
– Гэта не ваша кі-тай-ская. Асцярожна, пакуль не вымаўляй выразна!
Я некалькі разоў пад нос паўтарыў магічныя словы, пакуль яны не зачапіліся ў памяці.
Не цярпелася хутчэй глянуць на той бок, дзе ў людзей замест валасоў – трава, і няма смуроду, як у нас… Нават калі мне забароняць – выскачу за дзверы і проста там, на лесвіцы, паспрабую адкрыць партал. Вочы ў мяне гарэлі, а голас дрыжаў.
Вакол скакаў і соваў пысу Лабрык: ну, чаго марудзіш?
Хваляванне не перадалося толькі непарушнаму Маркізу: кот стаяў у дзвярах і прыжмурваў зялёныя вочы. Усім выглядам ён не ўхваляў гэтага акультызму.
Я набраў у грудзі паветра і выразна, гучна прамовіў: «У янруд і інвеп ыцйя цусян!» – і махнуў рарытэтнай іголкай так, што ледзь не скінуў манітор.
Нічога не здарылася. Шафа ля сцяны, мой пісьмовы стол ля акна, заціснуты ў кут камп'ютарны стол ды ложак – як стаялі, так і засталіся. Сярод усяго гэтага гарцаваў шчаслівы лабрадор.
Травень вытарашчыў вочы.
– Хто так робіць?!
– Што не так?
– Не ў той бок махаеш! Ды на адной назе трэба стаяць!
Я паслухмяна стаў на адну нагу і махнуў у другі бок.
– У янруд і інвеп ыцйя цусян!
Паветра ў пакоі нават не скалыхнулася.
– На правай трэба стаяць! На самыя дыбачкі станавіся! Дотык да зямлі павінен быць найменшы! Ды не расцягвай словы, губляеш сувязь у хвалевым ланцужку!
Правая нага на дыбачках таксама не дапамагла, як і хутчэйшы тэмп слоў.
– З меншай амплітудай, не рві ты хвалевы ланцужок! Менш размаху! З кім ты там біцца сабраўся?
Я ўжо пачаў нешта падазраваць, але тут мой госць з Ненарніі падняў палец і прыслухаўся.
– Чуеш? Ужо зазвінела!
– Што там звініць? – Колькі я ні прыслухоўваўся, нічога, акрамя гарадскога шуму за акном ды радасных падскокаў Лабрыка, не пачуў.
Тайназнавец задумаўся, паглядзеў на мяне.
– У цябе якая рука рабочая?
– Рабочая?.. Я праўша, калі ты пра гэта! Навошта?
– У вашых школах не вучаць, што ўсе магічныя словы ініцыююцца толькі лёгкай рукой? Рабочая рука занадта абцяжараная, каб актываваць ключ, а я бачу, што ты толькі…
– У нашых школах не вучаць гэтай дурасці! – перабіў я і кінуў бязглуздую іголку ў мастака-правадыра, які ўжо ледзь стрымліваўся.
– Ага, не вучаць, а вось верыць ва усялякую дурасць не адвучылі! – зарагатаў ён і паваліўся на ложак, хапаючыся за бокі.
Вялікае ў малым
Я стаяў пунсовы, сціскаючы кулакі.
І чым больш я чырванеў, тым мацней ён заліваўся нястрымным вясёлым смехам – чуваць было на тры паверхі ўніз. Маркіз не вытрымаў гэтага цырка на дроце, развярнуўся, падняў свой руды распушаны штандарт і з вялікім гонарам панёс яго з пакоя. Не месца ў адной кампаніі з дурнямі.
Каб гэта быў Колька, мы б ужо каталіся па падлозе, лупцуючы адзін аднаго.
Смех не здзеклівы, але ж усё-такі…
Я адвярнуўся, падышоў да акна і адчыніў яго насцеж. Прахалодны вецер уперамешку з аўтамабільным чадам уварваўся ў пакой, змываючы, нібы цунамі, усе травяныя водары.
Ззаду хутка сціхла. Скрыпнуў ложак. Травень ціха падышоў, мякка адсунуў мяне і асцярожна зачыніў акно.
