Мужчыны сям’і Баджыевых ваявалі. Айшэ не бачыла свёкра Мусу з самага Цімуравага пахавання, па чутках, ён быў недзе непадалёк ад Ведэно, а Рэнат, Цімураў малодшы брат, абараняў Грозны і чым мог дапамагаў маці і цяжарнай нявестцы. Беды сыпаліся, быццам гарох з дзіравага меха. Нечакана захварэла Лола. Паслізнулася, калі пераходзіла вуліцу, ударылася галавой аб брукаванку і злягла, здарыўся інсульт. Рэнат, які планаваў вывезці жанчын у нейкае іншае, больш бяспечнае месца, цяпер зрабіць гэтага не мог, патрэбна была машына, каб Лола магла ляжаць нерухома. Калі ж ён нарэшце знайшоў «хуткую дапамогу» (па чырвоных крыжах і федэралы не рызыкнуць страляць), горад не змагла пакінуць Айшэ. У адзін з начных налётаў загінулі яе маці і бацька. Бомба трапіла ў новы бацькоўскі дом, куплены Цімурам у лік калыму, і цяпер на яго месцы чарнела глыбокая варонка, напалову запоўненая ржавай вадой з пагрозліва ўзнятымі на дыбкі абгарэлымі бярвеннямі, пакручастымі металічнымі штырамі, каменнымі глыбамі.
Цудам ацалеў разгалісты, таўшчэзны, як абхапіць рукамі, клён, які, учапіўшыся тоўстымі каранямі за край варонкі, усё ж утрымаўся, не рухнуў, хоць яго і добра-такі нахіліла. З аднаго боку дрэва было як згрызенае, з сярэдзіны ствала тырчаў вялізны руды асколак, падобны на зламаны клык дзіка, ад чаго здавалася, што не бомба ператварыла ў руіны трохпавярховае жытло, а злы, шалёны звер, які, спрабуючы выкуліць клён, крышыў, капытамі таптаў зямлю, клыкамі рваў усё, што траплялася на ягоным шляху, ажно пакуль гэтая смертаносная зброя не зламалася.
Жудасную навіну прынёс Рэнат. У першыя хвіліны Айшэ быццам скамянела, яна глядзела на хлопца невідушчымі чорнымі вачыма і не магла ўсвядоміць, што ён гаворыць пра яе бацькоў. Калі, зрэшты, зразумела сэнс пачутага, ухапіла паліто і паспрабавала апрануцца, але ніяк не магла патрапіць у пусты рукаў. Калі паліто выслізнула з рук, падымаць яго не стала, наадварот, адпіхнула нагой і заспяшалася да выхаду. Але Рэнат пераступіў ёй дарогу і нікуды не пусціў. Пасля хвіліннай барацьбы і спробы прарвацца знясіленая Айшэ апусцілася на падлогу і, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася, адчайна і доўга галасіла.
Не зважаючы на маленне, просьбы і нават беспадстаўныя пагрозы, Рэнат замкнуў цяжарную нявестку ў пакоі, а ключ схаваў у кішэню. Ён толькі паабяцаў завезці яе да бацькоўскай хаты на машыне, але пазней, калі яна супакоіцца і, галоўнае, калі федэралы зробяць перадых і пакінуць бамбіць Грозны. Рэнат прыходзіў штодзень і, калі ўбачыў, што нявестка звыклася і пачала ўспрымаць смерць бацькоў як здзейснены факт, слова стрымаў. Надвячоркам, калі звычайна самалёты знікалі аж да самай раніцы, ён у суправаджэнні барадатага ўзброенага гвардзейца пад’ехаў на пакамечанай, без шкла, дзверцаў і верху, у некалькіх месцах прастрэленай легкавой машыне і завёз Айшэ на руіны бацькоўскай хаты.
Айшэ ведала, што Рэнат зрабіў усё, каб знайсці астанкі бацькоў і пахаваць іх па-чалавечы, ведала і не магла змірыцца з тым, што не будзе іх магілы, не будзе месца, куды можна прыйсці і з радасцю, і з болем.
– Пасля вайны тут паставім помнік, – быццам прачытаў думкі нявесткі Рэнат.
