаве павячэраю пельменямі з кефірам, набытымі па дарозе ў краме, бо цэлы дзень нічога не еў, адно курыў. Курывам, калі шчыра, ежу і замяняў, яно забівала голад, спосаб правераны не адным пакаленнем. Яшчэ не было цёмна, але высокі ліхтар, што тырчаў побач з алычой, асвятляў двор і мяне пад алычой так, нібы ўдаваў сябе за сонца. Я дакурваў, калі ў двор зайшлі міліцыянты. Утрох. У форме мышынага караля. Рэйд у іх быў ці нейкая іншая трасца прывяла сюды – пайдзі разбяры. Зрэшты, мая міліцыя мяне беражэ, праўда ж?
– Чё сидим? – данеслася з іх боку да мяне. Я яшчэ азірнуўся, каб упэўніцца, што не памыліўся. І сапраўды, звяртацца не было больш да каго.
– Куру вось, – адказаў я і наіўна запытаў: – Нельга?
– Курить здоровью вредить, – заўважыў адзін з іх.
Тым часам двое міліцыянтаў падыходзілі да алычы, пад якой сядзеў я, а трэці чамусьці абыходзіў алычу з тылу. Усе трое – маладыя, сытыя, адкормленыя.
Ім не спадабаліся мае доўгія валасы і беларуская мова, якой я з імі размаўляў. Яны палічылі, што я бэнээфавец, а таму перашкаджаю ім жыць. Я запытаў, якім чынам перашкаджаю жыць менавіта ім, і ў наступную секунду адчуў шолах з-за спіны, падобны на пошум крылаў, а затым боль у галаве і млоснасць. Трэці міліцыянт некалькі разоў нечым вострым і цяжкім прыклаўся да маёй галавы. Я споўз з лаўкі на зямлю, каб прымаць ужо ўсім целам удары берцаў міліцыянтаў, засяроджаных і маўклівых. Яны толькі саплі ад напругі. Магчыма, не хацелі выпадкова прыцягнуць увагу да сябе.
Не памятаю, у які момант я страціў прытомнасць, але да цямы прыйшоў дзякуючы халодным дотыкам да твару нечых далоняў. Не без цяжкасцяў разляпіў вочы і сустрэўся з вачыма дзяўчыны, прыгажэй за якую ніколі не бачыў ні раней, ні пазней. Ва ўсякім разе так здавалася пад святлом ліхтара.
– Эй, ты жывы? – ляпала яна па маіх шчоках далонямі.
Яе бялявыя, як снег, але не сівыя, валасы, быццам падушачкамі пальцаў, краналіся маіх губ. Непрытворная заклапочанасць у глыбокім калодзежы позірку, блакітным, як бязвоблачнае неба, абнадзейвала да нечага светлага. Перад ім карцела выглядаць героем, якім я і памкнуўся стаць, зразумела, няўдала, бо рэзкі боль у баках пад рэбрамі ад першай жа спробы падняцца ледзьве не адправіў мяне ў накаўт. Добра, што стрымаў крык. А мо не стрымаў? У вачах дзяўчыны вавёркамі праскакаў спалох. Дзіўна, што яна ўвогуле звярнула ўвагу на мяне і не палічыла шараговым п’янтосам. Я б на яе месцы дакладна прайшоў міма паўз сябе такога. Сердабольная ці што? Ужо злаваў на дзяўчыну з-за ўласнай бездапаможнасці, а мне ўсяго 19 гадоў. Тым не менш разумеў, што без яе дапамогі – хана. Яна тады паспрабавала зварухнуць мяне самастойна, дапамагчы падняцца хаця б на лаўку, каб не ляжаць на халоднай восеньскай зямлі, зайшла за спіну, прасунула рукі пад пахі…
– Ой, бля!.. – пачуў я выразна над галавой. Відаць, дзяўчына пабачыла зверху нешта страшнае, напэўна, рану ці кроў у валасах. – Дапамагай мне, чуеш, я не завалаку цябе сама, – нахілілася над вухам, – тут два крокі да пад’езда. Трэба «хуткую» выклікаць…
А тэлефонаў мабільных тады яшчэ не прыдумалі. Яшчэ нават пэйджараў не было. Ва ўсякім разе я ні ў кога не бачыў са знаёмых.
