Книга Вольны птах. Раман - читать онлайн бесплатно, автор Мікола Адам. Cтраница 2
bannerbanner
Вы не авторизовались
Войти
Зарегистрироваться
Вольны птах. Раман
Вольны птах. Раман
Добавить В библиотекуАвторизуйтесь, чтобы добавить
Оценить:

Рейтинг: 0

Добавить отзывДобавить цитату

Вольны птах. Раман

– Клікала мяне за сабой.

– Праўда?

– Праўда. І яшчэ рукой махала, каб паказаць шлях, куды мне рухацца, каб не застацца там, дзе цябе няма.

– Гэта… я… магу, – мовіла Насця марудна праз інтэрвалы. А затым выпаліла: – Ды хлусіш ты ўсё! У вас, журналістаў, у крыві хлусіць.

– Я не журналіст, – рашуча запярэчыў.

– А хто ж тады?

– Паэт.

– Хто?

– Вершы пішу.

– Тады тым больш.

Узнікла нялоўкая паўза, бы прусак прабег паміж намі.

– Але добра, што ты вершы пішаш, – прамовіла затым дзяўчына. – Пачытаеш?

– Цяпер? – спалохаўся чагосьці я.

– Не, не цяпер, – адмовіла Насця і з заклапочаным выглядам зірнула на гадзіннік. – Цяпер мне трэба па справах. Але іншым разам абавязкова! – абнадзеіла.

– Ты яшчэ прыйдзеш? – дакрануўся я да яе далоні з замерлым сэрцам.

– Ну канешне! – супакоіла дзяўчына. – Нават не сумнявайся!

Яна паднялася з ложка, наблізілася да мяне ўсутыч, нахілілася і пацалавала ў губы, доўга і соладка.

– Гэта каб ты не сумняваўся, – патлумачыла пасля. – Лопай пакуль вітаміны. І да сустрэчы!

Насця наблізілася да дзвярэй, падміргнула, як піратка, і сышла, а ў маёй галаве адразу ж успыхнулі вогнішчам рыфмаваныя словы:


Дыягназ кахання паставіла восень

Пячаткаю вуснаў на аркушы зносін:


Дэфект спаткання на свежае ране

Адкрытага пералому кахання.


У поліэтыленавым пакунку з абліччам Курта Кабэйна па баках, прынесеным Насцяй, я выявіў гронку бананаў, пяць вялікіх насычаных чырванню яблыкаў, якіх з’есці, здавалася, тое самае, што ўчыніць злачынства, бо выглядалі яны як шэдэўры сусветнага мастацтва, і літровую каробку апельсінавага соку. З бананамі адбылася цэлая гісторыя ці, лепш, спецаперацыя. Калі б не сусед, які са свайго ложка ва ўсе вочы пазіраў на гасцінцы, што я выклаў з пакунку на тумбачку, напэўна, шляхам памылак і спроб я б неяк зладзіў з экзатычнымі фруктамі: разабраўся б пакрысе, якім чынам іх ядуць. Зразумела, я ведаў, што такое бананы, але ніколі раней блізка з імі не сутыкаўся, тым больш не каштаваў. А выглядаць ідыётам у вачах суседа, як баяры Пятроўскіх часоў, калі ён прывёз з-за мяжы ў Расію бульбу, і тыя елі яе сырую ды неачышчаную ад шалупіння, не хацелася. Я прапанаваў суседу пачаставацца і працягнуў гронку з бананамі. Ён ахвотна адламаў адзін з іх, самы вялікі, заціснуў паміж ног і здаровай рукой спрытна распячатаў плод, бы абабраў кукурузу. Усё ж ідыётам пабыць я паспеў, бо, паўтараючы за суседам, упэўнены, што ўсё раблю правільна, таксама заціснуў адзін з бананаў паміж ног. Сусед рагатаў гэдак, што ледзь паўторна не зламаў шыю пад бандажом. Спачатку я пакрыўдзіўся на яго смех, мяне нават кінула ў чырвань, як рака ў кіпені, аднак у выніку рассмяяўся таксама. Сам жа вінаваты. Лепш бы запытаў проста, язык не адняўся б.