Айшэ згодна кіўнула, але працягвала рабіць усё па-свойму. Ігнаруючы штохвілінную пагрозу быць заціснутай каменнымі глыбамі, яна з апантанай адчайнасцю сноўдала па руінах, зазірала ў кожны закуток панадворка, праз кожныя пяць хвілін прымушала Рэната і маўклівага гвардзейца абгарэлымі жардзінамі абмацваць дно варонкі, і ў той самы момант, калі зразумела, што трэба вяртацца і вяртацца ні з чым, позірк зачапіўся за клён, за жалезны клык, які наскрозь прабіў дрэва і цяпер у промнях заходзячага мёртвага сонца здаваўся крывавым і жудасна-страшным. Нечакана і клён, і раўнадушнае, нядобрае неба змяшаліся ў адно цэлае, у нешта блакітна-зялёнае, працятае чырвонымі пісягамі, падобнымі на крывавую жалязяку-клык, і адразу зямля захісталася, іржавая вада ў варонцы зарабацілася і нахілілася, вось-вось выплюхнецца вонкі…
Ачомалася Айшэ ад прытарнага паху нашатырнага спірту і холаду ў скронях. Яна ляжала ў машыне на заднім сядзенні, галава ў Рэната на каленях, і ён вільготнай марляй, злітай лякарствам, імпульсіўна цёр нявестцы скроні. Барадаты гвардзеец, аб’язджаючы завалы на дарозе, нервова тузаў рыпучы рычаг пераключэння перадач, нешта злосна мармытаў і раз-пораз кідаў на патрэсканае мутнае люстэрка незадаволеныя позіркі.
Убачыўшы, што Айшэ расплюшчыла вочы, барадач крыкнуў:
– Праз хвіліну-другую няверныя пачнуць артылерыйскі абстрэл, гэты раён ужо тыдзень пляжаць.
– Праскочым, – спакойна адказаў Рэнат і, ласкава зірнуўшы на Айшэ, нечакана ўсміхнуўся: – Ты зусім лёгкая, хоць і не адна…
Гэтыя словы і асабліва нерухомы, быццам каменны, саркастычна-пагардлівы позірк гвардзейца, які ўбачыла ў люстэрку, канчаткова вярнулі свядомасць. Прысаромленая Айшэ падхапілася і рашуча адсунулася далей ад Рэната. Не падымаючы вачэй, яна заправіла пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад чорнай хусцінкі, і сцішылася.
«Праскочыць», як сказаў Рэнат, яны не паспелі. Нечакана над імі віскнула паветра, і адразу леваруч разарваўся снарад. Як падкошаны рухнуў тэлеграфны слуп, другі снарад падкінуў у паветра абгарэлую легкавушку, трэці ўздыбіў зямлю пад вокнамі агароджанай калючым дротам прыземістай аднапавярховай будыніны.
– Склады прыстрэльваюць, – прыжмурыўшы вочы, па-камандзірску строга вызначыў Рэнат.
– Позна, – выскаліўся гвардзеец. – Два дні, як муку і бочкі з алеем вывезлі…
– Ведаю, што вывезлі, але ж нехта навёў?..
– Ужо няма шакала, іначай не трацілі б снарады на пустое…
Федэралы нечакана змянілі тактыку, самалёты пачалі бамбіць не толькі днём, але і па начах. Адразу ж некуды знік Рэнат, і больш за два тыдні ад яго не было ніякіх вестак. Скончыліся лекі і прадукты, пачаліся перабоі з вадой. Лола правай рукой, якая трошкі шавялілася, быццам немаўля, паказвала на рот і цмокала вуснамі, што азначала: «Хачу піць». Айшэ ўсё цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню па ваду. Страх напаўняў душу, калі яна мацала свой вялікі жывот і, адчуваючы далоньмі моцныя штуршкі, разумела, што хутка прыйдзецца раджаць. У гэтыя адчайныя хвіліны Айшэ з жалем пазірала на Лолу, якая цяпер нічым не магла дапамагчы, узгадвала яе папярэджанні пра тое, што ні ёй, ні Айшэ не выпадае трапіць у рукі федэралаў, бо Муса і асабліва Рэнат займалі значныя пасады ў войску Ічкерыі. Але ж рабіць не было чаго, сама яна не народзіць, дый з Лолай няма сіл упраўляцца. Трэба было неадкладна прымаць рашэнне.