Мы напружыліся. Ад болю пад рэбрамі (здавалася, што нехта ці нешта з задавальненнем водзіць нажоўкай туды-сюды) цямнела ўваччу, не слухаліся ногі, падгіналіся бы лялечныя. Дзіўна, што не балела галава, а мо я проста не адчуваў з-за іншага болю. Урэшце рэшт дзяўчыне ўдалося паставіць мяне на ногі і завалакчы ў адзін з пад’ездаў, які быццам пазіраў на нас наўпрост раззяўленай цьмяна асветленай зяпай з-за напята распахнутых дзвярэй. (Недзе праз год я зайду ў гэты ж пад’езд разам з акторамі трупы Тэатру на філфаку адзначаць прэм’еру «Дон Жуана» ў кватэры Андрэя Курэйчыка, які тады вучыўся на юрфаку і стаяў ля вытокаў тэатральнай дзейнасці пад кіраўніцтвам Глебавых – маці і сына. Не памятаю дакладна ўсіх тых, хто апынуўся ў кватэры будучага драматурга і рэжысёра, але добра памятаю, як насіў па кватэры на руках Олю Сутарміну – лёгкую, бы пёрка). Краем вока паспеў заўважыць, што пакунак з пельменямі і кефірам знік, і тым, хто прыбраў яго, пажадаў падавіцца.
Дзяўчына праткнула ключом бакавыя дзверы кватэры на першым паверсе, прасунула руку ў цемрыва, намацала выключальнік. Загарэлася святло ў вітальні, і я рухнуў на тумбачку трумо. Дзяўчына памкнулася да тэлефона – чырвонага і дыскавага – што нібы кошка адпачываў на паліцы насупраць, выклікала «хуткую» і назвала адрас. Яна не запытала ў мяне, дзе я жыву, хто я такі, як апынуўся ў двары пад алычой збіты на горкі яблык. Зрэшты, на твары слядоў ад збіцця не назіралася. Напэўна, падсвядома я закрываўся рукамі, яны ўжо пачыналі смылець. Пад вачыма, праўда, збіралася чарноцце кінгаўскай імглой, але, як пасля даведаўся, гэта нармальная з’ява для чэрапна-мазгавых траўмаў.
Дыхаць, седзячы, было цяжка. Калі ляжаў, здаецца, дыхалася лягчэй.
Дзяўчына нервова тузалася па кватэры, палівала кветкі, што стаялі ў вазонах на падваконнях.
«Хуткая» прыехала на дзіва хутка.
Маладому доктару хапіла аднаго пагляду на мяне, каб сказаць: забіраем. Ён вылупіўся на дзяўчыну, відаць, чакаючы яе згоды ці нейкіх іншых дзеянняў. Я бачыў, як яна вагалася, нешта вырашала сама з сабой, а потым паведаміла, што едзе са мной.
Прывезлі ў 2-ю клінічную. Дзяжурны доктар адразу адправіў на здымак, але затым ніводнага разу не глянуў на яго, апрацаваў рану, зашыў і ўсё, гудбай.
– Якое гудбай?! – абурылася мая ратаўніца. – Вы здымак бачылі, там мінімум уціснуты пералом цемянной косткі! Дый з рэбрамі што?