Ён пасля пакепліваў з мяне. Распавёў пра здарэнне жонцы, якая наведвала яго штодня. Яна не смяялася, усміхалася куткамі вуснаў, з-за чаго на шчоках гарэзавалі ямачкі, азараючы яе твар незямным святлом. Здавалася, перажывала яна за мужа больш, чым ён за сябе, уздыхала цяжка, праўда, так, каб ён не пачуў. Прыносіла больш хатняй ежы, баршчы ў судках, катлеты. Што з ім потым сталася, я не ведаў. Наступным днём мяне перавялі ў агульную палату, бо загойвалася ўсё як на сабаку (малады здаровы арганізм, бла-бла-бла, ніводнага сур’ёзнага пашкоджання ўнутраных ворганаў і ўсе косткі цэлыя: біць не ўмееце, рахіты. А за дзірку ў галаве адкажаце! Памяць у мяне фатаграфічная, таму я памятаў твар кожнага), і больш яго не бачыў.

Апынуўся я ў палаце на восем чалавек. У ва ўсіх чмт, усе як партызаны з перабінтаванымі галовамі, у некаторых складаныя пераломы рук ці ног. Зрэшты, нейрахірургічны паверх, калі пройдзеш ім уздоўж і ўпоперак, чым я скарыстаўся адразу ж, каб размяць ногі, цалкам складаўся з падобных бедалаг, улічваючы некалькі жаночых палат.

Праваруч ад майго ложка, пад акном, ляжаў вахцёр Купалаўскага тэатра, хударлявы паважанага веку стары, якога збілі гопнікі на бязлюднай чыгуначнай станцыі Гай, калі ён чакаў апошнюю электрычку, каб вярнуцца з лецішча ў Мінск. Папрасілі закурыць па кананічным законе імбецылаў, далей па сцэнару, таксама ўсім вядомым. Забралі грошы, прадукты, параілі хутчэй здохнуць, бо да старасці жыць – сябе не паважаць. Ён не разумеў, чаму так сталася, за што яго збілі, бо ніколі за ўсё жыццё не сутыкаўся з гвалтам у свой бок. А тут падлеткі… Сілу няма куды дзяваць, дык выпрабоўвайце яе на сабе падобных… Ён распавядаў пра тэатр, актораў з такой далікатнасцю, нібы тыя з’яўляліся недатыкальнымі небажыхарамі і нагадваў мне чамусьці, чым больш распавядаў, дварэцкага ў заможным арыстакратычным катэджы дзе-небудзь на поўдні ЗША.

Леваруч суседнічаў з кіроўцам маршрутнага аўтобуса з Серабранкі ў Малінаўку і назад, прычым па дарозе аб’язджаў яшчэ купу мясцін, уключаючы Трактарны. Ён быў, што называецца, свой хлопец, душа кампаніі і ўлюбёнец дзяўчат. Яны бегалі за ім табунамі. І ён не маніў. На свае вочы бачыў, як да яго штодня прыходзілі дзяўчаты, увесь час розныя. З-за адной з іх і перакуліўся апошнім рэйсам перад тым, як трапіць у бальніцу. Думаў, хоць тут адпачне ад залішняй жаночай увагі, ды дзе там.. Але відавочна яна, увага жаночая, яму падабалася. І да кожнай жанчыны ён знаходзіў патрэбныя словы, і кожную ашчасліўліваў. Гэтаксама часта, як дзяўчаты, да яго прыходзілі міліцыянты. Усё марылі зрабіць вінаватым у наўмыснай шкодзе дзяржаўнай маёмасці. Ён нічога не падпісваў і адмаўляў сваю віну катэгарычна. «Хай паходзяць, – казаў, – ім карысна». Менавіта ён пасля абеду наступнага дня паведаміў, што гэтым разам міліцыянты да мяне. Яго нават падкідала ад узрушэння, што міліцыя цікавіцца не адно ім.

Следчы прыйшоў адзін, без аховы. Такі ж прыгожы, упэўнены ў сабе валадар свету і сваёй правасці, з чорнай тэчкай пад пахай. Прапанаваў спусціцца ўніз у фае, бо мне ўжо было можна, каб без лішніх вушэй абмеркаваць нашу агульную справу.