Паклаў руку на плячо.
– Каб ты быў больш уважлівы, адразу б зразумеў, што са словамі не тое, – сказаў ён прымірана.
Я нахіліўся і патрапаў Лабрыка за шыю – гэты сябар даўно здаў мяне, чакаў працягу.
Мне ўжо не хацелася злавацца. Наадварот, я пачаў баяцца, што дзіўны госць можа знікнуць.
– І заўважыў бы, што не тое з самой іголкай.
Травень паднёс рарытэт да маіх вачэй.
Гэтым разам я быў больш асцярожны, хоць маіх здагадак ужо не чакалі. Ён павярнуў іголку гарызантальна – волас звіс долу. Другі канец не быў прасунуты праз вушка.
– Хітра ж ты яго прыклеіў, – буркнуў я, здзіўляючыся, як ён яшчэ не адляцеў ад маіх дырыжорскіх выкрутасаў.
Спадар фокуснік падняў руку вышэй – я выразна ўбачыў, што волас ні да чаго не прыклеены. Звісаў проста з сярэдзіны вочка, быццам левітаваў.
– Выдатны фокус, навучыш?
– Навучу, – пасміхнуўся ён, павярнуў іголку, стаў спінай да акна, склаў далонь люлькай і прыклаў адтулінай да дна. – Што бачыш?
Я прыгледзеўся.
Не адразу, пакуль вочы не прызвычаіліся да гусцейшага ценю, разглядзеў, што вушка свеціцца. Жоўтаватае прыемнае святло, быццам з зялёнай купіны на далонь зваліўся светлячок. Святло ішло з самай глыбіні вушка – пэўна, не фосфар.
– Хочаш паглядзець, што там? – падмігнуў іншасусветны хлопец.
– Дзе там?
– Там!
– Проста ў іголцы?
Я паспешліва перабраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, а там усяго было навалена: ад фантастыкі са старых кніг да бясконцых фільмаў пра супергерояў. Паменшаны на квантавым узроўні касмічны карабель? Ключ да тэлепорту на іншую планету? Што за тэхналогіі?
Мабыць, зноў дурыць мне галаву гэты абадранец… Калі агучу чарговую бязглуздую здагадку, дык апынуся ў яшчэ адным цыркавым нумары. Таму я асцярожна працягнуў:
– У нас не тыя памеры, каб уціснуцца.
– Памеры не маюць значэння.
– Вядзі, куды хочаш, толькі свае магічныя фокусы рабі сам!
– Толькі фізіка, ніякай магіі, – пасміхнуўся ён.
– Публіка з нецярпеннем чакае вашага выхаду.
– Як скажаш.
Травень шырокім рухам змёў з пісьмовага стала мае рэчы – кнігі, сшыткі, ручкі і навушнікі разам паляцелі на падлогу. Следам пакаціўся глобус, які і без таго нацярпеўся ад лабрадора. Грукнула і каробка з пазламі – вечка адскочыла, па ўсёй падлозе рассыпаліся кавалачкі ляснога доміка. Калі засталася толькі голая сталешніца, ён паклаў іголку непадалёк ад краю. Потым выцягнуў з кішэні сваіх залатаных штаноў заткнуты коркам шкляны, цёмна-матавы флакончык.
– Ведаеш, што гэта?
– Эліксір для памяншэння?
– З тымі эліксірамі год трэба памяншацца, ды і там ёсць крытычныя памеры.
Далей ён растлумачыў, што эліксіры памяншаюць толькі жывыя клеткі, а хімію з арганізма трэба паступова выводзіць. Калі хочаш за пяць хвілін – атрымаеш проста ў сабе смяртэльны канцэнтрат. Ад гіперкаліеміі ператворышся ў крышталь да таго, як дасягнеш дна шклянкі. Ці згарыш знутры праз шалёныя хімічныя рэакцыі. Выбірай, што падабаецца. Ды нават памерам з ката ты чалавекам наўрад ці застанешся: нейроны ў мозгу перастануць праводзіць імпульсы… хіба што ператворышся ў разумнага жука.