– Ты што, доктар, што ўсё пабачыла праз валасы? – незалюбіў дзяжурны доктар. Яму не хацелася нічога складанага, ён быў стомлены, знерваваны… І я яго разумеў, мне таксама карцела сысці як найхутчэй, дабрацца да «Сямёркі» на Кастрычніцкай, трапіць у інтэрнат і адляжацца ў каго-небудзь з аднакурсніц (я вучыўся на трэцім курсе філфака ў той час, але страціў інтэрнат, таму пайшоў працаваць, каб аплочваць здымнае жыллё). Чамусьці не сумняваўся, што мне проста неабходна ў «Сямёрку», магчыма, бліжэй да людзей, знаёмых і правераных. Фраза пра ўціснуты пералом мяне насцярожыла…
Дзяжурны доктар узяў здымак майго чэрапа, пачаў узірацца ў яго, і выраз твару яго з лянівага і абыякавага выразна змяніўся за лічаныя секунды ў неспакойны і ўсхваляваны. Ён адправіў мяне на паўторны здымак, параўнаў затым абодва, пачаў некуды тэлефанаваць, пасля чаго да нас падышла маладая дактарыца, таксама, відаць, дзяжурная, і сказала, што павязуць мяне ў Дзявятую, адно трэба пачакаць машыну, якая з хвіліны на хвіліну будзе. І ў той момант я зразумеў, што, калі б не дзяўчына, не інакш анёлам-ахоўнікам узніклая раптоўна ў маім жыцці, я б здох праз гадзіны тры па дарозе дадому альбо, апынўшыся ўсё ж дома, лёг спаць і ранкам не прачнуўся б. Мяне перасмыкнула ад усведамлення магчымага фіналу і невыносна захацелася курыць. Я ўстаў з вазка, на якім сядзеў, як інвалід, і пакіраваў да выхаду на вуліцу пад наглядам здзіўленых позіркаў прысутных. Колькі секунд яны маўкліва, быццам ім адняло мову, узіраліся ў мае перасоўванні. Я даволі трывала трымаўся на нагах, чым здзівіў сам сябе, не адно дзяжурных дактароў і маю ратаўніцу. Значыць, рэбры не пашкоджаныя, хіба што крыху пакоцаныя. Дактарыца (яна з доктарам аб нечым шушукалася, перакатваючы з кута ў кут вуснаў у чырвонай памадзе шарыкавую асадку), відаць, першаю прыйшла да цямы і занепакоеным голасам быццам дагнала мяне, каб спыніць:
– Вы ж толькі глядзіце не збяжыце!
– Не збяжыць, – апярэдзіла мяне з адказам дзяўчына, якой я быў абавязаны жыццём, і борзда апынулася побач.
– Я пакурыць, – прагучалі мае словы, хутчэй за ўсё, як апраўданне.
Дактарыца кіўнула, маўляў, зразумела, і зноў зашушукалася аб нечым з доктарам.
Мы выйшлі пад брыль. На вуліцы церусіў дождж. Дзяўчына працягнула дажджу сваю руку, я падумаў, каб ён пацалаваў яе, аднак на самай справе, каб пагладзіць яго, бы сабаку. Так яна мне растлумачыла. Я паціснуў плячыма: у кожнага свае закідоны. І закурыў. Дзяўчына папрасіла яе пачаставаць цыгарэтай і сказала:
– Я – Насця.
Так проста і нязмушана. І з той хвіліны імя яе для мяне стала адзіным найлепшым імем з усіх жаночых імёнаў у свеце.
Я назваўся таксама. Яна кіўнула, маўляў, адобрыла.
Тады я ўзгадаў пра газету, якую заўтра трэба было завесці ў Дом друку, што не ўяўлялася магчымым, улічваючы абставіны. Трэба было камусьці тэлефанаваць з работы, папярэдзіць, што я не змагу… Насця заўважыла маю заклапочанасць на твары, папытала, што здарылася. Без усякай задняй думкі я вываліў на яе яшчэ і гэта.
– Дык ты журналіст? – адзначыла для сябе яна і зрабіла суадносныя высновы, у тым ліку, што збіць мяне маглі за прафесійную справу.
«Ды які я журналіст?» – ледзь не прызнаўся я ў адваротным, але чамусьці змаўчаў, да таго ж дзяўчына ўжо пагаджалася завесці дыскету з газетай ў Дом друку за мяне. І я не сумняваўся, што яна не падвядзе, працягнуў пропуск на тэрыторыю і дыскету дастаў з унутранай кішэні скуранкі.
Пад’ехала машына, да нас выйшла дактарыца, і мы пакіравалі на Сямашка.
Мяне ўжо чакалі ў аперацыйнай нейрахірургічнага аддзялення, спачатку, праўда, завялі ў кабінет да доктара, які мусіў правесці аперацыю. Насця і тут не пакінула мяне аднаго. Доктар прапанаваў нам сядаць, а сам уважліва вывучаў здымак ды іншыя дакументы, перададзеныя дактарыцай з 2-й клінічнай бальніцы. Неўзабаве адклаў здымак, шумна выдыхнуў і запытаў у мяне, ці ёсць у Мінску блізкія сваякі.
– Адкуль? – шчыра адказаў я.