Фае, прасторнае і вялікае, як ладная спартовая зала, сустрэла нас халоднай абыякавасцю. З большай цікавасцю, але, думаю, не на шмат, яно пазірала ў шкляныя сцены з уваходнымі параднымі дзвярыма, што аддзялялі яго ад вулічных шумоў і руху. Пад шклом на адмыслова пастаўленых туды крэслах варушыліся нешматлікія наведнікі ды тыя, да каго яны прыйшлі. Леваруч ад уваходных дзвярэй і ўсутыч да супрацьлеглай сцяны месцаваліся некалькі шапікаў, у якіх прадавалі фрукты, сокі, печыва, слодычы, беляшы і чабурэкі, а таксама кнігі з латка. Праваруч ад уваходных дзвярэй на сцяне збоку віселі таксафоны, якія займалі яе амаль усю. Шапік белдруку, адзінае месца, дзе можна было набыць тэлефонную картку, каб праз яе скарыстацца гэтымі таксафонамі, знаходзіўся за межамі бальніцы на тэрыторыі транспартнага прыпынку, на якім таксама гандлявалі фруктамі і гароднінай.

Мы паселі ў крэслы паміж дзвярыма і таксафонамі. Акрамя нас нікога больш у выбраным для размовы следчым крыле не назіралася.

– Паслухай, – пачаў ён, – твая справа вісяк, разумееш? – і з надзеяй, што я ўсё разумею і пайду яму насустрач, утаропіўся ў мой твар.

– Не, – катэгарычна адмовіў я. Не са зла, натуральна, бо сапраўды не разумеў, хоць следчы, па сутнасці, меў рацыю.

– Ты ж не помніш нічога, – нагадаў ён.

– Хто вам сказаў? – абурыўся я шчыра.

– Ты ж і сказаў, – ухмыльнуўся нядобра следчы.

– Праўда?

– Крыўда. Не прыдурвайся, – асадзіў. – Дык помніш ці не? – запытаў.

– Помню, – прызнаўся я.

– Дык чаму не сказаў нічога, калі першы раз я прыходзіў? – незалюбіў следчы.

– Не мог, – адказаў я.

– І чаму ж ты не мог? – цярпенне следчага відавочна трымалася на валаску.

– Бо адзін з тых, хто мяне збіў, прыйшоў разам з вамі, – вырашыў я чамусьці раптам, была – не была, распавесці як ёсць.

– Прыдумваеш па ходзе? – не паверыў мой суразмоўца.

– Вось таму і сказаў, што нічога на помню, – буркнуў я тады.

– Значыць, збілі цябе супрацоўнікі міліцыі? – перавёў дыханне следчы.

– Значыць, – кіўнуў я.

– За што?

– Здагадайцеся з трох разоў.

– Не наглей, – асадзіў мяне следчы. – Я пытанне задаў.

– Ні за што.

– Так не бывае.

– Бывае. Я кожнага з іх запамятаў на ўсё жыцё.

– Ну, дапусцім, твая праўда, – раптам перамяніў стыль размовы следчы. – Твае дзеянні? Пісаць заяву будзеш на іх? Дапусцім, напісаў, – адказаў за мяне і працягваў далей: – Дапусцім, апазнаў, распачалося следства. Ведаеш, чым яно скончыцца? Цябе пасадзяць, а яны апынуцца ахвярамі, якім ты ж яшчэ будзеш выплочваць кампенсацыю за маральную шкоду і паклёп на супрацоўнікаў органаў пры выкананні. А ведаеш, чаму менавіта так усё і адбудзецца? Таму што ты ніхто, зваць цябе ніяк і закрыць цябе прасцей, чым разбірацца ды шукаць ісціну там, дзе яна нікому непатрэбна. Да таго ж твае крыўднікі столькі пра цябе насачыняюць на судзе, што пасля ніколі не адмыешся, калі ўвогуле выйдзеш на волю.

– Таму я і не помню нічога, – падсумаваў я яго тыраду.

– Давядзецца ўспомніць, – дастаў з тэчкі следчы аркуш паперы з загадзя напісаным тэкстам на ім. – Азнаёмся і распішыся, – працягнуў мне.