Вось табе і абадранец. Жывая энцыклапедыя!
– Ізалятар – больш хуткасны варыянт, – Травень асцярожна выцягнуў корак: з ніжняга боку быў укручаны медны дроцік, які выгінаўся ў кальцо на канцы. – Ненадзейны, але хуткі. Галоўнае, каб заставаўся стабільным, пакуль мы будзем там коўзацца. Праваднік у ім сфарміруе іншае вымярэнне.
Наступнае тлумачэнне праліло крыху больш святла:
– Малекулы, атамы – усё на сваіх месцах застанецца, без сціскання і ўсякай там халеры.
Галадранец-энцыклапедыст страсянуў флакончык, паглядзеў на прасвет, быццам нешта можна было разглядзець праз гэтае цьмяное шкло. Потым пачаў няспешна размешваць свой эліксір-ізалятар, раз-пораз выцягваў дроцік і, прыплюшчыўшы адно вока, пільна ўглядаўся ў празрыстую плёнку.
Я аніякай розніцы не бачыў.
Мабыць, у яго большы дыяпазон бачных хваль. Ці зноў што задумаў? Зараз будзе мыльныя бурбалкі за навуку выдаваць. З нецярпеннем чакаю наступнага нумара, добра, што хоць квіткі бясплатныя.
– Трымай свайго сябра, – скамандаваў Травень.
Ён адсунуўся ад акна, каб было больш прасторы, і пачаў надзімаць вялізную бурбалку.
З меднага кальца павольна палезла празрыстая сфера з металічным бляскам. Звычайныя мыльныя бурбалкі пераліваюцца ўсімі колерамі, калыхаюцца, як жывыя, радуюць вока, а гэтая куля застыла нерухома, толькі ледзь трымцела, быццам вібравала ад нейкіх працэсаў знутры. Вось яна памерам з мой глобус, вось з футбольны мячык, а вось ужо большая за метр… Лабрадор кінуўся быў праверыць гэтае дзіва ўласным носам – я ўчапіўся ў яго абедзвюма рукамі. Абалонка, адліваючы халодным бляскам, усё расла і расла, запаўняла пакой. Я чакаў, што зараз лопне, натыкнуўшыся на востры кут, але сфера толькі ляніва абцякала перашкоды.
– Станавіся побач, пад полюс! Хутчэй, перыяд стабілізацыі кароткі!
Я і падумаць не паспеў, як нецярпялівы Лабрык падцягнуў мяне да кулі. У Калумбаву эпоху з ім, мабыць, наадкрывалі б куды больш зямель.
Травень разамкнуў кальцо і сунуў пальцы ўнутр, не даючы сферы сцягнуцца – відаць, гэта і быў полюс. Зубамі скруціў дроцік у кальцо, заткнуў флакон і схаваў у кішэню. Далей гэты брамнік асцярожна пашырыў адтуліну, на ўвесь размах рук – і накінуў сферу-ізалятар на нас разам з рэтрыверам. Засталося толькі вышэй падняць ногі і зрабіць крок, каб цалкам апынуцца ўнутры. Калі адтуліна-полюс замкнулася – металічны бляск знік, быццам нічога і не было.
– А цяпер бярыся за праваднік! Не марудзь!
– За які яшчэ праваднік? Дзе ён?!
– Ды вось, – Травень ухапіўся за той самы волас, што выходзіў толькі з аднаго боку вушка.
Я паспяшаўся ўзяцца за волас-праваднік, зусім забыўшыся, што рызыкую зноў наступіць на тыя ж граблі. Лабрыку таксама не цярпелася паўдзельнічаць – нават намагаўся залезці на стол. Я абхапіў яго за шыю і прыціснуў да сябе.
Нічога не змянілася.
– Толькі не адпускай! – папярэдзіў Травень. – Патрэбна хвіліна, каб праваднік прасканаваў, што памяншаць. Калі выявіць, што ізалятар замкнёны, паменшыць і кісларод, інакш нашы лёгкія згараць.