– На падобныя аперацыі патрэбны дазвол сваякоў, – патлумачыў ён. – Вы можаце, вядома, і самі падпісацца, але аднаго вашага аўтографа недастаткова.
У мяне пахаладала ў грудзях. Дакладна вельмі сур’ёзна ўсё, калі адказнасць за магчымую няўдачу перакладаецца на плечы пацыента.
– Я падпішу, – мовіла Насця і абнадзейвальна сціснула маю далонь у сваёй.
– Вы хто? – утаропіўся доктар позіркам у дзяўчыну.
– Сваячка, – адказала дзяўчына. – Дальняя, – дадала дзеля пэўнасці.
– Ну, – працягнуў доктар, – тады ўсё добра. – Працягнуў нам загадзя падрыхтаваную паперу. – Падпісвайце.
Я падпісаў не чытаючы. Насця азнаёмілася з тэкстам дакумента і падпісала таксама. Вярнула яго доктару і запытальна зірнула на яго, маўляў, што далей.
– Вы, – звярнуўся ён да яе, – напэўна, можаце ехаць дамоў. Прыязджайце заўтра.
– Добра, – згодна кіўнула Насця і падышла да мяне. Разам мы выйшлі на калідор.
– Я ўсё зраблю, ты не хвалюйся, – паабяцала. – Пабачымся яшчэ…
– Пачакай, – спыніў я дзяўчыну і палез па грошы, каб адзячыць хоць чым, хаця б за таксі заплаціць. У мяне нічога не забралі, калі не ўлічваць кефіру з пельменямі, проста збілі і ўсё, а літаральна ўчора атрымаў заробак, то грошы меліся.
– Не трэба нічога, – зразумела, відаць, адразу Насця сэнс маіх патуг. – Потым разлічымся, – усміхнулася. Ад усмешкі яе сэрца ў грудзях завуркатала кацянём. – Не сумнявайся, усё будзе добра, – прыхінулася на імгненне. – Да сустрэчы! – пацалавала ў шчаку і, не азіраючыся, пакіравала да ліфта, а мяне медсястра (сталага веку жанчына, ці мне гэтак падалося, бо ў яе вытыркалася сівая пасма з-пад асноўнага масіву валасоў, сабраных у гулю на патыліцы, і спускалася паўмесяцам ад скроні да шчакі) завяла ў працэдурную і пастрыгла налыса. Сцэна стрыжэння адзін у адзін паходзіла на эпізод з фільма «Па мянушцы «Звер» з удзелам маладога Д. Пяўцова, які выконваў ролю Савелія Гаваркова, хіба што прычыны адрозніваліся. Спачатку жанчына адрэзала нажніцамі хвост, сабраны з маіх валасоў, а потым філіровачнай машынкай без насадкі знізу ад шыі ўверх быццам узворвала цаліну. Адразала лусты чарназёму, якія, нібы з плуга, падалі на падлогу.
У невялікім тамбуры паміж калідорам і аперацыйнай сустрэлі дзве аперацыйныя маладыя медсястрычкі з усмешлівымі добразычлівымі вачыма. У адной з іх вочы здаваліся густа зафарбаванымі карычневым фламастарам, як у гераінь дзіцячых расфарбовак. Вочы другой нагадвалі летні, насычаны зялёным колерам лес пасля дажджу. Я нават адчуў пах гэтага лесу, хоць з нараджэння не чую аніякіх пахаў увогуле. Першая вялела скідаць з сябе ўсё адзенне. Я, памятаю, перапытаў: у сэнсе ўсё? Яна адказала, што ў прамым, дагала, такія правілы. На кушэтцы пад сценкай якраз чакала загадзя падрыхтаваня каробка, у якую другая медсястра па меры распранання складвала мае рэчы.
– А божжа мілы! – зрэагавала каравокая медсястра на гематомы па ўсім целе. – Ты што, з фронту?..
– Ага, – адразу адгукнуўся я, – з-пад Сталінграда.