«Калідоры жыцця», па якіх пакідалі Грозны дзеці, жанчыны і нямоглыя старыя, федэраламі ладзіліся ўсё радзей і радзей і толькі ў непагадзь, калі кепскае надвор’е не дазваляла самалётам пакідаць аэрадромы. Спакутаваная чаканнем Айшэ наважылася шукаць дапамогі ў суседзяў, у гэткіх жа, як і сама, заложнікаў вайны, і спрабаваць самастойна вывезці Лолу ў лагер бежанцаў, дзе па чутках была ежа і дактары. Не атрымалася. Планы парушыў чалавек, які ноччу прыйшоў ад Рэната і разам з харчамі і лякарствамі для Лолы перадаў цыдулку, у якой мужаў брат катэгарычна забараняў ёй здавацца на міласць федэралаў і іх прыслужнікаў. Рэнат загадваў чакаць яго, прасіў падрыхтаваць Лолу і быць гатовымі да доўгай і небяспечнай дарогі.
– Колькі трэба чакаць? – прачытаўшы пасланне, спыталася ва ўзброенага чалавека Айшэ.
– Гэта ведае толькі камандзір, – прастуджаным голасам паведаміў вястун і, скасіўшы вока на вялікі жывот жанчыны, паспрабаваў яе супакоіць: – Два-тры дні, самае большае – тыдзень.
– Каб не было позна, – адказала Айшэ і, паклаўшы рукі на жывот, заклапочана дадала: – Перадай Рэнату, што адна я не змагу нарадзіць…
Той ноччу, калі прыходзіў чалавек ад Рэната, да іхняга жытла прыбіўся згаладалы хлопчык, на выгляд гадоў сямі, не болей. Айшэ яго ніколі не бачыла, але было відавочна, што хлопчык хаваўся дзесьці побач, хоць раней нічым аб сабе і не нагадваў. Айшэ на спіртоўцы разагравала бляшанку мясных кансерваў, калі ён, прываблены пахам смажанага, нясмела зашкробся ў абабітыя жалезам дзверы. Напачатку здалося, што гэта пацукі, якія ў сутарэнні лічылі сябе гаспадарамі і амаль не звярталі ўвагі на прысутнасць людзей. Атрута, якую Рэнат калісьці пасыпаў па кутках сховішча, імгненна знікла, але пацукоў не паменела, як швэндаліся па пакоі хвастатыя пачвары, так і швэндаюцца, не было ад іх аніякага ратунку, паўсюль сунулі доўгія морды, паўсюль відаць адбіткі зубоў, нават на жалезным ложку згрызеная фарба. Неяк звечара Айшэ не заўважыла, што спаўзла коўдра з нагі ў Лолы, а раніцай знайшла ўсе пазногці згрызенымі. А самае дзіўнае, што свякроў нават не пачула болю, бо ніякага знаку здаровай рукой не падала, не стукнула, як звычайна, жалязякай па спінцы ложка.
Нехта шкробся звонку. Не без боязі Айшэ прачыніла дзверы і ўбачыла хваравітага, дыстрафічна-худога хлопчыка. Брудны ўчарнелы твар, рукі ў крывавых драпінах, на галаве капа ўскудлачаных агніста-рыжых валасоў, з якіх тырчала пер’е і нешта падобнае на пілавінне. На хлопчыку вісела не па росце доўгае, чырвонага колеру дзявочае зімовае паліто з адарванымі рукавамі і каўняром, з плечыкаў тырчалі пашкамутаная матэрыя і вата, іржавая, быццам абгарэлая, замест гузікаў – страляныя аўтаматныя гільзы, прыкручаныя да матэрыі медна-залацістым дротам. На нагах – старыя вайсковыя паўботы, адзін без шнурка, халява перавязана даўгаватай калмацістай шпагацінай.
– Што табе? – спыталася Айшэ.
Малы не адказаў. Ён умольна глядзеў на Айшэ шырока расплюшчанымі васількова-блакітнымі вачыма і, як спаралізаваная Лола, торкаў учарнелым брудным пальцам у разяўлены рот.
– Ты хочаш есці? Піць?..