Мне прапаноўвалася падпісацца пад тым, што я ўпаў і ўдарыўся аб камень. Нават смешна стала. Гэта аб які ж мне трэба было ўдарыцца камень ды яшчэ так удала ўпасці, каб прадзіравіць галаву, ушчэнт раструшчыць костку ў чэрапе ды безліч гематомаў абрысці на целе!..

– Правяраць ніхто не будзе, – мовіў следчы. – Ты падпісваеш, справа закрыта. Ты спіш спакойна, і нам добра.

– І ордэн вам за паспяхова раскрытае… – крыва ўсміхнуўся я.

– Ордэн не ордэн, адным галаўным болем менш, – неяк асуджана ўздыхнуў следчы.

– Дык ішлі б з ментоўкі, каб галава не балела, – прабурчэў я.

– Куды? – чамусьці ўхапіўся ён за мае словы.

– З вашай знешнасцю. У кіно, – адказаў я на поўным сур’ёзе і падпісаў яго ліпу.

Праз колькі часу аднойчы я пазнаў свайго следчага ў адным з персанажаў ментоўскага серыялу, на які выпадкова патрапіў па НТБ. Ён граў вядучую ролю, як потым высветлілася. Курсіраваў з серыяла ў серыял, прычым граў адмоўныя ролі, не міліцыянтаў. Чувак рэальна сышоў з міліцыі, паехаў у Маскву, паступіў вучыцца акторскай прафесіі, ды не абы куды, а ў школу-студыю МХТ, і ніводнага разу не пазначыў нідзе, не агучыў у біяграфічных дадзеных сваёй датычнасці да беларускай міліцыі ў мінулым. Былыя саслужыўцы яго, напэўна, зайздросцяць па-чорнаму і ціха ненавідзяць. Зрэшты, падобнага кшталту эпізоды ў жыцці актора толькі на карысць. Вунь Ігар Пятрэнка паўтары года пад следствам, яшчэ столькі ж у псіхушцы, а затым яшчэ восем гадоў умоўна атрымаў за групавое забойства па малалетцы. Гэта ж Кландайк для фанатаў і журналістаў, дый для самога актора, каб «не зарасла народная трапа» раней часу.


Следчы сышоў. Я пазіраў яму ў спіну праз шкло аконнай сцяны, бы ўслед караблю, які знікаў у бязмежнай прасторы акіяну, у бязмежнай прасторы кастрычніцкай восені, што не паўторыцца ніколі і, тым не менш, абавязкова паўторыцца, бо яе нязменнасць, надыход і сыход у некім спланаваны і акрэслены тэрмін – непазбежная дадзенасць, у якой толькі мы выпадковыя пасажыры. Яна ні каліва не стане напружвацца, каб хаця б запомніць нашы імёны. Бо навошта? У адрозненне ад яе, зрэшты, як і астатніх пор года, якія заўжды ўваскрасаюць птушкамі фенікс, дэкларуючы пра неўміручасць, чалавек падобным пахваліцца не можа. Яго сыход канчатковы і абскарджанню не падлягае. Таму і напружвацца, каб некага запомніць, не мае сэнсу, праўда, восень? Цякучка жыццяў навокал для яе, напэўна, атаясамлівалася з цякучкай кадраў на якім-небудзь буйным прадпрыемстве ці на вайне.