Дзяўчаты захіхікалі, але, відавочна, не з майго няўдалага жарту. Напэўна, голым я выглядаў пацешна. Да таго ж ганарліва выпрастаўся, каб рашуча пакіраваць да аперацыйнага стала. Што ж, гонару хапіла на колькі крокаў, а затым мяне павяло ўбок. Не хапала яшчэ страціць раўнавагу і пабіць галаву аб падлогу. Вось была б іронія лёсу. Дзяўчаты кінуліся на дапамогу. Ад сораму не ведаў куды сябе падзець, але ўсё ж даў зразумець, што сам, сам дабяруся да месца канчатковага прызначэння. Паверылі.
Ускараскаўся пад лямпы. Медсястра з зялёнымі вачыма накрыла мяне прасцінай да грудзіны. Іншая медсястра рыхтавала руку для ўвядзення наркозу.
– Зараз зробім табе ўкольчык, ты далічыш да дзесяці і заснеш, – сказала яна і пракаментавала яшчэ ўвод наркозу ў вену: – А таўстаскуры які!..
Я не паверыў, што можна далічыць да дзесяці і праваліцца ў сон, аднак паспеў далічыць адно да трох.
Ачомаўся я ад недахопу кіслароду. Дыхаць не было чым. Здавалася, нехта наўмысна, як трубы, перавязаў дыхальныя шляхі. І смага паліла ўнутры агнём. Піць хацелася невыносна. Я намагаўся папрасіць вады, але не мог вымавіць ні гуку. Зрок не слухаўся. Вочы нічога не бачылі. У іх адсутнічала рэзкасць, як у неналаджаным фотааб’ектыве. Адно нейкія невыразныя цені плавалі перад вачыма. Напэўна, пачаў размахваць рукамі, павыдзіраў кропельніцы, бо адчуў, як з двух бакоў рукі мае прыціскаюць да нечага халоднага і цвёрдага.
– Куды сабраўся ўжо? – пачуў голас медсястры з зялёнымі вачыма. – Яго ледзьве з таго свету выцягнулі, а ён на гулі, не іначай, намыліўся.
Пасля яе слоў зноў некуды ўсё знікла, як пасля таго, калі я далічыў да трох. Толькі праз суткі, нарэшце, здолеў сяк-так расплюшчыць вочы і адэкватна рэагаваць на рэчаіснасць у палаце на двох, голы, хоць і пад прасцінай. З эпікрызу з цягам часу даведаўся, што доктарам-нейрахірургам «зроблена экстраная хірургічная аперацыя адкрытага ўціснутага пералому цемянной косткі сярэдняй цяжкасці справа, ушыбу галаўнога мозгу з лёгкім гіпертэнзіўным сіндромам, умеранымі вегетасасудзістымі парушэннямі і мікраачаговай сімптаматыкай. Становішча пасля аперацыі: дэфект цемянной косткі справа памерам 2,5 х 1,5 см (іншымі слова яе там няма), непрацаздольны. Рэкамендуецца акадэмічны адпачынак». Подпісы лекуючага доктара, загадчыка нейрахірургічным аддзяленнам, пячаткі. Зрэшты, не ўсё так фігова. Ідэнтычныя маёй траўме мелі савецкі актор Анатоль Папанаў і амерыканская акторка Ума Турман.