У адказ хлопчык толькі шырэй разявіў рот і глыбей засунуў у яго палец. На яе ложку ляжаў рэчмяшок з харчамі, што пакінуў Рэнатаў пасыльны, і Айшэ выцягнула з яго пачак пячэння, першае, што трапілася ў руку, і падала малому. Ён абедзвюма рукамі ўхапіў пачастунак і зубамі пачаў разрываць папяровую ўпакоўку. Бліскучая папера не паддавалася, і Айшэ працягнула руку, каб дапамагчы, але хлопчык зразумеў гэты жэст па-свойму і, баронячы пачастунак, крутнуўся да яе спінай. У гэты момант пачак разарваўся, і пячэнне рассыпалася па падлозе. Хлопчык імгненна плюхнуўся на калені і, мітусліва збіраючы пячэнне, таропка засоўваў яго ў рот, а што не ўлезла, хаваў за пазуху. Айшэ не перашкаджала, яна замкнула дзверы, падсунула бліжэй да свайго ложка адзіную табурэтку і паставіла на яго шклянку з апельсінавым сокам, напалову разбаўленым вадой, які да з’яўлення малога выцягнула з таго ж самага рэчмяшка і мелася выпіць сама. Потым узяла хлопчыка за плечы і, паставіўшы яго на ногі, крутнула тварам да табурэткі:
– Гэта табе.
Хлопчык нават не зварухнуўся, толькі спадылба зірнуў на Айшэ і ў чаканні знерухомеў. Рот у яго быў пусты, пячэнне, відавочна, незаўважна для Айшэ таксама апынулася за пазухай.
– Сок і пячэнне можаш з’есці, – па-руску сказала Айшэ і па тым, як у малога заблішчэлі вочы, зразумела, што ён нарэшце яе пачуў. Ацэньваючы дзіўнаватыя паводзіны госця і назіраючы, як ён, амаль не жуючы, уплятае пячэнне, Айшэ выцягнула з рэчмяшка яшчэ адну бляшанку кансерваў і, адкрываючы яе, спыталася: – Ты нямы?
Хлопчык нават брывом не павёў.
Айшэ тузанула яго за плячо і, калі малы ўзняў на яе свае вялікія вочы, крыкнула:
– Ты не гаворыш?
Хлопчык згодна заківаў, нясмела, як велізарнейшую каштоўнасць, паклаў надкусаную пячэніну побач са шклянкай соку і адчайна запляскаў бруднымі далонямі сябе па вушах.
– І-і не чуеш?.. – здзіўлена ўскрыкнула Айшэ.
Хлопчык уважліва сачыў за яе вуснамі.
– Ты глуханямы?..
Малы, задаволены тым, што яго таксама зразумелі, згодна заківаў галавой.
– Ты можаш чытаць па губах?
Хлопчык задаволена заўсміхаўся і нешта хутка-хутка паказаў на пальцах.
– Дзе ж твае бацькі? – дапытвалася Айшэ.
Хлопчык імгненна спахмурнеў, васільковыя вочы яшчэ больш акругліліся і неяк памутнелі. Патрэсканыя шурпатыя нямыя вусны ўпарта акрэсліліся, ледзь прыкметна задрыжалі. Ён сціснуў кулачкі, адтапырыў вялікія пальцы і, паказваючы, што страляе, істэрычна затрос рукамі каля свайго твару.
– Іх забілі?.. – роспачна ўздыхнула Айшэ і, стомлена сядаючы на край ложка, падсунула табурэтку бліжэй да хлопчыка. – Ты еш…
Айшэ глядзела на маленькага начнога госця і думала пра тое, што да вайны таксама можна прывыкнуць. Невядома як, але ж выжывае гэты сірата, ды й яна прызвычаілася да грукату, стрэлаў і нават забітых. З нейкага моманту штохвілінную небяспеку ўспрымае як непазбежнае, разумее, што прыйдзе час і пакуты скончацца, яна жыве надзеяй, рыхтуецца нарадзіць хлопчыка, і гэта дае сілы. Айшэ прызвычаілася да бамбёжак і ведае, што пасля трыццаціхвіліннай калатнечы будзе гадзінны перадых, і за гэты час трэба агледзець уваходныя ў сутарэнне дзверы і, калі трэба, гукнуць суседзяў, каб адкінулі каменне, а бліжэй да вечара, пасля мінамётнага ці артылерыйскага абстрэлу, трэба вынесці смецце і нечыстоты і яшчэ паспець праз завалы даклэпаць да суседняй вуліцы і прынесці вады. Заўважыла, што з нейкага часу яна з большым хваляваннем прыслухоўваецца да штуршкоў у жываце, чым да выбухаў снарадаў і бомб. Калі над галавой калатнеча, Айшэ заўсёды гуляе са сваім дзіцём, яна ведае, што так супакойвае яшчэ ненароджанае дзіцятка. Яна кладзе руку на жывот і чакае штуршка ў далонь, потым мяняе месца і праз некалькі хвілін зноў чуе «стук-стук». Дзіцятка без слоў разумее маці, яно адчувае яе трывогу і, здаецца, з радасцю прымае няхітрую гульню.