Прайшла хвіліна, нічога не змянялася. Я ўжо хацеў выдаць гнеўную тыраду, але столь, сцены, вокны раптам падаліся ў бакі. Стол ірвануў уверх так, што трэснуў па падбародку, мае зубы гучна клацнулі, ледзь не прыкусілі язык. Ад нечаканасці я выпусціў праваднік і разгублена агледзеўся. Пакой значна пашырэў. Шафа вырасла, схаваўшы на верхавіне стары куфэрак. Ложак цяпер мог лёгка змясціць двух ці трох Стасікаў. Стол, на які я толькі што абапіраўся локцямі, падняўся вышэй за галаву.
Мільганулі босыя пяты – учапіўшыся за край, Травень спрытна забраўся на стол. Крыкнуў зверху:
– Руку давай!
Побач круціўся Лабрык – брахаў і таксама ірваўся наверх, толькі ўжо не змог сам заскочыць, як раней, бо адкаціўся да памераў Маркіза. Два гады таму мы яго вось такім шчанюком узялі да сябе. Я хуценька падсадзіў рэтрывера, а потым падаў руку – Травень адным махам узвалок мяне да сябе.
– Хутчэй, хутчэй, рухаешся, як мокрае гарыць!
Травень прыціснуў да сябе нястрымнага лабрадора. Мы прыселі і зноў схапіліся за праваднік.
І сусвет вакол нас замільгацеў.
Столь, сцены разам з шырачэзным акном панясліся ад нас, усё далей і далей, перарастаючы ў ангар неімаверных памераў. Падлога правалілася кудысьці ў бяздонную прорву. Шафа ўзнялася магутнай скеляй, на якой замест гарызантальных пластоў горнай пароды вертыкальна выгіналіся залакіраваныя валокны драўніны. Налепкі трансформераў на баку гэтай кручы быццам ажылі: мініяцюрныя відарысы абярнуліся злавеснымі веліканамі – яны зверху грозна сачылі за намі. Кактус на акне вымахаў да памераў баабаба, ашчэрыўшыся біўнямі калючак.
Толькі і паспевалі рабіць крокі насустрач адзін аднаму: нібы нябачная рука імкнулася расцягнуць нас далей.
Мы хутка апынуліся на шырокім драўляным полі, на якім цалкам змясціўся б наш школьны стадыён.
Калі мы зменшылі да мышыных памераў, то падхапіліся і пабеглі. Нявінныя драпіны і англійскія літары, калісьці старанна выразаныя мной, ператварыліся ў глыбокія разоры і канавы. Пераскокваючы цераз тытанічныя "STAS" і іншыя выявы мастацтва, я шчыра жадаў згарэць сінім полымем таму складанчыку, які нагаспадырыў тут.
Танюсенькі валасок перарос у матузок, потым у вяроўку, а пасля – у тоўсты марскі канат, якім швартуюць караблі. Гэта быў зусім не біялагічны волас. І не нітка з бавоўны ці поўсці. Тонкая металічная сетка, туга скручаная ў безліч слаёў. Лёгкая, як папера, яна не адцяжвала рукі. У дробных ячэйках праскоквалі сінія іскоркі, якія адчувальна калолі пальцы.
Кожны крок даваўся ўсё цяжэй і цяжэй. Мы быццам апынуліся на дне глыбокага басейна: намагаешся ісці хутчэй, а ногі ледзь перастаўляюцца.
Зялёнавалосы правадыр аглянуўся на мяне.
– Паветра звонку вязкае, вось і прабіваемся скрозь яго!
Чаму ж было не стаць бліжэй?
У той час я не разумеў: калі б разамкнуўся ізалятар – задыхнуліся б імгненна.
І добра, што не разумеў.
У нейкі момант мы выпусцілі канат – пашырэнне сусвету вакол нас спынілася. Травень быў куды дужэйшы, схапіўшы мяне за руку, літаральна валок за сабой скрозь нябачнае жэле. Лабрыку хапала чатырох лап – бег наперадзе.