Ці чакаў я Насцю? Ці хацеў, каб яна пабачыла мяне такога – голага пад прасцінай, з перабінтаванай галавой і вартага жалю? Ды яшчэ з суседам па палаце – дзядзькам гадоў пад трыццаць, у якога не адно траўма галавы была, а зламаныя рэбры, рука і нага ў дадатак да бандажу на шыі (ён працаваў на будоўлі і навярнуўся з лясоў, у якіх трос адарваўся на вышыні чацвёртага паверху, добра, што не на голую зямлю ўпаў, а на пясок грудком)? Так, чакаў. Так, хацеў. Нягледзячы ні на што. Хаця асабліва губу не раскатваў. Хто мы адно адному? Выпадковыя мінакі. Калі б дзяўчына не прайшла міма, ніколі б жыцці нашы не перасякліся, дый ці б працягнулася маё жыццё ўвогуле. А мо яна проста плод майго ўяўлення? Пабочны эфект пашкоджанага мозгу? Магло такое быць? Цалкам магчыма. Бо хто ў нашым кончаным свеце пры ясным розуме і светлай памяці прыпыніць свой бяссэнсавы шлях у нікуды, таропкі і засяроджаны, каб вылучыць хаця б некалькі хвілін уласнага бясцэннага існавання на незнаёмца, які, хутчэй за ўсё, апынецца няўдзячнай п’янай тварынай альбо ванючым вашывым бамжом? Я сам так лічыў. Абыякавасць у крыві кожнага, абы мяне не чапалі, няхай вакол хоць планавае вынішчэнне нацый, хоць канец свету. Хіба што анёлам не ўсё адно. Магчыма, Насця якраз з племені гэтых пярнатых? Але яна абяцала, што мы пабачымся. Узяла пропуск у Дом друку, каб дапамагчы з газетай. Пропуск на звычайнай паперы, без фотаздымку, з напісанымі шарыкавай асадкай прозвішчам ды ініцыяламі ўласніка пропуску. Яго асабліва не правяралі. Галоўнае, што зверху мелася шапка з вялікімі тлустымі літарамі «Дом друку». Калі праходзіш праз прахадную, проста трымаеш пропуск у руцэ так, каб шапку было відаць, і ідзеш сабе далей. Я не сумняваўся ў Насцінай дапамозе, я сумняваўся ў сабе. Хто яна, а хто я? Зрэшты, ні я нічога не ведаў пра дзяўчыну, ні яна пра мяне, і лягчэй ад усведамлення апошняга не рабілася. Затое ведаў, дзе Насця жыве, так што, калі што, сам завітаю ў госці пасля выпіскі з бальніцы, каб хоць дзякуй сказаць.
Разважанні мае перарвалі нечаканыя госці з міліцыі (дактары мусілі паведамляць у органы пра ўсе выпадкі гвалтоўных пашкоджанняў пацыентаў, якія траплялі да іх тым або іншым чынам). Яны ўвайшлі ў палату ўтрох. Двое ў форме. Трэці, відаць, следчы, якому ні я, ні мая справа не падабаліся апрыёры і з’яўляліся звычайнай руцінай, нуднай і нікому непатрэбнай, у першую чаргу яму. Следчы выглядаў галівудскім прыгажуном, глянцавым, бы часопіс пра кіназорак, без аніводнай зморшчынкі на твары, падобным больш на маску, чым на твар. З верхняй кішэні на бліскучым цёмным пінжаку вытыркаўся трохкутнік насоўкі. У параўнанні з ім іншыя двое нагадвалі прыслугу. У адным з іх я пазнаў удзельніка майго збіцця. Ён наўрад ці пазнаў мяне, але пільна ўзіраўся ў мой твар з чорнай кінгаўскай імглой пад вачыма, асабліва пасля слоў следчага пра месца здарэння, у якім мяне збілі. На яго твары аддрукоўвалася кожная думка, змяняла адна адну, як сурдапераклад па меры прасоўвання маналогу следчага, адрасаванага да мяне. «Я знайду цябе. Я кожнага з вас знайду», – пазіраў на яго я і абяцаў сам сябе. У якійсьці момант трансляцыя думак на твары міліцыянта прыпынілася, на ім засняжыла, як у тэлевізары пасля заканчэння ўсіх праграм. Гэта я сказаў следчаму, што нічога і нікога не памятаю. Скажаш праўду, і апынешся вінаватым. Яны хуткія на падобныя пертурбацыі. Следчы тады, незразумела, ці ўзрадаваны, ці раздасадаваны, пажадаў мне папраўляцца, а ён яшчэ зазірне на тыдні ў спадзеве, што я ўсё ж што-небудзь успомню. Доктар яму казаў, што частковая амнезія магчыма, трэба набрацца цярпення і пачакаць. Пра Насцю не ўзгадаў ні разу.
Яна прыйшла пасля абеду, бліжэй да вечара. Мне якраз вярнулі рэчы, прынеслі ў каробцы, куды перад аперацыяй склала медсястра з вачыма колеру лесу. Ну хоць не голы.
Спачатку ў дзверы палаты нясмела ціхутка пастукалі, потым дзверы прачыніліся і праз іх прашчамілася, нібы шырэй яны не адчыняліся, Насця. Спынілася на парозе, ружовавалосая, з коскамі-рожкамі, у ружовай памадзе на вуснах. Залыпала лялечнымі вейкамі над нябёсным блакітам вачэй.