Малы валацужка павольна апусціў рукі, і Айшэ адразу ўявіла, як гэтыя брудныя кулачкі калісьці таксама піхалі жывот сваёй маці і яны таксама без слоў разумелі адно аднаго… Нешта тужлівае падкацілася пад самае горла, з грудзей быццам вырваўся цяжкі, з прысвістам уздых. Айшэ паднялася і няспешна пасунулася да дзвярэй.
У той самы момант, калі яна штукавала над замком, каб выпусціць з пакоя глуханямога хлопчыка, за спінай пачулася металічнае скрыгатанне, гэта Лола падавала знак, шкрэбла металічным трохкутным напільнікам па жалезным ложку. Азірнулася і ўбачыла, як свякроў адчайна праганяе хлопчыка, махае на яго бяссільнай, неймаверна схуднелай рукой, у няветлых, глыбока запалых вачах свекрыві неспакой і пагарда. Малы, відавочна, раней трапляў у падобныя сітуацыі і даўно звыкся са сваёй неласкавай доляй, ён наперад ведаў, што павінен рабіць, каб не гнявіць гаспадынь. Хлопчык вокамгненна крутнуўся да кутка, у якім тулілася сметніца – зялёная, месцамі праржавелая да дзірак скрынка з-пад патронаў з венікам усярэдзіне, – і, ухапіўшы дрэўка, з веданнем справы, не ўздымаючы пылу, пачаў падмятаць падлогу.
Лола запытальна і злосна паглядзела на Айшэ. У адказ нявестка, ледзь стрымліваючы радасную ўсмешку, абыякава перасмыкнула плячыма і ў думках падакарала саму сябе, што не дапетрыла раней, не дадумалася пакінуць бяздомнага валацужку сабе памочнікам. Ён і па ваду збегае, і суседзяў гукне, калі ўзнікне патрэба расчысціць ад камення ўваходныя дзверы, і смецце вынесе…
– Ён будзе нам дапамагаць, – папраўляючы падушку Лолы, сказала Айшэ.
Свякроў адмоўна матлянула рукой, у куточках бяскроўных непаслухмяных вуснаў з’явіліся кропелькі пены. Цяпер гэтак было заўсёды, калі Лола хвалявалася і сілілася нешта сказаць.
– Рэнат прыслаў памочніка, – пайшла на хітрасць Айшэ, – канешне, лепш была б медычка, але ж дзе іх цяпер знайсці… Затое ён глуханямы, і завуць яго… – Айшэ азірнулася на хлопчыка і нечакана для самой сябе сказала: – Рэнат назваў яго Рыжым…
Пачуўшы пра сына, твар Лолы прасвятлеў, вусны задрыжэлі, яна заплюшчыла зліплыя вейкі і неяк адразу абмякла, супакоілася. Айшэ ўкрыла свякроў коўдрай, прытушыла газнічку. Малы скончыў падмятаць падлогу і цяпер, не выпускаючы з рукі веніка, стаяў пасярод пакоя.
– Калі хочаш, заставайся, – сказала Айшэ.
Твар хлопчыка засвяціўся радасцю, ён падсунуў венік пад паху і нешта пачаў паказваць жэстамі рук.
Айшэ, нічога не зразумеўшы, адмахнулася:
– Я мовы тваёй не разумею, дый гэта і неабавязкова, галоўнае, ты будзеш жыць тут і рабіць усё, што я скажу.