Але жыццё працягвалася, як бы легкадумна я да яго не адносіўся б. Чаму легкадумна? У 19 гадоў, што б з табой не здарылася, у смерць як такую паверыць было цяжка, хутчэй як у гульню. Альбо ўвогуле ігнараваць яе прысутнасць бы зачмыранага задрота ў школе на «камчатцы» (у кожным класе, не сумняюся, падобныя бедалагі меліся). Натуральна, смерць не бедалага, аднак пераканаўчыя малюнкі шматлікіх мастакоў у адваротным не пакідалі ёй аніводнага шансу на паразуменне. Чаму я ўзгадаў пра яе? Напэўна, з-за жыцця, да якога яна вечна чаплялася як пабірушка. Жыццё ж усміхалася ва ўсе 32 і клікала на піва, якому я аддаваў перавагу ў кампаніі сяброў, а сябры каторы дзень нічога пра мяне не ведалі і ламалі галовы, куды я падзеўся. У кішэні скуранкі засталіся тэлефонная картка і невялікі нататнік, куды я запісваў не адно вершы, але і тэлефонныя нумары, да прыкладу, рэдакцыі часопіса «Першацвет». Менавіта праз «Першацвет» і можна было нагадаць пра сябе. Куртка знаходзілася ў гардэробнай (верхняе адзенне з астатнімі рэчамі не вярталі) для пацыентаў, куды я і накіраваўся. Пасля таго, як мне выдалі скуранку, накінуў яе на плечы, намацаў адно пачаты пачак цыгарэт і адчуў нясцерпнае жаданне курыць. Выйшаў на вуліцу, закурыў. Першая ж зацяжка ледзь не паваліла з ног, хітнула так, быццам апынуўся на борце рыбацкай шхуны ў шторм. Другая прыціснула да сцяны, бо інакш бы дакладна паваліўся. «Ты ж сяброўка мая, – звярнуўся я да цыгарэты, – што ты робіш? Не хочаш сябраваць, так і скажы». На трэцюю зацяжку ўжо рашыцца не рызыкнуў, кінуў цыгарэту ў сметніцу і вярнуўся ў фае па сценцы. Прысеў перадыхнуць. Наўродзе стала лягчэй. Тады рушыў да таксафонаў, спыніўся побач з адным і затэлефанаваў у «Першацвет». Слухаўку падняў Алесь Герасімавіч Масарэнка (галоўны рэдактар часопіса і старшыня літаб’яднання пры ім, дзе па панядзелках збіраліся маладыя айчынныя творцы, пра якіх мала хто ведаў і мала хто адносіўся сур’ёзна з-за іх, натуральна, маладосці, што, тым не менш, нікога з моладзі не бянтэжыла), каму ж яшчэ, бо менавіта ён сядзеў заўжды побач з тэлефонам. Яму я і распавёў пра месца свайго знаходжання ды папрасіў, каб пры нагодзе інфармацыя гэтая трапіла да маіх сяброў, больш за тое, братоў па крыві Янкі Лайкова і Паўла Гаспадыніча.

З Янкам мы пазнаёміліся ў яго на радзіме, калі паэтычным дэсантам з «Першацвету» прыязджалі на выступ у школу, дзе дырэктарам быў Янкаў бацька, які, між іншым, стварыў на базе школы ўнікальны літаратурны музей, а з Паўлам у адзін з панядзелкаў напрыканцы лета. Замацавалі ж сяброўства некалькімі «Вермутамі» на канцэрце «Рок супраць СНІДу», што адбыўся напачатку верасня ў Парку Чалюскінцаў. Ну а пабраталіся ў кватэры вялікага беларускага паэта Анатоля Сыса, гасцямі якога бывалі нярэдка. Пакуль Сыс гатаваў юшку на кухні, мы ў адзіным пакоі кватэры паэта і вырашылі паклясца на крыві ў вечным братэрстве як тыя мушкецёры. У мяне з сабой якраз аказаўся нож (знайшоў неяк на вуліцы ды цягаў увесь час з сабой на нейкую трасцу, вось і прыгадзіўся), які нажом, шчыра кажучы, цяжка было назваць. Вастрыё у ім адсутнічала цалкам, абодва бакі ляза ўяўлялі ўзгоркі, 20 узгоркаў з аднаго боку, 20 з другога. Вось гэтымі ўзгоркамі мы раскалупалі свае далоні і лініі, па якіх тыя праходзілі, выпацкаліся ў крыві і змяшалі тую кроў паміж сабой дотыкамі далоняў адна да адной. Сыс, калі пабачыў, што мы нарабілі, ахрысціў нас прыдуркамі, пагнаў, як бараноў, у ванны пакой, але шчаслівейшых людзей на зямлі, напэўна, у той момант не існавала. Таму і не дзіўна, што менавіта на кніжцы Сыса «Пан Лес» Янка, даведаўшыся пра маё знаходжанне ў бальніцы, запіша нумар тэлефону нейрахірургічнага адзялення 9-й бальніцы і нумар маёй палаты пасля тэлефанавання ў даведачную, на ўнутраным баку яе задняй вокладцы.