Я так быў рады прыходу дзяўчыны, што невыносна захацелася кінуцца да яе і абняць, выказаўшы такім чынам сваю ўдзячнасць і магчымасць адчуць сапраўднае шчасце. Так, шчасце! Менавіта яго я адчуў ад прысутнасці ў палаце Насці. Я нават зрабіў крок насустрач, як высветлілася, уяўны, бо ляжаў на ложку паўзверх пасцелі (апрануць штаны і кашулю каштавала мне не абы якіх высілкаў) і не мог паварушыцца. Ці мог, але не атрымлівалася, напэўна, пасля ўколаў, якія ўзялі пад кантроль мае рухі. Насця паспяшалася прамовіць, каб я не ўставаў, паклала на тумбачку каля ложка пакунак з пачастункам і прысела ў нагах. Я ўсміхаўся ёй, відаць, як ідыёт, бо ўласную ўсмешку, якая не сыходзіла з майго твару ўвесь час, пакуль Насця знаходзілася ў палаце, менавіта ідыёцкай і лічыў. Але дзяўчына ніяк яе не пракаментавала.
– Ну прывітанне, герой-любоўнік! – ветліва мовіла.
– Прывітанне, – ахвотна адгукнуўся я. – Чаму герой-любоўнік? – адразу спытаў, бо не зразумеў сэнсу пачутага.
– Чаму герой ці чаму любоўнік? – яшчэ больш заблытвала яна.
– Я не герой, – паціснуў плячыма, – і тым больш не любоўнік.
– Чый не любоўнік? – відавочна пакеплівала з мяне Насця, а я працягваў усміхацца балван-балваном. – І чый не герой? – дадала.
– Твой не герой і не любоўнік, – выціснуў з сябе і зірнуў на суседа, што пасопваў у ложку насупраць. Цікава, прытвараўся ён, што спіць, ці ўслухоўваўся ў нашу з Насцяй размову?..
– Ну, гэта часова, – усміхнулася дзяўчына неяк загадкава і шматабацяльна. Хаця, напэўна, мне гэта толькі падалося.
– У сэнсе? – туга даходзіла да мяне, што, зрэшты, даравальна, бо ЧМТ.
– У перспектыве, – падсунулася Насця бліжэй і чамусьці пакратала мае вушы, якія тырчалі, бы лакатары. – Вушасты які! – адзначыла, але не здзекліва, а неяк задуменна. – Ці ты супраць? – зноў нечакана агаломшыла пытаннем.
– Я? – перапытаў.
– Не, я, – выдыхнула паветра ўбок дзяўчына, быццам дым пасля зацяжкі цыгарэтай. – Рада бачыць цябе, кажу, у добрым здравіі. На вось, – палезла ў сумачку, дастала пропуск у Дом друку і працягнула мне, – гэта тваё. Газету занесла, у рэдакцыю патэлефанавала, паведаміла пра цябе, – адчыталася. – Супрацоўнікі табе спачуваюць і жадаюць хутчэйшага адужвання і вяртання ў калектыў. – Памаўчала і дадала: – Я таксама.
– Ты – цуд, – інакшых словаў, каб аддзячыць, не знайшоў.
– Я ведаю, – задаволена ўсміхнулася дзяўчына. Затым твар яе спахмурнеў і яна сказала паўшэптам: – Тут чуткі да мяне дайшлі, што ў цябе было сэрца спынілася. Што бачыў, не падзелішся?
– Ды нічога, – неахвотна адказаў я, бо сапраўды нічога не бачыў, а мо проста не памятаў.
– Зусім нічога? Ніякіх тунэляў ці белага святла?.. – не верыла Насця.
– Не, – расчароўваў я яе на роўным месцы. – Хаця, – трэба было нечым здзівіць дзяўчыну і я вырашыў здзівіць, – штосьці альбо кагосьці, хутчэй, бачыў.
Сказаў і замоўк. Нагнятаў паўзу і нецярпенне пачуць працяг.
– Ну і каго… Бога? – зрабіла Насця спробу ўгадаць.
– Не, – адказаў я адмоўна, – лепш.
– І каго ж?
– Цябе.
– Мяне?! – не паверыла Насця, але ёй, напэўна, хацелася, паверыць у тое, што я казаў. – І што я рабіла?