Мы дабраліся да сталёвай калоны, якая ляжала на баку і адсвечвала халодным бляскам. На адпаліраванай паверхні адлюстроўваліся нашы постаці – скажоныя, быццам у пакоі крывых люстэркаў. У больш шырокай, пазалочанай верхавіне гэтай калоны зіяў вузкі, груба прабіты ў метале прарэз. Другі канец высокатэхналагічнага каната вёў у гэты лаз.
Травень не даў мне пакруціць галавой.
– Не стой! За мной!
І першы нырнуў у лаз. Следам праціснуўся Лабрык.
Мезасвет
Я зазірнуў у праём.
З другога боку адкрывалася іншая прастора – ружовае поле, мяккая паўцемра. Дыхнула духатой.
Што там? Звалюся ў трусіную нару, дзе назаўсёды згублю свае сапраўдныя памеры? Не здзіўлюся, калі Льюіс Кэрал ведаў нешта большае…
З'явілася зялёная купіна і занепакоены твар.
– Ты што там корпаешся? Хочаш застацца?
Я рашуча палез следам.
Лаз быў вузкі, шырынёй з локаць. Травень дык праслізнуў вужом, відаць, меў досвед пераадолення незразумелых парталаў, а я лез, як мядзведзь у барсучую нару – ледзь уціснуўся. Учапіўся рукамі за няроўны край і намагаўся праштурхнуць сваё добра адгадаванае цела. Я не з таўстуноў, але зараз недзе здзекліва пасмейваліся ўсе мае пірожныя. У вушцы праваднік чамусьці не працаваў: як ні прыціскаўся да яго плячом, нічога, здавалася, ён робіць толькі наадварот.
Няўжо праваднік рэагаваў толькі на Траўня? Цікава, калі пачнецца аднаўленне нашых памераў? Што будзе, калі прама зараз? Тады што, кожнаму сусвету дастанецца па палове Стасіка? А як там ізалятар? Чакае, пакуль я пралезу ці ўжо цалкам на тым баку?
Мяне ахапіў прыступ клаўстрафобіі: металічныя масы раптам пачалі ціснуць з усіх бакоў, і гэта не абяцала нічога добрага…
Я штосілы ірвануў наперад. З таго боку Травень схапіў мяне пад пахі, упёрся нагамі і вырваў, нібы палена з дрывотніка. Паваліўся разам са мной на дол.
Пафасны крок у невядомы свет быў безнадзейна пахаваны.
Замест таго, каб прамовіць нешта гістарычнае, накшталт Ніла Армстранга, я вымушаны быў падцягваць ссунутыя штаны. Гістарычных слоў хапала, і даволі яскравых, але наўрад ці для вялікіх цытат.
Толькі потым я дазволіў сабе агледзецца.
Неімаверны ангар змяніўся іншым, яшчэ большым – адна сцяна адсунулася недзе за кіламетр і танула ў залацістай смузе. Замест звыклых сцен ад падлогі да столі падымаліся жоўтыя вежы-хмарачосы. Яны адсвечвалі васковым бляскам і былі раўнамерна падзеленыя вузламі-каленамі на ярусы. Кожны з ярусаў перавышаў памеры дзесяціпавярховага дома. Столь выгнулася і ўзнялася конусам, дзе пад самым верхам хавалася мяккая паўцемра. На недасяжнай вышыні вырысоўвалася перапляценне складаных канструкцый, якія рабрыстымі веерамі спускаліся да сцен.
Праз шырокія прасветы паміж вежамі лілося сонечнае святло, якое стварала глыбокае бурштынавае ззянне.
Мы знаходзіліся на неабсяжнай круглай плошчы памерам з Цяньаньмэнь. Светлую каменную раўніну паўсюль пакрывалі ружовыя разводы і пранізвалі цёмныя жылы. Пасярод яе зяяла шырачэзнае жарало шахты – праз яго са свістам праляцеў бы «Боінг», не зачапіўшы крыламі сцен.
Непадалёку ад нас высілася прыземістая масіўная вежа з шырокай асновай і грыбападобным дахам. Да яе ад сталёвай калоны вёў канат-праваднік: абвіваючы вежу акуратнымі, шчыльна ўкладзенымі віткамі, ён забіраўся амаль пад самы дах.