Насця не прыходзіла трэці дзень. Я сумаваў па ёй і злаваўся на яе з не меншай сілай, чым сумаваў. Мне не хапала прысутнасці дзяўчыны як паветра, ды, тым не менш, усё ж дыхаў. Дыхаў напоўніцу, прагна і з эгаістычным пачуццём уласнай вартасці ды значнасці насуперак словам следчага пра тое, што я ніхто і зваць мяне ніяк. Памыляецеся, «грамадзянін начальнік», так звычайна звярталіся ў фільмах да супрацоўнікаў міліцыі прыніжаныя і пакрыўджаныя імі, мая асоба яшчэ як патрэбна гэтаму свету і гэтай краіне, за якую я, звычайна, паміраць не збіраюся, няхай яна лепш загіне за мяне, бо гэта я вялікі беларускі пісьменнік, няхай не цяпер, няхай у будучым, але абавязкова вялікі, калі не геніяльны. Таму называць мяне нікім недальнабачна. У якасці доказу пачытайце мае вершы. Крычаў бязгучна я ў прастору, якую замяняла столь над бальнічным ложкам у палаце, прапахлай болем, жалем да сябе ды нямытымі целамі з прысмакам затхласці, поту і начных кашмараў. Весялілі хіба што прусакі – вялікія, рудыя, нахабныя істоты, якія лічылі сябе гаспадарамі ў кожным памяшканні бальніцы. Звычайна на промысел яны выходзілі пасля адбою, калі ў палатах выключалася святло і хворыя, крэкчучы ды стогнучы, засыналі. Аднак не грэбавалі ці не баяліся і дзённага святла. Адвага іх, тым не менш, выглядала дурнаватай, асабліва калі яны статкам тапіліся ў неабачліва пакінутых адчыненымі каробках з сокам. Каробкі не закручваліся, у іх адразаліся носікі, якія, чым не затыкай, прусакі-камікадзэ ўсё адно ўмудраліся выкарыстаць у сваю карысць. Сок трэба было выпіваць альбо зараз, альбо пераліваць у посуд, які для прусакоў быў бы не па зубах. Сок, прынесены Насцяй, у якім прусакоў аказалася больш за ўласна сок, давялося выліць ва ўнітаз. Сквапнасць іх яскрава нагадвала чалавечую. А зранку, калі яшчэ цёмна і знянацку запаліць святло, можна было пабачыць на сценах цэлыя пазлы з прусакоў, якія, натуральна, пачыналі разбягацца ў розныя бакі, мітусіцца і нават падаць на падлогу з бязгучным крыкам аб паратунку ці, наадварот, незадаволенасці. Каб неяк разбавіць час і разняволіцца – мы лавілі некаторых і наладжвалі спаборніцтвы паміж прусакамі на доўгія і кароткія дыстанцыі. У падобных забаўкаў палата ўдзельнічала поўным складам. Але ўсё адно нічога не ратавала ад нуды і жарсці па Насці. Магчыма, таму, я так узрадаваўся, калі ў палату зайшлі Янка з Паўлам – роднасныя душы. Яны спачатку спачувальна пазіралі на мяне, хацелі дапамагчы, але чым і як не ведалі, і пачуваліся ніякавата, нават адчувалі віну, а за што, не разумелі самі. Я ўсміхаўся, маўляў, усё добра і добра, што вы прыйшлі… ды запрапанаваў пайсці на піва.

– А можна табе? – засумняваўся Янка.

– Можна – не можна, няважна, – адказаў я. – І проста неабходна адзначыць маё другое нараджэнне, – дадаў. – Ці хтосьці супраць?

– Мікола не мяняецца, – падсумаваў Павел. – Нічому жыццё не вучыць.

– Наадварот, – прамовіў я, – многаму. А таму падняць пару келіхаў за жыццё гэта павага да яго.

Я выцягнуў з-пад матраца скуранку, якую не здаў у гардэроб і прыхаваў на ўсялякі выпадак, каб не звяртацца ўвесь час да абслугоўваючага персаналу ды не звяртаць тым самым да сябе ўвагу, і мы рушылі па подзвігі і прыгоды. Янка пазычыў сваю кепку, каб прыкрыць маю лысіну ды забінтаваную галаву, што амаль не хавала бінты, але надавала значнасці галаве.

Пад піва, якое мы пілі ў нейкім скверы паблізу бальніцы, і курыць атрымалася. Цыгарэты не намагаліся збіць мяне з ног і ўцячы як нявесты з загсу. Наадварот, аддана і з любоўю ахутвалі дымам.