Рэнат не аб’явіўся, як абяцаў вястун, ні праз два дні, ні праз тры, ні праз месяц. За гэты час Айшэ яшчэ больш пацяжэла, раздалася ўшыркі, зрабілася нейкай санлівай і нават сама здзіўлялася запаволенай няспешнасці і свайму празмернаму жаданню ўвесь час ляжаць у ложку. Калі трэба было нешта зрабіць на падлозе ці хоць бы падняць упушчаную анучку ці насоўку і побач не было глуханямога памочніка, гэтая дзея ператваралася ў паэтапную працэдуру. Спярша, прытрымліваючыся ложка ці абапіраючыся на падсунутую да патрэбнага месца табурэтку, яна апускалася на калені, рабіла, што трэба, і, адпачыўшы, зноў караскалася ўгору. Цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню сутарэння. Глуханямы хлопчык аказаўся і сапраўды добрым памочнікам, але Айшэ ён нічым не мог дапамагчы, калі яна ўпраўлялася з Лолай: і паварочваць свякроў, і лекамі прамываць пролежні даводзілася самой. Затое ў іх заўсёды была вада, і за гэта цяпер цалкам адказваў хлопчык.
На суседняй вуліцы нейкім цудам уцалела і нават працавала водаправодная калонка. Кволы, без напору струменьчык вады цёк несупынна, і каля яго заўсёды стаяла чарга. Набіралі ваду хто ў што, але кожнаму было адмерана толькі пяць хвілін. За гэтыя хвіліны больш двух літраў з калонкі не выцякала, таму нават падчас артылерыйскіх абстрэлаў, калі снарады падалі далекавата, людзі не разыходзіліся. Іншая справа – верталёты, што завісалі над горадам і з вышыні жывую людскую чаргу маглі прыняць за ўзброеных абаронцаў Грознага. Абвяшчалі паветраную небяспеку не менш за дзясятак сірэн, раскіданых па ўсім горадзе, але здаралася, што спрацоўвалі равуны пасля таго, як бомбы і ракеты ўжо сыпаліся на людскія галовы.
Айшэ і паўгадзіны не магла выстаяць у чарзе да калонкі, але перш чым сысці, заўсёды прасіла, каб яе «пяць хвілін» перадалі рыжаму глуханямому хлопчыку, і праводзіла малога ўздоўж чаргі, каб яго запомнілі. Глуханямы хутка прывык да новага прозвішча-мянушкі, дый не новае яно для яго было. Колькі сябе памятаў, заўсёды Рыжым чужыя клікалі, а часцяком яшчэ і тузалі за агністы чуб. Толькі маці і бабуля ласкава называлі Андрэйкам.
Андрэйка, калі напаўняў чайнік вадой і ліў у яго замест двух літровых слоікаў чатыры, адчуваў сябе сапраўдным героем. Ён хітравата пазіраў наўкол, з твару не сыходзіла прамяністая хітраватая ўсмешка. У гэтыя хвіліны ён вельмі ганарыўся сабой, бо ніхто ў чарзе не ведаў, што ён, як сказала Айшэ, «на чорны дзень» ужо напоўніў вадой пад самую накрыўку адзін бітон, у які ўмясцілася ажно сорак слоікаў, і цяпер носіць у другі. Праз гадзіну ён зноў стане ў чаргу, а потым зноў і так да таго часу, пакуль не прынясе дадому паўнюткія тры чайнікі, і толькі тады ім будзе задаволена не толькі Айшэ, але і хворая гаспадыня, якую ён панічна баіцца. А баіцца таму, што Лола напільнікам шкрабе па металічным ложку, здараецца, у прыцемках ажно сыплюцца іскры, і Андрэйка ўспрымае гэта як папярэджанне, яму здаецца, што гаспадыня яго наўмысна пужае, нагадвае пра «чорны дзень», які настане, як толькі скончыцца вада, і тады старая ўхопіць сваёй зжаўцелай напаўжывой рукой яго за валасы і будзе скрэбці жалязякай па ягоных зубах. Ён думае так, бо аднаго разу, калі хаваўся ў напаўразбураным доме, на свае вочы пабачыў, як звязанага вяроўкамі акрываўленага чалавека барадатыя ўзброеныя дзядзькі спярша білі нагамі, потым гэткім самым напільнікам, як у Лолы, пілілі бедаку зубы, а потым застрэлілі.