На супрацьлеглым краі плошчы ўзгрувасціўся выцягнуты пагорак: ягоныя зялёныя, быццам абцягнутыя скурай круглыя бакі плаўна пераходзілі ў вузкае падножжа. Ён толькі цудам трымаўся на невялікай апоры. У вертыкальна зрэзаным схіле віднеліся пласты шчыльна пераплеценых карычневых канатаў. У зрэзе белым мармурам адкрывалася глыбокая пячора. Пагорак нагадваў аэрастат братоў Мангальф'е, які прылёг адпачыць, ды так і не здуўся.
Сям-там валяліся порыстыя брудна-шэрыя глыбы. Многія з іх былі ахутаныя белымі накідкамі з лёгкага шоўку, а некаторыя і зусім патанулі ў чорным гушчары іншапланетных джунгляў. Расліны падымаліся высока над галавой на тонкіх шнурах-гіфах – на верхавінах калыхаліся чорныя галоўкі памерам з буйнае яблыка. Ад гэтых фантастычных зараснікаў ішоў цяжкі, задушлівы, сыры водар зямлі і гніення.
Побач з намі разлілося цэлае возера чагосьці густога і ліпкага, ад яго моцна цягнула чымсьці кіслым, даўно забрадзілым, быццам узарваўся алкагольны завод. Далей па беразе віднеліся танканогія рудыя карчы, якія зліваліся з сонечным святлом і ружовай паверхняй раўніны.
Значна пагарачэла. Паветра стала вільготным, навалілася парнота.
І моцны вецер – урываўся жорсткімі шкваламі паміж каленчатымі вежамі-хмарачосамі, так што валіў з ног.
Майму праводцу не падабалася гэтае кіслае возера.
– Ідзём, тут лепш не свяціцца, – пацягнуў ён мяне.
Мы зноў прарываліся скрозь жэле, навальваліся ўсімі сіламі на нябачную сцяну. Да кожнай нагі быццам прывязалі па мяху з пяском. Пот з нас каціўся градам, кашулі прамоклі наскрозь, нібы ў парыльні.
Нават энергічны Лабрык і той сцішыў імпэт.
На шчасце, цяжкі вецер налягаў са спіны, ціснуў, падганяў, а то і зусім падхопліваў ды валачыў, як перакаці-поле. Далей ад небяспечнага месца, калі наогул тут можна было штосьці лічыць бяспечным.
Праходзячы паўз смярдзючыя зараснікі, я са злосцю штурхнуў красоўкай танюсенькую, з мой мізінец, ножку невядомай расліны. Гіф лёгка падаўся, як гумавы, – і зверху дажджом пасыпаліся чорныя крупінкі. Я адскочыў, уцягнуўшы галаву. Не хапала, каб споры прараслі проста на мне.
І ў гэты момант з процілеглага боку гушчара проста на нас выскачыла пачвара. Ростам з нашага Лабрыка, але выглядала так, нібы саскочыла з экранаў трэцясортнага хорару. Непамерна вялікая галава, масіўныя сківіцы і талеркі фасетачных вачэй. Выцягнутае тулава-грудзі, ад якіх адыходзілі тры пары доўгіх, пакрытых белымі валаскамі ног. Да грудзей з дапамогай двухчленістай шыйкі прымацоўвалася сегментаванае брушка. Пачвара была рудай, у паўпразрыстым панцыры, на якім дзе-нідзе тырчэлі тоўстыя белыя валасіны.
Стварэнне рэзка спынілася за метр ад нас. Замерла і выгнула брушка наперад. Доўгія вусікі-антэнкі жыва рухаліся – спачатку яно дакранулася імі да Траўня, а потым да мяне.
На мне заварушыліся валасы.
– Спакойна, не хвалюйся, – аднекуль здалёк данёсся знаёмы голас. – Ён адзін не нападзе.
Мог бы і не гаварыць. Я і без таго скамянеў. Не мог адарваць вачэй ад гэтага жахлівага цуду прыроды. Затое Лабрык заліўся брэхам, раптам адчуўшы патрэбу здавацца карысным. Праўда, дыстанцыю трымаў.