Мы чыталі вершы. Кожны свае. Напісаныя за той час, у які не бачыліся. Пілі піва, курылі і чыталі вершы, а пасля іх абмяркоўвалі. Бледнае анарэксічнае восеньскае сонца зверху няўцямна пазірала, але, не сумняюся, прыслухоўвалася да кожнага нашага слова, гэтаксама як вераб’і і галубы, што, быццам гледачы ў тэатральнай зале, паселі вакол нас і ўдавалі сябе за ўдзячную аўдыторыю. Не ставала адно захопленых вопліскаў. Мы так жылі. Мы жылі паэзіяй і не ўяўлялі сябе без яе, не сумняваючыся, што менавіта мы неўзабаве станем народнымі паэтамі Беларусі, як Янка Купала, Якуб Колас і Анатоль Сыс.


Чацвёрты дзень без Насці ламаў мяне як наркамана без дозы. Нават трэсла натуральным чынам, бы ў ліхаманцы, і падскочыла тэмпература. Кожны гук раздражняў і выклікаў непрыхаванаую нянавісць да яго носьбіту. Я ненавідзеў усіх насельнікаў палаты, бо да іх цэлы дзень ішлі ды ішлі наведнікі, шкадавалі, гаварылі прыгожыя словы, ахутвалі клопатам і цяплом. Дзверы стаміліся адчыняцца і зачыняцца, прапускаючы праз сябе нястрымную плынь людзей. Дзверы я ненавідзеў таксама, бо яны абслугоўвалі каго заўгодна, толькі не мяне. Штораз, як яны адчыняліся, я сутаргава дзёргаўся ў спадзеве на з’яўленне Насці, але гэта заўсёды была не яна. Я паціху замярзаў на сваім ложку, апрануты і гатовы да сустрэчы з дзяўчынай у любы час, ды сустрэча, мабыць, аб’явіла мне чамусьці байкот ці палічыла мяне нявартай сябе, пайдзі разбяры, неўпрыкмет скруціўся абаранкам, падкурчыўшы пад жывот ногі, і заснуў, змораны марным чаканнем.

Яна прыйшла пасля ціхай гадзіны ціхім шолахам. Я не пачуў яе, я не адчуў яе, ахоплены, а мо захоплены, бы ў палон, сном, трывожным і тварожным. Паклала на тумбачку авоську з яблыкамі і села побач. Не будзіла, глядзела на мяне і праводзіла далоняй зверху ўніз і знізу ўверх па маёй шчацэ ў дзьмухаўцовым пуху барады, якая паспела прарасці дзе-нідзе кусцікамі пасля галення перад аперацыяй. Так, барадой тое, што нарасло на твары, было цяжка пакуль назваць, і пры жаданні, напэўна, адным моцным подыхам здзьмухнуць не склала б асаблівых высілкаў увесь той пух, што ўзнік на шчоках, як, уласна, дзьмухавец. Насці, відаць, падабалася ці, хутчэй за ўсё, падобным чынам яна ўсё ж мяне будзіла. У якійсьці момант я расплюшчыў вочы і… не паверыў ім. Заплюшчыў зноў, бо падумаў, што ўжо галюцыянаваць пачаў. Расплюшчыў – Насця, гэтым разам з зялёнымі валасамі, што хвалямі струменіліся на плечы, і вельмі насычана акрэсленымі чорнай тушшу вачыма, нікуды не знікла.

– Насця! – узрадавана ўсклікнуў я, бы пабачыў Бога, ну а калі не Бога, то дзеву Марыю дакладна.

– Тс-с! – прыклала ўказальны пальчык з чорным манікюрам на пазногці да сваіх вуснаў дзяўчына, бо на мой вокліч зрэагавала ўся палата, прычым не вельмі добра. Тады я саскочыў з ложка, схапіў Насцю за руку і рашуча пацягнуў за сабой прэч з палаты, а затым у накірунку да канца калідора, дзе сама па сабе існавала бакавая лесвіца, якою звычайна ніхто ніколі не карыстаўся, таму месца там было зацішнае і якраз нам падыходзіла, ну а калі не нам, то мне. Ведаць думкі Насці наперад на гэты конт я не мог, але яна не адставала, не ўпіралася і нічога не запытвала.