Акрамя напільніка ніякай зброі Андрэйка ні ў Айшэ, ні ў Лолы не бачыў, не знайшоў нават пад матрацамі, якія абмацаў, калі Айшэ выходзіла на паверхню падыхаць свежым паветрам. Cталовыя нажы ў разлік не ішлі, бо, каб імі рэзалі чалавека, хлопчык не бачыў, таму і зрабіў выснову, што, як настане «чорны дзень», старая да смерці запіліць яго напільнікам. А каб гэтага не здарылася, трэба цягаць ваду, не ўцякаць жа ад Айшэ, якая корміць і дазваляе начаваць у пакоі, дзе спіць сама. А што месца ягонае на падлозе, дык гэта яшчэ і лепш: унізе не чуваць цяжкага ўдушліва-прытарнага паху, што сыходзіць ад старой гаспадыні, які нават лекі не могуць перабіць. Па начах трывожаць пацукі, але і да іх Андрэйка прывык, ён гатовы трываць усё. Усё, акрамя голаду…
Пасля чарговага артылерыйскага абстрэлу струменьчык вады, што выцякаў з калонкі, зменшыўся напалову, чарга павялічылася, сюды пачалі прыходзіць людзі з больш дальніх вуліц, і цяпер на чалавека адпускаўся толькі адзін слоік. Паціху Айшэ пачала карыстаць назапашаную ваду. Калі Андрэйка ўпершыню ўбачыў, што гаспадыня зачэрпнула з бітона, з ягоных вачэй пакаціліся раптоўныя няўцешныя слёзы. Айшэ спыталася, што здарылася, але жэсты глуханямога расшыфраваць не змагла, дый як зразумець мітуслівую бегатню па пакоі, спробу выхапіць у свекрыві напільнік і выскалены шчарбаты рот, у якім глуханямы пальцам шкрабе па зубах.
– Ты хочаш пачысціць зубы? – каб хоць нешта сказаць, спыталася Айшэ.
У адказ глуханямы амаль істэрычна заматляў галавой, рот яшчэ больш ашчэрыўся, слёзы з новай сілай сыпанулі з вачэй. Бачачы, што Айшэ яго не разумее, Андрэйка ўхапіў чайнік і кінуўся вонкі. Адзінае, што яму заставалася, як ён лічыў у тую хвіліну, гэта больш часу стаяць у чарзе да калонкі.
Той ноччу зноў прыходзіў чалавек ад Рэната, ён прынёс харчы і лекі.
Убачыўшы рэчмяшкі з прадуктамі, Айшэ без слоў усё зразумела і, стомлена апусціўшыся на табурэтку, ціха сказала:
– Я больш тут не застануся… Пайду разам з іншымі ў лагер бежанцаў…
– Ты носіш дзіця героя, а ягоны брат – брыгадны генерал, – пагрозліва працадзіў скрозь зубы агромністы чэчэнец з апаленай і ад таго рудаватай барадой. – Калі шакалы даведаюцца, хто ты, нарадзіць не дадуць… – у пацвярджэнне сваіх слоў і, відавочна, каб быць больш пераканаўчым, ён выхапіў з-за пояса вялізны бліскучы кінжал і, знізу ўверх рассекшы паветра, быццам нешта ўспароўшы, дадаў: – Яны зробяць гэта і выкінуць твайго сына шакалам… Выбірай!
У гэты самы момант прачнуўся Андрэйка. Убачыўшы чэчэнца і настаўлены на Айшэ нож, ён не раздумваючы кінуўся да барадача і ўпіўся зубамі ў ягоную руку. Нож зваліўся на падлогу, барадач ускрыкнуў, відавочна, больш ад нечаканасці, чым ад болю, і імгненна вольнай рукой ухапіў малога за доўгую чыпрыну, узняў у паветра. Страціўшы кропку апоры, Андрэйка закалаціў нагамі, адчайна замахаў рукамі.
– Адпусці яго, – рэзкім, напятым, як струна, голасам цвёрда сказала Айшэ.
Вочы чэчэнца бліснулі злымі, нядобрымі агеньчыкамі.
– Ты спіш з рускім у адным пакоі?