Лапы істоты нагадвалі прамысловыя маніпулятары – яны складаліся з рухомых сегментаў і шарніраў. Кожная лапа перабывала ў няспынным руху, быццам жыла сваім жыццём. Асабліва моташна было глядзець на самы ніжні членік: ён складаўся з мікрасегментаў, і кожны з іх рухаўся сам па сабе! Вось пад яго трапіў камень, а жывы маніпулятар самастойна абхапіў камянюку па ўсіх выгібах, абмацаў і, нібы прыйшоўшы да нейкай высновы, мякка саслізнуў долу.
Калі б я цікавіўся энтамалогіяй, меў бы болей гераічны выгляд. Цяпер стаяў слупом, чакаючы, што са мною зробяць: паабедаюць ці адпусцяць? Падсвядома разумеў, што супраць гэтых шасці лап аніякіх шанцаў. Нават вогнестрэл не дапаможа: кулі, хутчэй за ўсё, проста расплюшчацца аб гэты хіцінавы панцыр.
– Сыдзі з дарогі, – пачуў я каманду. – Мы стаім на яго ферамонавай сцежцы. Толькі не бяжы!
Гэта я з радасцю. Нават не два-тры крокі, а цэлых дзесяць убок.
На шчасце, не давялося адцягваць раз'юшанага рэтрывера: той верна вырашыў, што адзін у полі не ваяр і адступіў.
Паварушыўшы яшчэ вусікамі, стварэнне выгнула брушка назад і ўгору і пабегла далей, агінаючы брадзільнае возера. Я ўжо здагадваўся, што гэта за рудыя карчы на тым баку.
– А цяпер спадзявайся, што не прывядзе сваіх, – з усмешкай пацвердзіў маю здагадку Травень.
– Вядома, паспрабуй тут не спадзявацца, – выдавіў я, азіраючыся.
Мы рушылі далей, адхіляючыся ад ферамонавага шляху мясцовых монстраў.
Я не разумеў, як працуе ізалятар: унутры гэтай неразрознай сферы можаш спакойна дыхаць, рухаць рукамі, нагамі – пачуваешся нармальна. Але як толькі спрабуеш пайсці – адразу ўпіраешся ў пругкую сцяну. Відавочна, мы не пад сілавым полем, інакш мой правадыр нікуды б не спяшаўся. Сядзелі б спакойна, пакуль не вернемся да звыклага росту. За нябачным бар'ерам дзейнічала рэальная фізіка.
– Дзіўны твой ізалятар, – падаў я голас. – Без яго лёгкія згараць, як ты кажаш, а вось пракусіць можна! Чаму гэты монстр не зменшыўся? Сунуў свае вусы да нас – і нічога!
– Змяншае не ізалятар, а праваднік, – паправіў Травень. – Ізалятар – гэта вымярэнне, у якое нас змясціў праваднік. Другое вымярэнне з той жа самай фізікай, што і звонку.
– Ведаеш, мне больш спадабалася б нейкае сілавое поле.
– Ага, і бластар табе яшчэ падавай.
– Абышоўся б і без бластара, каб не гэтыя сустрэчы.
– Ну, ёсць ізалятары, у якіх абалонка як сілавое поле… Паветра не прапускаюць, у кішэню не пакладзеш – нашто яно мне? Ледзь гэты выдурыў у дзеда Кірмаша.
– У галаве не ўкладваецца!
– Што не ўкладваецца? Дзед Кірмаш табе і не такое загоніць!
– Ды не твой дзед, – перабіў я. – Калі мы ідзём, вымярэнне рухаецца разам з намі?
– Рухаецца. Праваднік прывязаў яго цэнтр да нас.
– Гэта я ўжо зразумеў, што прывязаў, – насамрэч я толькі здагадваўся пра гэта. – Паветра ён да нас прапускае?
– Фільтруе. Праваднік задае ізалятару неабходную мембрану для трансфармацыі малекул паветра.
Мне б яшчэ зразумець.