Я ледзь не ўпячатаў яе ў сцяну на лесвічным пралёце сваёй прэтэнзіяй, на якую, як лічыў, меў права.

– Дзе ты была? Чаму не прыходзіла так доўга? Што ў цябе за справы?..

Выгукваў проста ёй у твар.

Насця адштурхнула мяне ад сябе словамі:

– Так, стапэ! Ты нічога не паблытаў, хлопчык?! Ты хто мне, каб заяўляць падобнае?! І, самае галоўнае, хто табе я, га?!.

Яна мела рацыю. Яна сто разоў мела рацыю. Яна мільён разоў мела рацыю. Гэта мяне занесла, аб чым я адразу ж пашкадаваў. Параўнанне ж з хлопчыкам выклікала міжвольную ўсмешку, бо дзяўчына выглядала школьніцай, нягледзячы на ўвесь свой баявы раскрас. Пасля, натуральна, я даведаюся, што Насця была старэйшаю за мяне на тры гады. А пакуль яна мяне сарамаціла:

– Я цябе бачу трэці раз у жыцці, як і ты мяне, на секундачку! Каб прад’яўляць мне штосьці ды яшчэ ў агрэсіўнай форме, малавата, не знаходзіш? Лепш бы ўдзячнасць праявіў, а не сапсаваў усё!..

Я адчуваў, што яшчэ крыху, і дзяўчына сыдзе, каб ужо не вярнуцца ніколі. Так, я ведаў, дзе яна жыве, аднак наўрад ці тое веданне мне дапаможа, каб яе вярнуць, калі яна проста зараз сыдзе.

Я мусіў выбачыцца перад Насцяй. Выбачыцца неадкладна. Але раптам адчуў такі дзікі пульсуючы боль у галаве, што не ведаў, куды ад яго падзецца. Здавалася, у маім чэрапе ажыў самы сапраўдны вулкан, які невядома адкуль узяўся, і штуршкамі выпіхваў лаву, гатовую вось-вось вывергнуцца праз дзірку разам з мазгамі і крывёй. Я пачаў наразаць кругі вакол дзяўчыны, ці мне гэта проста мірсцілася, бо яна нерухома стаяла ля сцяны, ахоўвала яе ад мяне і спалохана пазірала на тое, як я намагаўся садраць бінты з галавы і кулакамі загнаць лаву ў стойла, назад у вулкан, каб ён заткнуўся сваім жа вырабам, замоўк, знік, растварыўся на атамы…

Насця кінулася да мяне, абняла так, нібы хацела стаць мной, нібы хацела ўвесь той боль, што я адчуваў, пераманіць на сябе. І гладзіла па галаве.

– Цішэй, цішэй, я не хацела, – шаптала на вуха, – каб табе стала дрэнна. Прабач мяне, калі ласка!

Дзіўная справа, аднак шэпт яе, яе цяпло ўтаймавалі боль да такой ступені, што я падумаў: аглох. Цішыня ўзнікла ідэальная. Праз якую чуўся кожны стук сэрца дзяўчыны ў маю грудзіну, быццам сэрца яе прасілася ў госці да майго. Я абняў яе таксама, прыціскаў з такой моцай, склаўшы рукі ў замок на яе спіне, што яна выдыхала паветра з міжвольным стогнам. Выдыхала проста мне ў твар, заплюшчыўшы вочы.

– Прабач, – загаварыў я тады, – прабач, я не хацеў, каб табе было дрэнна ці балюча.

– Мне не дрэнна, – расплюшчыла вочы дзяўчына. – І не балюча. Дрэнна табе.

– Ужо не, – запэўніў я. – Боль збег як прусак, адно пабачыў цябе.

– Я такая страшная? – сумна ўсміхнулася Насця.

– Наадварот. Дзівосная, – запярэчыў у адказ. – А боль і дзівосы рэчы несумяшчальныя, таму боль заўсёды пасуе перад дзівам, – дадаў.

– Прыгожа, – адзначыла з усмешкай Насця, – адразу бачна, што ты вершы пішаш, – адзначыла не без іроніі. – Але не рабі так больш.