– Ён нам дапамагае…
– Ён вас здасць няверным, – пагрозліва прасіпеў барадач, – Рэнат забараніў табе…
– Мы выжываем тут, у Грозным, а дзе Рэнат, я не ведаю, – адчайна закрычала Айшэ, – праз тыдзень мне раджаць, і мы пойдзем да іх… А наконт малога не хвалюйся, ён глуханямы і, як бачыш, смелы, не хаваецца, як некаторыя…
– З яго атрымаецца добры раб, – адштурхнуўшы ад сябе Андрэйку, выскаліўся чэчэнец, – глухі, нямы, адданы… – ён падняў кінжал, плашмя паклаў на ўкушанае месца лязо і, думаючы пра нешта сваё, змрочным, цяжкім позіркам паглядзеў на малога, які імгненна зашыўся пад дзіравую аўчыну, што адначасова служыла і матрацам, і коўдрай. – Каб гэткім і застаўся, яго яшчэ трэба вылегчаць… Магу зрабіць паслугу…
– Бачу, што ты на большае не здатны, – стрымліваючы гнеў, задзірліва адказала Айшэ і, зірнуўшы на пасыльнага, адразу пашкадавала сваіх слоў. У наступнае імгненне іх вочы сустрэліся, і Айшэ з жахам зразумела, што ваяр не жартуе, ён і сапраўды гатовы ўчыніць здзек над глуханямым. Раней ёй ужо даводзілася бачыць гэткія звярыныя, як памутнелыя, абмярцвела-расшыраныя вочы, што праглі помсты і крыві. Невядомая сіла падхапіла Айшэ на ногі і кінула да хлопчыка. Яна рашуча стала на шляху барадача. – Ты ўжо зрабіў усё, што мог, а цяпер пакінь нас…
Чэчэнец імгненна насупіўся, лоб, пераноссе перасеклі глыбокія зморшчыны, позірк утаропіўся ў вялізны жывот жанчыны, здавалася, ён узважвае, ці варта звязвацца з цяжарнай.
– На хлопчыка па нашых законах ты не маеш ніякіх правоў, – пайшла ў наступ Айшэ, – кранеш яго – будзеш мець справу з Рэнатам.
Імя начальніка на пасыльнага падзейнічала ацверажальна, у яго адразу быццам заслона з вачэй упала. Мармычучы нешта няўцямнае, ён хуценька схаваў кінжал і, унікаючы позірку Айшэ, пасунуўся да выхаду. У дзвярах чэчэнец прыпыніўся:
– Што перадаць камандзіру?
– Перадай, што, калі не вывезе, раджаць пайду да рускіх…
З першых дзён вайны з чатырох гадзін да сямі па няпісаных правілах у Грозным наступала перамір’е. У гэтыя гадзіны Айшэ, расчыніўшы ўсе дзверы, праветрывала памяшканне і пры дзённым асвятленні завіхалася ля хворай Лолы: рабіла ёй кампрэсы, прамывала пролежні, гатавала нешта гарачае. Звычайна разагравала на спіртоўцы тушонку, далівала вады, і атрымоўвалася наварыстая поліўка, адзінае, што свякроў магла яшчэ есці. На гэты час глуханямога выпраўляла на паверхню, часцей па ваду.
У той дзень Айшэ паспела толькі нагрэць вады і кінуць у яе бінты, знятыя з ран свекрыві, як зараўлі сірэны, цяжка затахкалі кулямёты, недзе зусім побач грымнула, ды так, што задрыжэла пад нагамі падлога, у лямпе-газніцы на дробныя аскепкі развалілася ўчарнелае шкло, са столі зацерушыла, пасыпалася тынкоўка. Ці то ад нечаканасці, ці то ад страху ногі Айшэ звяла сутарга, рэзкі боль працяў ніз жывата, яна не змагла дайсці нават да дзвярэй, каб іх зачыніць. Праз хвіліну ў пакой уварваўся віхор пылу і пах серы. «Хоць бы не заваліла ўваход у сховішча», – падумала Айшэ, і адразу ў вачах пацямнела, захісталіся сцены, нясцерпны боль новай хваляй уладарна ўварваўся ў цела, здалося, разарваў на часткі жывот, скроні, прымусіў апусціцца на калені. Яна закрычала, пакацілася па падлозе, але крыку ў гэткай калатнечы ніхто пачуць не мог, нават яна сама, наўкол усё грукатала і рушылася.