– Значыць, паветра ён фільтруе, а монстра – не?
– Яго не.
– Ведаеш, я добра памятаю, як ён мяне паказытаў сваімі антэнамі!
– Ну што тут незразумела? – Травень развёў рукамі. – Гэта як прасунуць палец у паветраны шарык: ён прагінаецца, ты адчуваеш ціск, а ўнутры ніяк не апынешся. Можна і адшчыкнуць праз гэтую гуму кавалак цела – толькі ён табе ўсё адно не дастанецца, пакуль не разарвеш абалонку. Ізалятар эластычны, ён як квантавая тканіна, толькі… Табе што, усе формулы выкласці?
Я зрабіў выгляд, што мне і без іх усё зразумела. Не хапала яшчэ!
Думаю, гэты старшы навуковы кансультант сам не ведаў тых формул, але і я вырашыў не рызыкаваць. Выйшла як у Шэкспіра: «Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім – акцёры». Можна было не сумнявацца, што па бясконцым каменным полі шпацыравалі двое таленавітых акцёраў. Адзін ведаў усё, а другі разумеў з паўслова. Галоўнае – самому верыць у тое, што граеш, як раіў Станіслаўскі.
Я азірнуўся на возера: здаецца, тыя рудыя карчы прыкметна заварушыліся.
– Глянь, мабыць, яны ўжо за намі?!
– Ты пра каго? – Мой правадыр таксама азірнуўся. – А, ты пра мурашоў, ды можаш не хвалявацца: пакуль гэтую лужыну не выжруць, мы ім нецікавыя.
– Ведаеш, у тропіках ёсць такія мурашы, якія на сваім шляху знішчаюць усё! Нічога жывога не застаецца! Ідуць цэлымі калоніямі!
– Калі ты зараз такога сустрэнеш – лічы, табе пашчасціла. Адразу напалам перакусіць. У яго сківіцы, як… – Травень на момант задумаўся, вылічваючы нешта ў галаве. – Памерам з цябе! Хіцінавыя панцыры трошчаць, як арэхі, смерць імгненная. Нават маргнуць не паспееш.
– А з кім жа тады не пашчасціць?
– Напрыклад, з павуком, ён вунь там жыве. – Травень махнуў кудысьці ў далёкі канец кіламетровага ангара. – Яго не чапаю, каб мухі менш заядалі. Ён спачатку паралізуе цябе ядам, а потым упырсне страўнікавы сок, і будзеш паціху пераварвацца. Ці восы – ёсць у нас такія красуні. Адкладваюць лічынкі ў нешта жывое, але не забіваюць, каб не сапсавалася. Потым іхнім дзеткам будзе выдатная сталоўка.
– Вось ты знойдзеш чым супакоіць!
– Калі ласка, звяртайся яшчэ.
– А яшчэ каго нам баяцца? – мяне чамусьці так і цягнула глыбей занурыцца ў гэты фільм жахаў, які стаў рэальнасцю. Замест таго каб адгарадзіцца.
– Яго! – Травень ткнуў пальцам уверх.
Я задраў галаву. Вочы ўжо прызвычаіліся да паўзмроку, абрысы і дэталі пад купалам сталі выразнейшымі.
Не адразу, але разгледзеў.
Унутры ўсё пахаладзела, ногі падкасіліся.
На тытанічнай бэльцы ўладкаваўся сапраўдны цмок! Ну, не зусім цмок, бо без крылаў… Не ведаю, як гэта перадаць. Згадаўся «Свет юрскага перыяду». Дакладней, брахіязаўры, дыпладокі. Людзі побач з гэтымі гігантамі здаваліся мышамі, бо той жа дыпладок даўжынёй метраў з трыццаць. Дык вось, адзін з іх здолеў узлезці пад столь – учапіўся ўсімі чатырма лапамі за бэльку і павіс спіной уніз. Толькі ў адрозненне ад кіношнага, гэты дыназаўр быў прыгажэйшы: бэжавы, з россыпам цёмных плям, як у леапарда. Па баках галавы гарэлі жоўтым дзве латунёвыя паўсферы.